Па той жа лыжні, што і легенды біятлона

Па той жа лыжні, што і легенды біятлона

Алёна НІКАНЧУК.

Навучэнцы Ракітніцкай школы разам з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Віктарам Цікумсам пабывалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” і біятлонным фестывалі “Гонка легенд”, што праходзілі ў Раўбічах. Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў мерапрыемствах яны падзяліліся з карэспандэнтам “СП”.

Пасля паспяховага выступлення навучэнцаў Ракітніцкай школы, якія абаранялі гонар Жабінкаўшчыны на абласных спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер” і на абласной спартакіядзе школьнікаў па лыжных гонках, каманда нашага раёна апынулася ў ліку прызёраў, заняўшы трэцяе ганаровае месца. Пасля завяршэння спаборніцтваў ракітніцкія школьнікі былі ўключаны ў каманду Брэсцкай вобласці і ў яе складзе паўдзельнічалі ў фінальным этапе “Снежнага снайпера”. Яму папярэднічалі вучэбна-трэніровачныя зборы ў Ганцавічах. На іх пабывала шасцікласніца Ракітніцкай школы Ганна Вырва. Як расказала Ганначка, на працягу трох дзён ладзіліся трэніровачныя заняткі, падчас якіх удзельнікі збораў выходзілі на лыжаролерную трасу і ўдасканальвалі каньковы ход.
Вучэбна-трэніровачныя заняткі прадоўжыліся ў Раўбічах, ім былі адведзены першыя чатыры дні “Снежнага снайпера”. Яго ўдзельнікі адпрацоўвалі лыжны ход, стралялі з дробнакаліберных вінтовак на біятлоннай трасе. Акрамя Ганны Вырва з ракітніцкіх навучэнцаў у каманду Брэсцкай вобласці, якая налічвала 24 чалавекі, увайшлі дзевяцікласнік Васіль Румачык, васьмікласніца Кацярына Сухарэвіч і вучань чацвёртага класа Раман Олін.
Як расказалі мае суразмоўнікі, першыя два дні ў Раўбічах запомніліся фотасесіяй, стральбой з дробнакалібернай вінтоўкі, экскурсіяй у Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Наступныя два дні былі прысвечаны актыўным трэніроўкам на біятлоннай трасе.
І вось чаканы, хвалюючы момант: усе чацвёра выйшлі на старт — кожны ў сваёй узроставай групе, каб паўдзельнічаць у спрынтарскай гонцы. Па яе выніках Вася Румачык і Каця Сухарэвіч былі адабраны ў эстафетныя каманды нашай вобласці.
У завяршальны дзень спаборніцтваў адбыліся змешаныя эстафеты — на старт выйшлі тры ўзроставыя групы. Як адзначыў Віктар Айгаравіч, і Васіль, і Кацярына добра прайшлі свае этапы, закрылі ўсе мішэні і пазбеглі штрафных кругоў. Больш удала выступілі біятланісты сталіцы, яны і святкавалі перамогу ва ўсіх узроставых катэгорыях. У ліку прызёраў сёлетняга “Снежнага снайпера” — спартсмены Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей.
— Тое, што мы трапілі ў зборную вобласці і паўдзельнічалі ў такіх спаборніцтвах, — ужо вялікая перамога для нас, — падзяліліся суразмоўнікі. — Уражанні ад іх незабыўныя!
Усе ўдзельнікі “Снежнага снайпера” былі запрошаны на біятлонны фестываль “Гонка легенд”, які ладзіўся ў Раўбічах з 17 па 19 лютага. Такі падарунак яны атрымалі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. На ім пабывалі і нашы героі. Для шматлікай дзетвары, што на тры дні прыехала ў Раўбічы, былі арганізаваны розныя мерапрыемствы: сустрэча са знакамітымі спартсменамі-біятланістамі — пераможцамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, прагляд кінафільмаў, вясёлая дыскатэка. У многіх здзейснілася запаветная мара — узяць аўтографы і сфатаграфавацца з легендамі біятлона: Дар’яй Домрачавай і Уле Эйнарам Б’ёрндаленам, Надзеяй Скардзіна і Ларсам Бергерам, Венсанам Дэфранам і Карын Оберхофер, іншымі знакамітасцямі.

Што найбольш запомнілася ў Раўбічах? Якія эмоцыі пакінулі гэтыя спартыўныя мерапрыемствы? З такімі пытаннямі звярнулася да ракітніцкіх школьнікаў.
Аня ВЫРВА:
— 18 лютага я дзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў “Снежным снайперы” з журналістамі тэлеканала Беларусь 1,
і ў той жа дзень мяне паказалі па тэлебачанні. Вельмі спадабалася спартыўнае абсталяванне, якім карысталіся на спаборніцтвах. У першую чаргу лыжы. Для каньковага ходу яны кароткія і вузкія, чаравікі і мацаванне ў іх вельмі зручныя. Незабыўныя эмоцыі пакінула сустрэча з легендарнымі біятланістамі. У траіх мне ўдалося ўзяць аўтографы, у тым ліку ў Надзеі Скардзіна.
Вася РУМАЧЫК:
— Спадабалася экскурсія ў Нацыянальны алімпійскі камітэт. Там я ўбачыў спартыўныя касцюмы нашага Прэзідэнта, у якіх ён удзельнічаў у розных спаборніцтвах. Была магчымасць дакрануцца да лыжы легендарнага беларускага фрыстайліста Антона Кушніра. Уразіла калекцыя ўзнагарод: дыпломаў і медалёў з аўтографамі знакамітых спартсменаў, партрэтная галерэя чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў.
Рома ОЛІН:
— Я застаўся ў захапленні ад саміх Раўбічаў, магутнасці гэтага спартыўнага комплексу, яго трас. Падчас вучэбна-трэніровачных заняткаў мы мелі добрую магчымасць удасканаліць валоданне лыжамі, павучыцца каньковаму ходу, стральбе. На кожнай трэніроўцы ажыццяўлялі па 15 выстралаў. Хачу адзначыць асаблівую атмасферу спаборніцтваў — гэта сапраўднае свята, ад якога атрымалі шмат пазітыву і радасці. “Снежны снайпер” падарыў мне новых сяброў з Мікашэвічаў, Пружанаў і Ружанаў, Баранавічаў, Ганцавіцкага раёна.
Каця СУХАРЭВІЧ:
— Незабыўныя ўражанні пакінула сустрэча са знакамітымі спартсменамі. Аб ёй мне будзе нагадваць фотаздымак з легендарнай Дар’яй Домрачавай. Нягледзячы на яе значныя дасягненні ў спорце, у размове яна аказалася простай, добразычлівай і ўсмешлівай. Даша пажадала нам і далей займацца такім цікавым відам спорту, як біятлон, годна выступаць на спаборніцтвах. З Раўбічаў мы прывезлі шматлікія сувеніры. На памяць нам засталіся і касцюмы, у якіх выходзілі на старт і імчаліся па той жа лыжні, што і легенды біятлона. І ахопліваў такі гонар!..
На здымках: ракітніцкія школьнікі з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Віктарам ЦІКУМСАМ;
Каця СУХАРЭВІЧ з легендарнай Дар’яй ДОМРАЧАВАЙ.

Popularity: 1%

Top