У ягоных творах — промні дабрыні

У ягоных творах — промні дабрыні

Дзіцячы пісьменнік, паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, краязнаўца Расціслаў Бензярук адзначыў сваё 75-годдзе!

Расціслаў Мацвеевіч — адзін са старэйшых пісьменнікаў нашай брэсцкай суполкі. Пачаткам яго літаратурнай дзейнасці стаў далёкі 1970 год, калі рэспубліканскія перыядычныя выданні пачалі друкаваць яго апавяданні і казкі. У 1975-м
вялікім тыражом у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыла свет першая кніга пісьменніка “Вавёрчына дзякуй”. Менавіта секцыя дзіцячай літаратуры рэкамендавала Расціслава Бензерука на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў. Амаль за паўстагоддзя выдадзена шаснаццаць аўтарскіх кніг, многія з іх — для малых чытачоў. І гэта не дзіўна, бо Расціслаў Мацвеевіч па адукацыі і прызванні — настаўнік. Ён працаваў у Бастынскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна, Азяцкай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна. Лепшыя творы слыннага пісьменніка ўвайшлі ў школьныя дапаможнікі і падручнікі.
Таму шчыра можна сказаць, што на кнігах Расціслава Мацвеевіча расце ўжо другое пакаленне беларускіх дзетак. Вершы, казкі, байкі абуджаюць у маленькага чытача самыя светлыя, добрыя пачуцці, раскрываюць загадкавую прыгажосць родных мясцін. Галоўнымі героямі яго твораў часта выступаюць хатнія жывёлы, лясныя жыхары. Праз казачныя сюжэты і вобразы хлопчыкі і дзяўчынкі спазнаюць цуды навакольнага свету, развіваюць сваю кемлівасць, добразычлівыя адносіны да сяброў. Кожная кніга ўтрымлівае тое, што дапамагае дзіцяці сталець і развівацца, станавіцца больш чулым і адкрытым.
Творчасць Расціслава Мацвеевіча за гэты час на ўсіх узроўнях адзначана дыпломамі, граматамі. Ён з’яўляецца ўладальнікам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка ў намінацыі “Дзіцячая літаратура”, рэспубліканскай літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі.
Шмат непаўторных прыкмет мінулага стагоддзя, цікавых сустрэч на Бацькаўшчыне адлюстаравана ў нарысах Расціслава Мацвеевіча, якія былі выдадзены апошнім часам у кнігах “Прытулак для душы”, “Лірычны поўдзень”.
Расціслаў Мацвеевіч 35 гадоў працаваў у жабінкаўскай раённай газете “Сельская праўда”. Яму пашчасціла сустрэцца з многімі цікавымі людзьмі, якія і сталі героямі нарысаў. Праз раскрыццё розных лёсаў, характараў чытач прыходзіць да разумення вечных ісцін, да таго, што душа чалавека —
загадка.
Героямі кнігі “Лірычны поўдзень” выступаюць паэты, празаікі, якія прысвяцілі свае жыццё і творчасць роднай зямлі, жабінкаўскаму краю. Расціслаў Бензярук і тут выступіў цудоўным апавядальнікам, захавальнікам памяці.
І зноў прыходзяць думкі пра тых, хто ў маленстве чытаў кнігі Расціслава Мацвеевіча, што выпраменьваюць дабрыню. У пасталелых падлеткаў з’явілася цудоўная магчымасць дакрануцца да творчай спадчыны, выкарыстаць яе як крыніцу ведаў, натхнення, жывой памяці, у развагах ды адкрыццях знайсці сябе, свой шлях у жыцці.
Сябры Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі шчыра віншуюць Расціслава Мацвеевіча з юбілеем. Жадаюць яму моцнага здароўя, бадзёрасці духу, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, сонечнага настрою, радасці, міру і ладу ў сям’і.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ.
На здымку: Расціслаў Мацвеевіч БЕНЗЯРУК.

Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

 

Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Начны цягнік

Жыццё маё,
ты — як цягнік бясконцы…
Пімен Панчанка

Гады, і месяцы, і дні —
Нязведаныя далі.
Жыццё маё — начны цягнік,
Які імчыцца ўдалеч.

Спачатку ледзьве ён цягнуў,
Як узбіраўся ўгору,
Паўвекавую дасягнуў
Мяжу яшчэ заўчора.

Цяпер па-іншаму адлік:
Адзін, чатыры, восем.
Ужо з гары ляціць цягнік
І дагарае восень.

Няма ні месяца, ні зор,
Бо хмарна над зямлёю…
Я ж бачу блізка семафор,
Прыпынак для спакою.

* * *

Мяне расціў радзінны кут,
Даваў парады,
Нямала я пазнаў пакут,
Пазнаў і радасць.

Я зросся з ім, я зведаў з ім
Ад болю лекі…
Зямля мая, спяваю гімн,
Што твой — навекі!..

Роднае

Як дабіраўся на “папутцы”
Ці пехатою праставаў,
Бярозавай зялёнай хусткай
Матулін дом здалёк вітаў.

Садзіў бярозы мой дзядуля,
Як сам быў хлопец малады,
Каб госця шэрая — зязюля —
Лічыла шчасце і гады.

Як родны дом ні грэў, ні гушкаў,
Мы паляцелі хто куды
З-пад тых бяроз, як быццам птушкі,
У іншы свет — у гарады.

Мне не даехаць больш у будзень,
Вяселлі ладзяць без мяне.
Сягоння там чужыя людзі
Бліжэй нібыта і радней.

Цяжар гадоў напамінае,
Што рвецца з маладосцю ніць…
Не ведаю, ці ў родным краі
Змагу зноў смагу наталіць?!

* * *

За ноч у нашым садзе вішні
Пахарашэлі — не пазнаць!
Аднекуль вецер-злоснік выйшаў
Пялёсткі белыя зрываць.

Страсаў і кідаў мне пад ногі,
Бы снегам, шлях зацерушыў,
Каб, мабыць, збіўся я з дарогі,
Згубіў прытулак для душы.

За сем з паловаю дзясяткаў
Я зведаў радасці ў жыцці,
Дык хочацца гадоў астатак
Мне годна ўсё-такі прайсці.

Popularity: 1%

Top