Абаронцам Айчыны прысвячалася

Абаронцам Айчыны прысвячалася

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Цікавую віншавальную праграму з музычных, песенных і танцавальных нумароў падрыхтавалі выхаванцы Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў для сваіх татаў і дзядуляў, каб павіншаваць іх з Днём абаронцаў Айчыны.
Канцэрт пачаўся з песень “Аты-баты, мы салдаты” і “Я ўстану на пасту” ў выкананні хору 1-4 класаў і групы ранняга эстэтычнага развіцця. Песенныя падарункі ў адрас дзядуляў і татаў прагучалі таксама ад Кацярынкі Зданкевіч і Машанькі Кобак, хораў 2-7 класаў, 1 класа і падрыхтоўчай групы. Гучнымі апладысментамі прысутныя сустрэлі песні “Нам падабаюцца канікулы” і “Па законе прыцягнення” ў выкананні хору хлопчыкаў.
Добрае валоданне музычнымі інструментамі падчас выканання твораў прадэманстравалі Сямён Нікіцюк, Віялета Міцковіч, Сняжана Нефядзюк, Кірыл Савянок, Мілання Ківель, Мікалай Петрусевіч, Захар Макарук, Лізавета Бензярук.
Запалілі залу танцамі “Джаз” і “Ах, ты зімачка-зіма!” 4-ы і 5-ы класы харэаграфіі. Падчас іспанскага танца разам з яго выканаўцамі — 6-м класам харэаграфіі — прысутныя “перанесліся” ў далёкую цёплую краіну: настолькі яркім і эмацыянальным было выступленне.
Завяршыла праграму песня “Тата”, пасля якой хлопчыкі і дзяўчынкі ўручылі сваім бацькам іх партрэты, што намалявлі самі.
Свята атрымалася неверагодна цёплым і душэўным. Аб гэтым гаварыла атмасфера ў зале, а таксама шчырыя ўсмешкі на тварах віноўнікаў урачыстасці.

Popularity: 1%

Top