Хто яны, будучыя абаронцы?

Хто яны, будучыя абаронцы?

Канстанцін Дарошка, нядаўні выпускнік СШ №3 г.Жабінка, а цяпер курсант інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Выбар сына — быць ваенным — бацькі-педагогі адобрылі, падтрымалі.
Чаму юнак вырашыў звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй? Адказаў проста:
— Я заўсёды вёў актыўны лад жыцця. Быць ваенным — гэта складана, але цікава і рамантычна. У дзіцячым садзе гуляў з пластыкавымі салдацікамі, а ў школе захапіўся ваеннай гісторыяй. У мяне па-сапраўднаму “прачнулася” цікавасць да гэтай прафесіі ў 11-ым класе. У гістарычнай даведцы прачытаў, што самая прэстыжная прафесія — пагранічнік. Я змагу ім стаць.
Косця хоча быць падобным на герояў-пагранічнікаў Чырвонай Арміі, якія першымі прынялі бой у Вялікую Айчынную вайну. Колькі цяжкасцяў і гора давялося ім перанесці, выжыць, адстаяць незалежнасць сваёй краіны! Словам, для юнака ідэалам з’яўляецца той, хто сваё жыццё можа аддаць, каб выратаваць іншых. Гэта і ёсць героі мужныя, самаадданыя.
Канстанцін Дарошка адзін з шасці курсантаў нашага раёна, якія вучацца ў інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, які быў створаны ў 2010 годзе, раней пагранічнікаў рыхтавалі ў ваеннай акадэміі Беларусі. Яе выпускнік Яўген Гукасян цяпер лейтэнант Гродзенскага пагранічнага атрада. Чатыры гады яму спатрэбілася, каб стаць прафесійным ваенным, а Косця будзе вучыцца пяць гадоў. Цяпер юнак ужо на другім курсе. “У інстытуце маладыя людзі дарослеюць на вачах, а выкладчыкі адзначаюць, што ўжо за год навучання ў курсантаў мяняюцца інтарэсы, прыярытэты і погляды на жыццё, — расказваў Канстанцін. — Ад усіх патрабуецца добра вучыцца, быць дысцыплінаваным, у паводзінах — бездакорным”. Курсант Дарошка такі і ёсць: сесію ён здаў на выдатна, атрымлівае павышаную стыпендыю, спявае ў ансамблі “Зялёныя берэты”. У Смаргонскім раённым конкурсе патрыятычнай песні (першы курс яны вучыліся ў Смаргоні) хлопцы занялі першае месца, а ў абласным (на Гродзеншчыне) — трэцяе. У конкурсе “Галасы граніцы”, які праходзіў у Лідзе, летась былі трэцімі.
Заняткі фізкультурай і спортам у школе станоўча паўплывалі на фізічнае здароўе будучага пагранічніка. Кандыдат у майстры спорту ў боксе ён уваходзіць у зборную інстытута пагранічнай службы ў рукапашным баі, паспяхова выступае ў шматбор’і (бег, адпрацоўка прыёмаў рукапашнага бою, канваіраванне, затрымка ворага, абяззбройванне, паласа перашкод, падцягванне). Ён — неаднаразовы пераможца і прызёр першынства Мінскай вобласці на прызы спартыўнага таварыства “Дынама” сярод спецаддзяленняў.
Тут, у інстытуце, ён знайшоў многа новых сяброў, з якімі, вядома, будзе падтрымліваць сувязі і пасля заканчэння вучобы, таму што калектыў выдатны, вучацца толькі юнакі з Беларусі. Гады навучання засведчылі, што малады жабінкавец гатовы да любых цяжкасцяў, звязаных з прафесіяй ваеннага. Ён строга выконвае армейскі распарадак дня: пад’ём у 6.30, абавязковая ранішняя зарадка, агляд асабовага складу, потым сняданак і з 8.30 да 14.00 заняткі. А гэта чатыры пары лекцый, часта на занятках прыходзіцца адказваць на пастаўленыя пытанні, а значыць — трэба рыхтавацца. Двойчы на ты-дзень у курсантаў страявая падрыхтоўка, тройчы — спартыўна-масавая работа.
— Напачатку, — расказваў Косця, было цяжка звыкнуцца з новым жыццём. За паўтара года, якія я правёў у інстытуце, фізічна і маральна “вырас” і пераканаўся, што быць афіцэрам — маё прызванне.
Увесь першы курс навучанне праходзіла на базе вайсковай часці Смаргоні, на другім — у Мінску. Жывуць юнакі ва ўтульных казармах, а навучаюцца ў аўдыторыях з навейшым сучасным абсталяваннем. У суботу і нядзелю наведваюць культурны цэнтр, глядзяць фільмы на ваенную тэматыку, бываюць у тэатрах на розных пастаноўках. Цяпер у асноўным навучанне тэарэтычнае. Пасля трэцяга курса будуць здаваць псіхалагічны тэст і праходзіць спецыялізацыю ў чатырох накірунках. У дыпломе будзе запісана дзве спецыяльнасці: ваенная — кіраванне падраздзяленнямі органаў пагранічнай службы, грамадзянская — кіраванне, якое патрабуе ведання замежнай мовы.
— А можа нехта не вытрымлівае такіх нагрузак, забірае дакументы з інстытута? — цікаўлюся ў хлопца.
— У маім наборы такіх няма. Сёлетні год для мяне знакавы. Калі раней ваенны парад 9 мая я глядзеў па тэлевізары, то цяпер буду сам у ім удзельнічаць. Ужо ідзе падрыхтоўка да свята.
Згодна з вучэбным планам, расказваў мне Канстанцін, курсанты бываюць на пагранічных заставах, дзе вучацца несці службу непасрэдна на ўчастках граніцы.
Родныя Канстанціна ганарацца тым, што ў іх сям’і неўзабаве з’явіцца прафесійны ваенны, першы чалавек у пагонах з роду Дарошкаў. Яны  перакананы, што курс навучання дапаможа юнаку быць моцным і духоўна, і фізічна.
Мне асабіста здаецца, што не кожны можа стаць ваенным, сюды дарога адкрыта толькі тым, хто на самой справе любіць Радзіму і гатовы дзеля яе ахвяраваць сваім здароўем і нават жыццём.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт. кар.
На здымку: курсант інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Канстанцін Дарошка на вучэбнай заставе “Дзявяткі”. Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top