Дырэктывы аб развіцці сельскай гаспадаркі, будгаліны і ЖКГ

Дырэктывы аб развіцці сельскай гаспадаркі, будгаліны і ЖКГ

Лукашэнка падпісаў Дырэктыву «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны».

У дакуменце выкладзены рашэнні, прынятыя 3 красавіка 2018 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы ў час мерапрыемства задачы, мэты далейшага развіцця аграрнай галіны і механізмы іх рэалізацыі.

Асноўныя палажэнні Дырэктывы, выкананне якіх дасць магчымасць дасягнуць пастаўленых мэт, датычацца забеспячэння ўстойлівага развіцця і функцыянавання аграпрамысловага комплексу, правядзення канкурэнтнай эканамічнай палітыкі для дасягнення эфектыўнага функцыянавання рынку сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, забеспячэння ўстойлівага развіцця тэрыторыі сельскай мясцовасці, занятасці сельскага насельніцтва і павышэння ўзроўню яго жыцця.

Палажэнні дакумента таксама накіраваны на ўзмацненне залежнасці ацэнкі работы кадраў ад стану вытворчай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для сельскагаспадарчай вытворчасці.

Пры выкананні ўстаноўленых Дырэктывай заданняў да канца 2020 года аб’ёмы вытворчасці малака ў краіне павінны дасягнуць 9 млн т у год, прадукцыі гадоўлі жывёлы і птушкі — 1,8 млн т. Павінен быць забяспечаны рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы на 40 працэнтаў і ўзровень заработнай платы ў галіне не ніжэйшы за ўзровень, што складваецца ў сярэднім у эканоміцы.

Рост зарплаты і аб’ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі, падрыхтоўка кадраў — як у Беларусі будзе развівацца аграрная галіна

Рост аб’ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі і ўзроўню заработнай платы, падрыхтоўка кадраў стануць прыярытэтамі развіцця аграрнай галіны. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ала Ламакіна, каменціруючы Дырэктыву №6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны».

«Дырэктыва — гэта канцэптуальны дакумент, які вызначае стратэгію развіцця аграпрамысловага комплексу на бліжэйшую перспектыву. У ёй замацаваны ўжо дасягнутыя АПК вынікі. Сёння мы прымаем як належнае адсутнасць праблем з прадуктамі харчавання, шырокі асартымент тавараў у магазінах, нікога не здзіўляе ўзрастаючы экспарт. Харчовая бяспека ў нас забяспечана з 2010 года, а па выніках 2018-га мы паставілі сваю прадукцыю ў 95 краін на суму больш як $5 млрд. Дырэктыва вызначыла асноўныя напрамкі далейшага ўстойлівага развіцця аграрнай вытворчасці і перш за ўсё сельскіх тэрыторый, таму што гэта аснова сацыяльнай стабільнасці грамадства, аснова даходаў сельскага насельніцтва», — сказала Ала Ламакіна.

У якасці аднаго з напрамкаў развіцця аграрнай галіны Дырэктывай нумар 6 замацавана дасягненне эканамічна мэтазгодных аб’ёмаў вытворчасці. Яны вызначаны зыходзячы з прыроднага патэнцыялу, вытворчых магутнасцей і тэхналагічных рэзерваў. Пры выкананні ўстаноўленых Дырэктывай заданняў да канца 2020 года аб’ёмы вытворчасці малака ў краіне павінны дасягнуць 9 млн т у год, прадукцыі жывёла- і птушкагадоўлі — 1,8 млн т.

Таксама павінен быць забяспечаны рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы на 40 працэнтаў. «Для вырашэння ўсіх стратэгічных задач неабходна развіццё кадравага патэнцыялу. Таму падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў для аграрнай галіны з’яўляецца адным з ключавых напрамкаў, вызначаных Дырэктывай», — адзначыла намеснік міністра.

Узровень заработнай платы ў галіне да канца 2020 года павінен быць забяспечаны не ніжэйшы за ўзровень, што складваецца ў сярэднім у эканоміцы. «Будзе падрыхтаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы. Пытанне заработнай платы, безумоўна, вянец усяму. Задача па забеспячэнні росту заработнай платы стаіць, будзем яе выконваць», — дадала Ала Ламакіна.

«Дырэктыва вызначыла мэтавыя задачы для кіраўнікоў усіх узроўняў кіравання, пачынаючы ад урада і завяршаючы кіраўнікамі сельгасарганізацый і працоўнымі калектывамі», — падкрэсліла намеснік міністра.

 Пра кошт жылля, гарады-спадарожнікі і кадры — падпісана Дырэктыва аб развіцці будгаліны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №8 «Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны», у якой выкладзены рашэнні, прынятыя 23 лістапада 2018 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе.

