З чаго пачынаецца вясна? Вядома, з праводзінаў зімы. Вось і ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна прайшло святочнае гулянне, прысвечанае праводзінам зімы і сустрэчы вясны, — Масленіца. Гэта адно з самых вясёлых, шумных і гарэзлівых народных святаў.
Масленіцу адзначалі шырока, радасна, з карагодамі ды гульнямі-забавамі. Да выхаванцаў і навучэнцаў карэкцыйнага цэнтра на свята завіталі Завіруха з карагодамі, Вясна-прыгажуня з загадкамі ды скокамі, Скамарохі з жартамі і прымаўкамі, Баба Яга з гульнямі і сама Масленіца ў выглядзе саламянай лялькі — з румянымі, духмянымі блінамі.
Дзеці разам з бацькамі актыўна ўдзельнічалі ў гульнях, вадзілі карагоды. Дзіцячыя вочы свяціліся радасцю, а на тварах ззялі ўсмешкі.
Традыцыйна свята скончылася чаяпіццем са смачнымі блінамі, кексамі, пірагамі ды іншымі ласункамі, якія з любоўю прыгатавалі бацькі і педагогі цэнтра.
Пакуль ладзілася масленічнае гулянне, неяк і ветрык палагаднеў, і сонейка ярчэй і цяплей засвяціла — вясна ўсім пасміхнулася.
Алеся ГАЛАВАНЧУК, выхавальнік ЦКРНіР Жабінкаўскага раёна.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

 

 

Popularity: 1%

Top