“Мы, народ Рэспублікі Беларусь…” З такіх слоў пачынаецца Асноўны Закон нашай краіны. Паводле яго адзіная крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь ёсць народ.
За чвэрць стагоддзя, якая мінула з гістарычнага дня 15 сакавіка 1994-га, калі Вярхоўны Савет ХІІ склікання прыняў галоўны закон краіны, Беларусь прайшла няпросты шлях развіцця дзяржаўнасці. Сёння Канстытуцыя дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў.
Ужо першы яе артыкул падкрэслівае: Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. За кожным гэтым словам стаіць вялікі сэнс.
Паводле Канстытуцыі, чалавек ёсць найвышэйшая каштоўнасць грамадства і дзяржавы. Ён павінен мець непарушнымі свае натуральныя правы, правы на працу ды адпачынак.
Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. У межах сваіх паўнамоцтваў дзяржаўныя органы самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.
Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак.
У беларускай Канстытуцыі прызнаецца прыярытэт агульнанацыянальных прынцыпаў міжнароднага права, не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі. Асноўны Закон мае вышэйшую юрыдычную сілу на тэрыторыі Беларусі: законы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

 

Popularity: 1%

Top