У дакуменце таксама змешчаны пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы па ўстараненні існуючых у галіне праблем і павышэнні яе эфектыўнасці. Яны датычацца выканання нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў, у тым ліку жылых дамоў, падтрымання сярэдняга кошту квадратнага метра жылля, што будуецца з дзяржпадтрымкай, у памеры, які не перавышае сярэднямесячную заработную плату, зніжэння да аднаго года тэрміну накіравання шматдзетных сем’яў на будаўніцтва жылля.

Рашэнні, выкладзеныя ў Дырэктыве, будуць садзейнічаць развіццю гарадоў-спадарожнікаў, павелічэнню аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля, комплекснаму развіццю тэрыторый населеных пунктаў, павышэнню якасці і скарачэнню тэрмінаў падрыхтоўкі праектнай дакументацыі, устойліваму развіццю і росту эфектыўнасці арганізацый будаўнічага комплексу, павышэнню іх канкурэнтаздольнасці на ўнутраным і знешніх рынках.

Дакумент таксама накіраваны на павышэнне ўзроўню вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і плацежнай дысцыпліны ў будаўнічай галіне, скарачэнне колькасці адміністрацыйных працэдур і спрашчэнне парадку іх ажыццяўлення на ўсіх этапах будаўніцтва, укараненне інфармацыйных тэхналогій у праектаванні і будаўніцтве, стварэнне эканамічных і сацыяльных умоў для захавання кадравага патэнцыялу галіны.

Сістэмная рэалізацыя прынятых рашэнняў дасць магчымасць будаўнічай галіне выйсці на якасна новы ўзровень развіцця, забяспечыць патрэбнасці нацыянальнай эканомікі ў высокаэфектыўнай будаўнічай прадукцыі і насельніцтва якасным і даступным жыллём. Будуць скарочаны тэрміны і кошт будаўніцтва, зніжана матэрыяла- і энергаёмістасць, павышаны якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, а таксама нарошчаны экспартны патэнцыял.

Будаўнічая галіна Беларусі будзе развівацца ў напрамку лічбавізацыі і павышэння інвестпрывабнасці — Мінбудархітэктуры

Павышэнне эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, забеспячэнне сацыяльных гарантый і комплекснасці развіцця тэрыторый, лічбавізацыя стануць асноўнымі прынцыпамі развіцця будаўнічай галіны. Аб гэтым паведаміў  начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Арцём Юшкевіч, каменціруючы Дырэктыву «Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны».

Дырэктыва будзе вызначаць асноўныя напрамкі, тэндэнцыі, перспектывы развіцця будаўнічай галіны ў Беларусі. «Гэты дакумент грунтуецца на пяці базавых прынцыпах. Першы — інвестыцыйная прывабнасць будаўнічай дзейнасці, сацыяльныя гарантыі, якія мы прадастаўляем насельніцтву. Другі — комплекснасць развіцця тэрыторый і рацыянальнасць іх выкарыстання, трэці — эфектыўнасць работы прадпрыемстваў будаўнічай галіны. Гэта падрадныя, праектныя, інжынерныя арганізацыі і арганізацыі, якія займаюцца выпускам прамысловых матэрыялаў. Чацвёрты прынцып — лічбавізацыя, пяты — інавацыйнае развіццё кадравага патэнцыялу», — сказаў Арцём Юшкевіч.

Для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці будуць адпрацоўвацца пытанні будаўніцтва інфраструктуры апераджальнымі тэмпамі, удасканалення адміністрацыйных працэдур і тэхнічных нарматыўных прававых актаў. «У гэтым нам дапаможа норма Дырэктывы, згодна з якой міністэрства становіцца рэгулятарам у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Мы будзем адзіным органам, упаўнаважаным выдаваць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія будуць рэгуляваць будаўнічую галіну», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Што датычыцца сацыяльных гарантый, прадугледжана зніжэнне да аднаго года тэрміну накіравання шматдзетных сем’яў на будаўніцтва жылля. «Важнейшым параметрам, якога мы ўжо дасягнулі і працягваем выконваць, з’яўляецца будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай па кошце не вышэйшым за сярэднямесячную плату па рэспубліцы, — падкрэсліў Арцём Юшкевіч. — Мы таксама будзем максімальна развіваць гарады-спадарожнікі. Забудова павінна быць комплекснай, камфортнай, са стварэннем безбар’ернага асяроддзя. Будуць пераглядацца падыходы ў частцы рацыянальнага выкарыстання санітарна-ахоўных зон.

