Сюрпрыз-віншаванне для мілых жанчын

Сюрпрыз-віншаванне для мілых жанчын

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Незвычайна павіншавалі жанчын са святам 8 Сакавіка супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС. У святочны рэйд выйшлі на вуліцу Кірава намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Яўген Самускевіч і інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ Антон Юзвік. Па ўказцы жэзла жанчыны-вадзіцелі паслухмяна прыпаркоўвалі свае аўтамабілі, паказвалі дакументы і нічога нават не падазравалі аб сюрпрызе-віншаванні. Калі ж інспектар ДПС прасіў выйсці з машыны, разгублена здзіўляліся: нічога ж не парушалі. У такі момант сітуацыю выпраўляў Яўген Уладзіміравіч, які выходзіў насустрач з цюльпанамі і прамаўляў словы-віншаванні з надыходзячым святам. У прыгожых “парушальніц” лагаднелі вочы, ружавелі шчокі і на твары з’яўлялася ўсмешка. Вось дык сюрпрыз!
У той дзень кветкі і віншаванні ад супрацоўнікаў РАУС атрымалі індывідуальны прадпрымальнік Жанна Каменева, настаўніца першай гарадской школы Інга Лазоўская, шматдзетная мама Вольга Будзяркевіч, былы работнік райвыканкама Ніна Андрайчук (на здымку) і іншыя прадстаўніцы прыгожай паловы Жабінкаўшчыны.
Не засталіся без падарункаў і малыя пасажыры, якія, як і належыць, ехалі з мамамі ў аўтамабілі ў дзіцячым утрымліваючым крэсле. Ім на памяць аб такой незвычайнай сустрэчы засталіся флікеры.
— Са святам! Будзьце ўважлівымі на дарогах, беражыце сябе і сваіх блізкіх! — такімі словамі развітваліся з жанчынамі супрацоўнікі ў форме.

Popularity: 1%

Top