Служыць Радзіме — годны абавязак

Служыць Радзіме — годны абавязак

Для падпалкоўніка Сяргея Мар’янавіча Візнера, 23 лютага заўсёды асаблівы дзень у календары.
Яго дзяды мірна працавалі на зямлі, а калі трэба было ваявалі за яе, станавіліся абаронцамі. У сям’і дасюль з жалем успамінаюць лёс Рыгора Фёдаравіча Візнера (1904-1939), які загінуў бясследна ў польскім войску ў верасні трыццаць дзявятага — у першыя дні Сусветнай вайны. Другі дзед — Дзмітрый Назаравіч Іванюк (1911-1972) з вёскі Ваўкавычы, міліцыянер Жабінкаўскага райаддзела, быў пастаўлены пад ружжо ў пачатку Вялікай Айчыннай, прайшоў цяжкімі франтавымі дарогамі і сустрэў Перамогу.
Іх прыклад стаў для ўнука пуцяводнай зоркай. Калі закончыў другую гарадскую школу, прыйшоў у ваенкамат з просьбай дапамагчы паступіць у вайсковую вучэльню. Там ухвалілі выбар юнака, аднак папярэдзілі: асвоіць вайсковыя спецыяльнасці — няпростая справа. Яна звязана не толькі з рамантыкай, уласцівай юнацкаму сэрцу, але й працавітасцю, дысцыплінай, адказнасцю. Толькі праз гэтыя якасці становяцца годнымі абаронцамі Айчыны.
Трыццаць гадоў мінула, як Сяргей Мар’янавіч пераступіў парог Ульянаўскага вышэйшага ваенна-тэхнічнага вучылішча імя Багдана Хмяльніцкага.
— Курсантаў вельмі паважалі, — згадвае С.М.Візнер. — Для нас гэта былі не проста словы: “Гонар маю!” — была ўпэўненасць, што служым вялікай краіне. У памяці дасюль палявыя зборы, стрэльбы, калі тваім рукам падуладна грозная зброя. Не менш цікавымі былі заняткі па маёй асноўнай спецыяльнасці, звязаныя з выкарыстаннем паліва. Нам даводзілі простую, але важную ісціну: нават найноўшая, вельмі сучасная зброя “сілкуецца” з нашай дапамогай, а таму адказнасць — найвышэйшая.
Дарэчы, і дзяўчаты глядзелі на юнакоў у пагонах з вялікім захапленнем. У год заканчэння вучылішча пабраўся шлюбам са сваёй Тамарай, з якою пазнаёміўся, калі дамоў вярнуўся на пабыўку. Праз лічаныя дні павёз маладую жонку праз увесь Савецкі Саюз — да месца першай службы: у мангольскі Улан-Батар. Праз тры гады (ужо старэйшым лейтэнантам) трапіў у Забайкальскую ваенную акругу — на маленькую станцыю Даўрыя, што на мяжы з Кітаем. Гэтае месца ведае кожны, хто цікавіцца гісторыяй Грамадзянскай вайны на Далёкім Усходзе. Тут як у песні спявалі, быў скончаны слаўны паход…
У пачатку дзевяностых, калі ўтварылася незалежная Беларусь, капітан Візнер другі раз у жыцці прыняў прысягу — на вернасць беларускаму народу. Служыў у горадзе Верхнедвинск, Калінкавічах, Аранчыцах, з 1999 года пераведзены на базу паліва, якая месцілася ў нашым горадзе. Пасля яе расфарміравання Сяргей Мар’янавіч працаваў у трубаправоднай і дарожна-маставой брыгадах на Брэстчыне і Магілёўшчыне. Са студзеня 2008 года працягвае службу ў Жабінкаўскім раённым ваенкамаце.
— Тут некалі мне дапамаглі вызначыцца ў жыцці, цяпер і я, па-магчымасці, дапамагаю юнакам зразумець глыбокі сэнс, закладзены ў словах: “Служу Айчыне!”
Так Сяргей Мар’янавіч выхоўваў і сына Алега, які зараз праходзіць тэрміновую службу ў Брэсцкім пагранічным атрадзе. Два месяцы таму ён прыняў прысягу, на якой прысутнічалі бацькі, сястра Аліна, дзед Мар’ян.
— Гэта асаблівы момант у ягонам жыцці, — упэўнены бацька. — Служба дазволіць сыну памужнець. Яму яшчэ рана думаць пра “100 дзён да загада”, Алегава вайсковая біяграфія толькі пачынаецца. Аднак веру: будзе годна выконваць загады сваіх камандзіраў. Мяркую, кожны юнак, калі дазваляе стан здароўя, павінен прайсці праз тое, што часам завецца “цяжар і нягоды службы”. Гэта — шлях у дарослае свядомае жыццё!
Акрамя службовых абавязкаў у падпалкоўніка Візнера ёсць клопаты грамадскія. Напярэдадні 23 лютага 2009 года ён абраны старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”.
— Сённяшні год для нас юбілейны, — гаворыць Сяргей Мар’янавіч. — Ён будзе праходзіць пад знакам 20-годдзя “Беларускага саюза афіцэраў”, які адстойвае правы і законныя інтарэсы афіцэрскага братэрства. З павагаю хачу згадаць імёны сваіх папярэднікаў: палкоўнікаў Вячаслава Міхайлавіча Кашкара і Васіля Яфімавіча Паніна.
Зараз у арганізацыі сорак сяброў, сюды ўваходзяць афіцэры ваеннага камісарыята і тыя, хто ўжо ў адстаўцы, але па-ранейшаму актыўныя ў грамадскім жыцці. Сярод іх — падпалкоўнікі В.І.Казакоў, А.А.Пахомаў, А.І.Юруць. Разумеючы важнасць патрыятычнага выхавання, яны выступаюць перад навучэнцамі гарадскіх і вясковых школ Жабінкаўшчыны, прапагандуючы службу і паступленне ў ваенныя навучальныя ўстановы, удзельнічаюць не толькі ў мерапрыемствах, звязаных тэматычна з Узброенымі Сіламі, але й у важных дзяржаўных мерапрыемствах, такіх як выбары (ад мясцовых да прэзідэнцкіх).
— У наш саюз нярэдка звяртаюцца па дапамогу, — гаворыць старшыня. — Летась пасадзейнічалі падпалкоўніку запасу Валерыю Міхайлавічу Калесніку ўладкавацца ў сталічны ваенны шпіталь, дапамаглі сям’і памерлага падпалкоўніка Уладзіміра Анатольевіча Саўчука годна правесці ў апошні шлях роднага чалавека… Але ж значна прыемней віншаваць сяброў арганізацыі са святамі, юбілеямі. Напярэдадні 23 лютага таксама хочацца выказаць удзячныя словы беларускім мужчынам, павіншаваць усіх са святам гонару, мужнасці, адвагі!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: падпалкоўнік Сяргей Мар’янавіч Візнер.
Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top