Сваякі Высоцкага загінулі ў Жабінцы

Сваякі Высоцкага загінулі ў Жабінцы

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Жабінка даваеннай пары — невялічкае мястэчка паблізу чыгункі. Большасць яе насельнікаў складалі яўрэі, што пачалі сяліцца паблізу станцыі адразу пасля яе ўзнікнення. Дзесяцігоддзямі яны мірна жылі, гандлявалі, займаліся рамяством і камерцыяй. Усё змянілася, калі выбухнула вайна, якая паставіла крыж на лёсах соцень жабінкаўскіх іудзеяў.
НА ЖАБІНКАЎШЧЫНЕ ДАСЮЛЬ існуюць памяткі Халакосту ў Пятровічах і Хадасах, дзе карнікі масава знішчалі савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Аднак найбольш вялікая трагедыя адбылася восенню сорак другога ў самым мястэчку. Дакладную лічбу забітых за даўніной часу высветліць цяпер ужо немагчыма. Яшчэ восенню 1941 года ў Жабінцы, у раёне сучаснай вуліцы Камуністычнай, дзе напрыканцы ХІХ стагоддзя ўзнік яўрэйскі завулак, акупанты арганізавалі гета, абнесенае калючым дротам. Праз год жыхары гета былі бязлітасна знішчаны.
Адразу пасля вызвалення сваю працу распачала спецыяльная камісія, што фіксавала злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Жабінкаўскім раёне. У самым пачатку 1945-га яна высветліла наступныя падрабязнасці.
27 верасня 1942 года нібыта дзеля рэгістрацыі грамадзян акупанты сагналі ў жандармерыю некалькі соцень чалавек. Затым іх павялі на расстрэл. Яма была выкапана загадзя ў 300 метрах ад канторы “Загатзерне” (сённяшні камбікормавы завод). Як засведчылі перад камісіяй жабінкавец Барыс Дзмітрук і жыхар вёскі Баляўшчына Лявонцій Якубук, крыкі і плач жанчын і дзяцей раздзіралі душу. Каты прыкладамі падганялі да яміны па тры-чатыры чалавекі, забівалі з аўтаматаў і пісталетаў. Пасля першых ахвяр ішлі наступныя. Увесь гэты жах цягнуўся каля трох гадзін.
У ліку загінулых былі Ісаак ДУКСІН, яго жонка Малка (Марыя, Маня) Шліомаўна ДУКСІНА (1890–1942) і трое іх сыноў. Выратавалася толькі дачка Суламія (Суламіфь), якая перад вайной аказалася ў Мінску.
Жонка Ісаака знаходзілася ў сваяцкіх адносінах да знакамітага акцёра і музыканта Уладзіміра Высоцкага, які так шмат сваіх вершаў і песень прысвяціў падзеям мінулай вайны. Паколькі ў дзявоцтве Марыя Дуксіна звалася Высоцкай і была роднай сястрой Вольфа Высоцкага — дзеда вядомага барда.
Такім чынам, Суламія Ісаакаўна (тая, што выпадкова ўраталася ад расстрэлу) даводзілася цёткай Уладзіміру Сямёнавічу. Яна пражыла доўгае жыццё (памерла ў Ізраілі) і клапрацілася, каб не згасла памяць пра трагічны лёс сваёй сям’і.
Улетку 1991 года ў Жабінку з абласнога Чырвонага Крыжа быў перада-дзены яе ліст. Між іншым, жанчына пісала: “Мястэчка Жабінка — гэта мая радзіма. Тут я расла, вучылася. Тут жылі мае бацькі, браты, дзядуля, дзядзькі, цёці, мае стрыечныя браты і сёстры. Мой бацька — Дуксін Ісаак Маісеевіч. Маці — Дуксіна Маня Саламонаўна, браты — Абраам, Веніямін і Ісраел жылі ў Жабінцы па вуліцы Кірава, 9 (да чэрвеня 1941 г.)… Малю вас, даведайцеся, калі ласка, у старажылаў, як загінула ўсё яўрэйскае насельніцтва Жабінкі, дзе іх забілі альбо куды вывезлі. Усё сваё жыццё я працавала ў таварыстве Чырвонага Крыжа. 40 год была старшынёй пярвічнай арганізацыі, донарам, маю ўзнагароды і заахвочванні, і ведаю, што работнікамі Чырвонага Крыжа рухае адчуванне гуманнасці і чалавечнасці. Зрабіце ж боскую літасць, адкажыце на мой ліст”.
На жаль, на той час у Жабінцы нічога не ведалі пра лёс Дуксіных. Толькі праз дзесяцігоддзі гісторыя расставіла ўсё на свае месцы.

Popularity: 1%

Top