Таксама плануецца аптымізаваць працоўныя, фінансавыя, эканамічныя падыходы для таго, каб прадпрыемствы будаўнічай галіны павышалі сваю рэнтабельнасць і эфектыўнасць. У сферы адукацыі будуць удасканальвацца праграмы навучання і ўкараняцца новыя інавацыйныя падыходы. «Беларусь — адна з тых краін, якія сямімільнымі крокамі ідуць наперад у галіне лічбавізацыі, і будаўнічая галіна не адстае, — дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення. — У Дырэктыве закладзены асноўныя пастулаты, задачы, даручэнні, якія трэба выканаць у бліжэйшы час. Гэта і стварэнне дзяржбудпартала, і ўкараненне сістэм інфармацыйнага медэлявання (так званых BIM-тэхналогій)».

«З новага года прынята ўжо два дакументы па павышэнні зарплаты будаўнікоў. Цяпер яны ўкараняюцца на практыцы. Міністэрства на гэтым не спыніцца і ў далейшым будзе прымаць усе магчымыя меры для павышэння зарплат і матывацыі будаўнікоў», — заявіў Арцём Юшкевіч.

Акрамя таго, Мінбудархітэктуры плануе правесці аналіз як сваіх ведамасных нарматыўных дакументаў, так і дакументаў іншых ведамстваў, якія прама або ўскосна рэгулююць пытанні будаўніцтва.

Забяспечанасць жыллём і новае аблічча гарадоў — як у Беларусі будзе развівацца будгаліна

Забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў, удасканаленне дзяржрэгулявання, апераджальнае будаўніцтва інжынернай інфраструктуры стануць прыярытэтамі развіцця будаўнічай галіны, паведамілі ў Мінбудархітэктуры, каменціруючы Дырэктыву «Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны».

У прыватнасці, будзе ўдасканалена сістэма дзяржаўнага рэгулявання будаўнічага комплексу — выключную функцыю рэгулятара ў сферы будаўніцтва атрымае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Гэта значыць, што міністэрства будзе надзелена паўнамоцтвамі на стварэнне тэхнічных нарматываў у будаўніцтве з адначасовым абмежаваннем паўнамоцтваў іншых дзяржорганаў у рэгуляванні будаўнічай дзейнасці. Да гэтага ў будаўнічай галіне захоўвалася залішняя зарэгуляванасць, вялікая колькасць тэхнічных нарматыўных прававых актаў прадпісальнага характару, што ў рэшце рэшт уплывала на тэрміны і якасць праектавання, яго эфектыўнасць.

Прадугледжана таксама неабходнасць забяспечыць на ўсіх этапах будаўнічай дзейнасці далейшае скарачэнне колькасці і тэрмінаў адміністрацыйных працэдур з максімальным укараненнем прынцыпу «аднаго акна». «Адмінпрацэдуры з’яўляюцца асноўным механізмам узаемадзеяння дзяржорганаў з грамадзянамі і суб’ектамі гаспадарання, і ад іх колькасці і тэрмінаў залежыць непасрэдна інвестыцыйная прывабнасць будаўнічай дзейнасці», — адзначылі ў міністэрстве.

У Дырэктыве абазначаны і ключавыя пытанні дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Тэрмін знаходжання шматдзетных сем’яў на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і кошт квадратнага метра жылля былі і застаюцца важнейшым пытаннем у галіне дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Прыярытэтам будзе будаўніцтва энергаэфектыўных аб’ектаў, а таксама арэнднага жылля — яго будуць будаваць у тым ліку арганізацыі для сваіх работнікаў.

Яшчэ адна мэта — апераджальнае будаўніцтва інжынернай інфраструктуры. Такая норма ўжо ўстаноўлена заканадаўствам, але дырэктывай прадугледжваецца магчымасць будаўніцтва інфраструктуры не толькі за кошт бюджэту, але і за кошт забудоўшчыка пры комплексным асваенні зямельнага ўчастка, а таксама за кошт арганізацыі, якая будзе эксплуатаваць сеткі.

Увага ўдзелена і гарадам-спадарожнікам. Рашэнні аб іх стварэнні былі прыняты ў 2014 годзе, разам з тым дзейсных мер па іх развіцці не прынята. Таму прадугледжваецца неабходнасць комплекснага вырашэння аргпытанняў, якія стрымліваюць развіццё гарадоў-спадарожнікаў.

Дырэктыва ўстанаўлівае падыходы да далейшага развіцця забудовы — яна павінна быць бяспечнай, камфортнай, функцыянальнай з максімальным азеляненнем і добраўпарадкаваннем, стварэннем безбар’ернага асяроддзя, што дае магчымасць бесперашкодна перамяшчацца асобам з абмежаванымі магчымасцямі.

Кіраўніком дзяржавы дадзена даручэнне выключыць з’яўленне ў Беларусі даўгабудаў, зыходзячы з гэтага прадугледжана неабходнасць узмацнення кантролю за выкананнем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва пры ўзвядзенні шматкватэрных жылых дамоў.

