Рэха вогненных гор

Рэха вогненных гор

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
30 гадоў мінула, як скончылася Афганская вайна, пакінуўшы галоўнае пажаданне: няхай яна стане апошняй для нашых землякоў. 15 лютага ў ГДК ладзілася юбілейная вечарына. Тры дзясяткі гадоў таму ў гэты самы дзень савецкія войскі канчаткова пакінулі далёкую чужую краіну, дзе моцным рэхам адгукаліся вогненныя горы.
ПЕРАД УВАХОДАМ у залу ўсіх, хто завітаў на вечарыну, сустракала з густам аформленая выстава “Імгненні вайны не ведаюць цішыні”. Спакваля яна рыхтавала да хвалюючай дзеі, што вось-вось павінна была разгарнуцца на сцэне. Гэтае цудоўнае мерапрыемства арганізавалі і правялі супрацоўнікі бібліятэчнай і клубнай сістэм раёна.
…Мяняюцца відэакадры. Нетаропка, крок за крокам ідзе расповед пра падзеі неабвешчанай вайны. Хроніка ахоплівае 9 гадоў 1 месяц і 21 дзень ліхалецця. Ад самага пачатку — 27 снежня 1979 года, калі супрацоўнікі “Альфы” і спецназа ГРУ ўзялі штурмам прэзідэнцкі палац на ўскрайку Кабула, і да 15 лютага 1989-га, калі камандуючы 40-й арміі генерал-лейтэнант Барыс Громаў апошнім па Мосце дружбы перасёк Амудар’ю.
За гэты час праз Афганістан прайшлі больш за 600 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, афіцыйна 15 тысяч склалі там свае галовы. Нямала ваявала на афганскай зямлі і выхадцаў з Беларусі. Зараз толькі на Брэстчыне налічваецца каля пяці тысяч колішніх воінаў-інтэрнацыяналістаў, з іх больш за 60 — нашы землякі. Аднак гэтыя сухія лічбы нават прыблізна не дазваляюць уявіць увесь маштаб падзей, што моцна паўплывалі на далейшыя лёсы цэлых краін і многіх мільёнаў людзей, нават на ўвесь наш сённяшні свет.
Нездарма, выступаючы перад прысутнымі, кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі асабліва падкрэсліў:
— Тая вайна цяпер разглядаецца як першае ў гісторыі вялікае сутыкненне з міжнародным тэрарызмам.
На жаль, урокі ХХ стагоддзя не вывучаны на выдатна, і век ХХІ-ы паўтарае памылкі мінулага, прыносячы ўсё новыя небяспечныя пагрозы.
Між іншым, Дзмітрый Мікалаевіч запэўніў, што існуюць задумы (і яны сёлета пачнуць здзяйсняцца) аб капітальным упарадкаванні той часткі гарадскога парку, дзе месціцца помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Кіраўнік раёна ўзняўся на сцэну і для пачэснай місіі. З ягоных рук Пісьмо падзякі райвыканкама атрымаў былы воін-“афганец” Мікалай Пракапчук (іншы ветэран Афганскай вайны Мікалай Сідзякоў, узнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта, па ўважлівай прычыне адсутнічаў на мерапрыемстве, таму атрымае сваю ўзнагароду пазней). Граматы раённага Савета дэпутатаў былі ўручаны таксама Васілю Нарушу і Юрыю Лабадзінскаму, якіх віншаваў старшыня райсавета Анатоль Шалтанюк.
Услед за тым ад імя колішніх “афганцаў” слова прамаўляе кіраўнік савета раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Яўстратаў.
На вечарыне было шмат кранальных момантаў. Прыкладам, музычна-літаратурная кампазіцыя “Анёл-захавальнік”, якая суправаджалася створанай у Афганістане песняй Аляксандра Разенбаума “Чорны цюльпан”. Ролі былых “афганцаў” выканалі старшакласнікі трэцяй гарадской школы Антон Абрамчук, Міхаіл Лук’янчык і Ілья Авярчук.
А ў якой цішыні гучала, чаруючы залу, кожнае слова Галіны Дулевіч, што чытала маналог маці з кнігі Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”. Адчуваліся і слёзы, і пакуты, і бязмежны жаль матулі забітага на той вайне сына. А затым паплылі серпанцінам па сцэне лампады ў руках дзяцей з танцавальнага калектыву “Каруначкі” і загучала “Малітва” ў выкананні Галіны Міцковіч.
— Афганістан. “Афганцы”. Інтэрнацыяналісты. Ацынкаваныя труны. Слёзы. Гора. Абурэнне. Траур па сынах і мужах. Усё гэта было ўпісана ў адзін скрутак, назва якому — трагедыя народа, трагедыя пакалення, апаленага вайной, — гаварылі вядучыя Ганна Макавецкая і Ілья Учаеў. — Паводле статыстыкі, што-дня ў Афганістане гінулі чатыры чалавекі.
На вялікі жаль, чацвёра жабінкаўцаў таксама вярнуліся на Радзіму “грузам 200”. Іх прозвішчы і подзвігі добра вядомыя. Пад тужлівую музыку перагортваюцца старонкі слайда “Воіны Жабінкаўшчыны, загінулыя ў Афганістане”. На іх хлопцы, што назаўсёды засталіся маладымі: яфрэйтар Валерый МІГЕЛЬ (1963–1982), старшы лейтэнант Васіль ДУДАР (1959–1983), прапаршчык Мікалай МАРОЗ (1956–1984), старшы прапаршчык Сяргей ГРУДНІЦКІ (1957–1988).
У памяць пра іх у выкананні Мікалая Новіка гучыць песня “Зязюля”. А затым на экране адзін за адным мільгаюць партрэты жабінкаўцаў, што прайшлі баявымі дарогамі, апаленымі сонцам і свінцом, каб вярнуцца нарэшце да мірнага жыцця. Сёння — іх дзень, калі да кветак і добрых слоў дадаюцца ўзнагароды. Для ўручэння юбілейных медалёў “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” на сцэну ўзнімаецца начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў. І першым у спісе ўганараваных — імя прапаршчыка Мікалая Іванавіча Мароза. Пасмяротную ўзнагароду па мужу атрымлівае Лідзія Сцяпанаўна Мароз, за ёю па чарзе ўзнімаюцца па свае медалі ветэраны. Тым, хто некалі вярнуўся дамоў “з-за рэчкі”, не патрэбна тлумачыць, што такое годнасць і адвага, якім надзейным бывае плячо таварыша.
— Яны выйшлі з Афгана, — зноў гучаць словы вядучых. — Выйшлі годна, сталі ветэранамі, што маюць права на ўспаміны і гонар за сваё баявое мінулае.
Пад песню Аляксандра Чарнушыча і Сяргея Раманюка “Мы уходим” прысутныя ўзнімаюцца, аддаючы даніну павагі і памяці жывым і мёртвым.
P.S. Не ведаю, выпадкова ці наўмысна днём канчатковага вываду савецкіх войскаў з Афганістана было абрана 15 лютага. У храмах святкавалі Стрэчанне, а краіна сустракала сваіх сыноў. Хочацца звярнуцца да былых воінаў: у раённай бібліятэцы збіраюць матэрыялы аб падзеях 1979–1989 гадоў. Вы — носьбіты ўнікальных успамінаў, падзяліцеся імі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro