Спатканне ўсляпую інтрыгуе

Спатканне ўсляпую інтрыгуе

Наталля ВАЛОШКА. Фота аўтара.

Дзіцячая бібліятэка запрашае сваіх чытачоў на спатканне з кнігамі. Толькі не на звычайнае, а ўсляпую. Наведвальнікі не ўбачаць ні назвы, ні аўтара, ні вокладкі “таямнічых незнаёмцаў”, падрыхтаваных для “спаткання”: усё гэта схавана пад шчыльнай паперай і перавязана прыгожай стужкай. Толькі некалькі слоў ці сказаў даюць пэўную падказку і дапамогуць вам выбраць тую кнігу, якую забераце дахаты. Дома вы распакуеце паперу — і вас чакае сустрэча-сюрпрыз! Або з “Дзіваком з шостага “Б” Уладзіміра Жалезнікава, або з “Рабінзонам Круза” Даніэля Дэфо, або з “Прынцэсай тусоўкі” Яўгена Хвалея і многімі іншымі кнігамі ды героямі.
Акцыя ладзіцца ўжо ў другі раз (першая сустрэча з кнігамі ўсляпую адбылася ў лютым-сакавіку мінулага года). Яе ініцыятар бібліятэкар Вольга Гурыш, якая падрыхтавала выставу разам са сваімі калегамі, адзначыла: летась акцыя карысталася вялікай папулярнасцю, таму яе вырашана было прадоўжыць. Вольга Дзмітрыеўна расказала, што таемныя творы-ўдзельнікі разлічаны на розны густ ды ўзрост чытачоў, і дадала:
— Як мы звычайна выбіраем кнігу ў бібліятэцы? Што нас прываблівае: вокладка, назва ці кароткі змест? У кожнага свае звычкі і прыхільнасці, дзякуючы якім ён і робіць выбар. А вось “спатканне” з кнігай усляпую інтрыгуе, таму што чытач толькі дома даведваецца, з якім “суразмоўнікам” яму давядзецца правесці вечар. Прыемнага вам “спаткання” і цікавага чытання!

Popularity: 1%

Top