Прадугледжаны і шэраг іншых мер для павышэння эфектыўнасці будкомплексу, развіцця кадравага патэнцыялу.

«Дырэктыва Прэзідэнта — дакумент праграмнага характару, які вызначае асноўныя напрамкі развіцця, у ім абазначаны разнапланавыя падыходы, якія дадуць магчымасць пры іх рэалізацыі дасягнуць станоўчага выніку», — рэзюмавалі ў міністэрстве.

Канкрэтныя падыходы і выканаўцы будуць абазначаны ў плане мерапрыемстваў па выкананні Дырэктывы, які зацвердзіць урад.

Лукашэнка падпісаў Дырэктыву аб развіцці ЖКГ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

У дакуменце выкладзены рашэнні, прынятыя 20 кастрычніка 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе, даручэнні і патрабаванні кіраўніка дзяржавы па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Асноўнымі мэтамі, што вызначаюць перспектыўныя напрамкі развіцця галіны, з’яўляюцца павышэнне якасці паслуг і правядзенне справядлівай тарыфнай палітыкі, аказанне дзяржаўнай падтрымкі малазабяспечаным і сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян, удасканаленне работы з насельніцтвам, развіццё механізмаў грамадскага кантролю ў сферы ЖКГ, стымуляванне грамадзян да ўдзелу ў рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жыллёвым фондзе, шырокае ўключэнне насельніцтва ў работу па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.

Дырэктыва таксама накіравана на ўдасканаленне абыходжання з камунальнымі адходамі (скарачэнне аб’ёмаў іх накаплення, больш глыбокая перапрацоўка і другаснае выкарыстанне гэтых адходаў), паэтапная адмова ад поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, у тым ліку са шкла і паперы.

Комплекснае вырашэнне пастаўленых задач дасць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг і работы з насельніцтвам, забяспечыць павышэнне камфортнасці ўмоў пражывання, стварыць умовы для павышэння эфектыўнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устойлівага развіцця аб’ектаў камунальнай інфраструктуры, забяспечыць удасканаленне структуры кіравання ЖКГ і павысіць узровень прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для галіны.

У 2020 годзе плануецца дасягнуць уводу 3,6 млн. кв.м агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту і павялічыць да 25 працэнтаў узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў. У 2025 годзе плануецца забяспечыць 100 працэнтаў спажыўцоў якаснай пітной вадой.

Дырэктыва нумар 7 накіравана на паляпшэнне асяроддзя пражывання — Мінжылкамгас

Дырэктыва нумар 7 аб развіцці ЖКГ накіравана на паляпшэнне асяроддзя пражывання грамадзян. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў, каменціруючы падпісаны кіраўніком дзяржавы дакумент.

Намеснік міністра адзначыў, што Дырэктыва — гэта комплексны праграмны дакумент, які ўключае ў сябе шэсць раздзелаў. Ён накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама паляпшэнне асяроддзя пражывання. «У Дырэктыве пастаўлены канкрэтныя задачы ўраду, аблвыканкамам, Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту аб правядзенні работ, якія будуць садзейнічаць павышэнню камфортнага пражывання нашых грамадзян, добраўпарадкаванню, азеляненню населеных пунктаў», — адзначыў Віталь Смірноў.

У прыватнасці, дакументам вызначана, што да 2025 года 100 працэнтаў спажыўцоў будуць забяспечаны якаснай пітной вадой, канкрэтызаваў намеснік міністра. Таксама ў дакуменце звернута ўвага на праблемы сетак водазабеспячэння, якія эксплуатуюцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў.

У частцы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі перад арганізацыямі ЖКГ пастаўлена задача праводзіць работу па максімальным атрыманні другасных матэрыяльных рэсурсаў і ўключэнні іх у гаспадарчы абарот.

Прыняты дакумент прадугледжвае таксама аказанне дзяржпадтрымкі малазабяспечаным і сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян. У тым ліку размова ідзе аб удасканаленні сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый. Паколькі ў гэтай праграме задзейнічаны розныя органы ўлады (Мінпрацы і сацабароны, МПЗ, Мінжылкамгас), то размова перш за ўсё ідзе аб іх узаемадзеянні і ўдасканаленні механізма прадастаўлення інфармацыі, правядзення разлікаў, растлумачыў намеснік міністра.

«На працягу 6 месяцаў будуць распрацаваны планы мерапрыемстваў, дарожная карта дзейнасці ўрада, мясцовых органаў улады. Будзе прыняты шэраг нарматыўных дакументаў, каб рэалізаваць патрабаванні гэтай Дырэктывы», — рэзюмаваў Віталь Смірноў.

БелТА.

На здымку:  намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ала Ламакіна.

Popularity: 1%

Top