Няпроста вуліцай прайсці

Няпроста вуліцай прайсці

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Цяжка знайсці беларускую сям’ю, якая не губляла ў вайну блізкіх. На жаль, у час свайго жорсткага жніва не абмінула ліхалецце і род Бензерукоў. Дасюль захоўваецца памяць пра бацьку, дзеда, прадзеда Мацвея, які загінуў на варшаўскім напрамку за некалькі месяцаў да пераможных салютаў.
ЁН НАРАДЗІЎСЯ
14 красавіка 1914-га (раённая кніга “Памяць” памылкова называе 1915 год). Месца нараджэння — вёска Сялец Кобрынскага раёна. У наш Стрыганец (дакладней у тую яго частку, што цяпер завецца Стрыганецкімі Буснямі) Мацвей Юстынавіч БЕНЗЯРУК (1914–1945) “прыбіўся ў прымы” да прыгажуні Кацярыны Пратасюк. Тут і зладзілі маладыя 5 лютага трыццаць дзявятага звычайнае сялянскае вяселле.
Аднак хутка іх сямейнае шчасце чакалі моцныя выпрабаванні. Бо ўжо ў верасні пачалася германска-польская вайна, якая амаль імгненна перарасла ў Другую сусветную, ахапіўшы сваім вогненным крылом дзяржавы і народы. Не застаўся ўбаку і наш палескі край, яго цудоўныя абшары ды працавітыя людзі. Нямецкую акупацыю сям’я перажыла ў роднай вёсачцы. Страху нацярпеліся не толькі ад акупантаў, але й так званых каморнікаў, што рабавалі наваколлі, пагражаючы расправай.
Адразу пасля вызвалення Мацвей Бензярук, як і многія аднавяскоўцы, атрымаў павестку ў ваенкамат. Пасля хуткай падрыхтоўкі ў вучэбнай роце ўчарашні селянін быў залічаны ў 79-ю гвардзейскую стралковую Запарожскую Чырванасцяжную ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага дывізію. Вайну дывізія закончыла Берлінскай аперацыяй, аднак ужо без гвардыі радавога Бензерука і многіх яго аднапалчан.
1 лістапада 1944 года праз палявую пошту № 44657 ён напісаў жонцы свой апошні ліст-трохкутнік (цытуем паводле арыгінала): “Здравствуй, дорогая и многоуважаемая жена Катя, шлю тебе и своим деткам Павлу и Ростиславу сердечно пламенный привет и желаю счастливо пережить моё отсутствие, ещё посылаю своё нижайшее почтение и низкий поклон отцу и маме и всем родным и знакомым и желаю вам всего наилучшего в вашей жизни. Дорогая жена, уведомляю тебя, что я твоё письмо получил 29.Х., за которое очень сердечно благодарю. Как получишь моё письмо, то скорее давай ответ и напиши мне всё подробно. А особенно чем побольше новостей, дорогая жена Катя. Обо мне не очень скучай. Конец войны близок, и коварный враг никогда не устоит перед нашим гвардейским ударом, и мы клянёмся жестоко отомстить за злодеяния, причинённые на нашей земле. Поздравляю вас с праздником 27 годовщиной Великой Октябрьской революции. Желаю услышать о новых победах Красной Армии. Мы сейчас готовимся к празднику, получили новое тёплое обмундирование, фуфайки, шапки и т.д. Больше писать нечего, за тем до свидания. Остаюсь жив и здоров, твой муж, тебя любимой Бензерук Матвей”.
Праз 75 дзён ён загінуў. Як згадваў аднавясковец, якому пашчасціла выжыць у тым баі і вярнуцца дамоў пасля вайны: “Узняліся ў атаку. Каб схавацца ад кулямётнага агню, нам патрабавалася перасекчы вясковую вуліцу. Кулямёт страляў бесперапынна і раптам змоўк. Кінуліся праз вуліцу, беглі амаль побач. І тут зноў застракатаў кулямёт… Я праскочыў, а Мацвей не дабег…” Адбылося гэта 14 студзеня 1945 года ў вёсцы Цэцылюўка Келецкага (цяпер Мазавецкага) ваяводства.
Ажно да 2010-х у сям’і лічылі, што дзед Мацвей пахаваны ў вялікім горадзе Радам (размешчаным больш чым за сотню кіламетраў ад месца гібелі). Аднак, калі свае сховішчы ваенных часоў адкрыў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны РФ, стала відавочна: месца пахавання значна бліжэй — у Гарволіне. Што цікава, мне некалькі разоў даводзілася бываць у гэтым польскім гарадку. Цягнулі ў Гарволін выключна навуковыя інтарэсы, бо літаральна побач месцяцца Мацяёвіцы, дзе 10 кастрычніка 1794 года свой апошні бой прыняў генерал Касцюшка. Штогод там ладзіцца Міжнародны сімпозіум, прысвечаны згаданай даце. Генерал з Сяхновічаў біўся на правым беразе Віслы, радавы са Стрыганца праз 150 гадоў — на левым. У сваіх вандроўках па Гарволіне мне заўсёды не хапала нейкіх 300 метраў, каб дайсці да вялікіх могілак савецкіх і польскіх воінаў, размешчаных па вуліцы Тадэвуша Касцюшкі, дзе ў магіле пад № 111 знайшоў апошні свой прытулак мой 30-гадовы дзед.
Няпроста вуліцу перабегчы — часам не хапае імгнення. Няпроста ёю дайсці — часам не хапае дзесяцігоддзяў…

Popularity: 1%

Top