Словы прызнання для мамы і таты

Дзень абаронцаў Айчыны і 8 Сакавіка ланцужком ідуць адзін за адным. Сур’ёзным і мужным святам завяршаецца сцюдзёная зіма, а з абуджэннем прыроды прыходзіць свята прыгажосці і пяшчоты. Гэтыя ўрачыстасці з’яўляюцца добрай нагодай, каб выказаць любоў і ўдзячнасць самым дарагім людзям — тату і матулі.
Для кожнай дзяўчынкі бацька — самы важны мужчына ў жыцці, прыклад і аўтарытэт ва ўсім. Ён з разуменнем і цярплівасцю ставіцца да капрызаў сваёй дачушкі, многае дазваляе і песціць яе. Дарагі тата, ты заўжды быў са мной такім жа, але я вырасла, ужо сама гадую сыночка і прымаю адказныя рашэнні. Многаму навучыў мяне менавіта ты: быць шчырай і моцнай, дапамагаць людзям і верыць у дабро, заставацца чалавекам у самых няпростых сітуацыях. Ганаруся тым, што ў мяне такі бацька, на якога, як сцвярджаюць многія, я так падобна. Бягуць гады, якія пасерабрылі твае валасы, але ты ўсё гэтак жа зараджаеш сваім аптымізмам, бадзёрасцю і неверагоднай прагай да жыцця. Няхай яна пастаянна папаўняе гэты калодзеж задумак, планаў і жаданняў, а мы з матуляй будзем побач, каб атуляць клопатам і ганарыцца тваімі поспехамі.
Мама, ты заўсёды клапоцішся пра іншых, нават забываючыся пра сябе. Я добра ведаю, што ў любы час магу разлічваць на тваю мудрую параду, падтрымку і ўвагу. Ты была побач, калі я рабіла важныя крокі на жыццёвай дарозе. А колькі цеплыні, дабрыні і ўсмешак падарыла мне! Няхай шчырая лагодная ўсмешка і зараз упрыгожыць твой твар, таму што прачынаецца прырода і надыходзіць сапраўдная вясна. Мне так хочацца, каб яна заўсёды была ў тваёй душы і ў тваім сэрцы. Каб ты радавалася кожнаму новаму дню і квітнела, як самыя прыгожыя вясновыя краскі. Лічу, што 8 Сакавіка — гэта свята сапраўдных жанчын, якія ўмеюць шчыра кахаць, быць адданымі і ахвяраваць сабою дзеля іншых. Безумоўна, гэта тваё свята, бо ты менавіта такая. Ведай, што ты заслугоўваеш узнагароды “Лепшая матуля на свеце”, а я вельмі хачу стаць такой для свайго сына.
Таццяна НЯМЕНЬШАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда