Буду, як тата, абаронцам

Буду, як тата, абаронцам

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

З якой цеплынёй і адказнасцю выхаванцы групы “Гном” дзіцячага сада
№ 2, што ў райцэнтры, рыхтаваліся да надыходзячага свята абаронцаў Айчыны. Адзін з сюрпрызаў — цікавая спартландыя, для ўдзелу ў якой дзеці запрасілі самых моцных, адважных, паважаных і горача любімых у сям’і людзей — сваіх татаў (мамы таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць, праўда, толькі ў якасці балельшчыкаў).
Падчас спартландыі, да гонару сыночкаў і дачушак, таты прадэманстравалі не толькі свае рост, бародку ці залысінку, новы спартыўны касцюм і красоўкі, але й спрыт, лоўкасць, артыстызм, падтрымку і любоў да малечы.
Таты з дзецьмі (Яўген і Уладзіслава Хамюкі, Мечыслаў і Дарыуш Куч, Сяргей і Віка Курачкіны, Андрэй і Іван Лёгінькія, Яўген і Сафія Лучко, Аляксей і Ілля Куксы, Аляксандр і Вадзім Мік’янцы, Юрый і Мацвей Сярковы, Вадзім і Ілля Бобрыкі, Аляксандр і Валерыя Маеркі) падзяліліся на дзве каманды “Лётчыкі” і “Маракі”. Каб высветліць, якая з іх стане пераможцай, давялося прайсці цэлы шэраг іспытаў, падрыхтаваных кіраўніком па фізвыхаванні Наталляй Кавальчук і музычным — Настассяй Макасюк. Пасля прывітання таты і дзеці гулялі з мячом у “Перадай і сядай”, неслі “пагоны”, дастаўлялі “данясенні”, рабілі “жывую ялінку”, “мініравалі і размініравалі” поле (не хвалюйцеся, чытачы, “мінамі” былі клубкі нітак), пралазілі ў “тунэлі” і хутка шукалі свае красоўкі, “забытыя” ў абручы. Усе конкурсы ўспрымаліся на “ўра” як удзельнікамі, так і балельшчыкамі. Асабліва весела і надзвычай хутка прайшоў конкурс капітанаў, калі ім давялося лопаць надзіманы шарык, прывязаны да нагі саперніка. Малеча была ў захапленні ад конкурсу “Тачкі”, калі яны на руках перамяшчаліся ў другі канец залы, а вярталіся на фініш, седзячы ўжо на татавых спінах… Вельмі цікавымі былі музычныя паўзы, калі дзеці паказалі танцавальную кампазіцыю “Бусел на даху” і ўсе разам пазабаўляліся пад гукі вясёлай песенькі “Лётчыкі, заводзьце рухавікі!”.
У фінале ўсе таты атрымалі дыпломы за ўдзел у спартландыі, а дзеці — шакаладныя медалі. Час спартландыі праляцеў непрыкметна, усе разыходзіліся дадому задаволеныя, радасныя, шчыра дзякавалі выхавальнікам за такое цудоўнае свята.

Popularity: 1%

Top