Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі — Лукашэнка
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі

Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі — Лукашэнка

Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 лютага ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі.

«Сёння мы бачым, што дзейнасць Паўночнаатлантычнага альянсу на Еўрапейскім кантыненце значна актывізавалася. Пашырэнне ваенных блокаў, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій узброенага проціборства ўскладняюць сітуацыю паблізу нашых граніц. Усім варта ведаць, што Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што краіна і ў далейшым будзе абараняць свае інтарэсы, у тым ліку ў рамках сумеснай абароннай дактрыны са сваім стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй, з якой створана адзіная групоўка. Аднак гэта не значыць, што Беларусь адмовіцца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі ў ваенна-палітычнай сферы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Тым не менш вы, будучыя выпускнікі Ваеннай акадэміі, павінны заўсёды быць гатовы да любога павароту падзей, быць высокапрафесійнымі спецыялістамі, сапраўднымі патрыётамі Айчыны. Абавязаны разумець сваё прызначэнне ў лёсе нашай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі сустрэцца з маладым пакаленнем ваеннаслужачых — тымі, каму ў бліжэйшай будучыні трэба будзе забяспечваць нацыянальную бяспеку дзяржавы. «Мне прыемна тут пабываць, таму што я помню першыя дні сваіх дзеянняў у стварэнні сучаснай навучальнай ваеннай установы, і мне важна праз многія гады паглядзець, чаго вы дасягнулі», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заявіў, што для беларускага народа мір і незалежнасць — найвялікшыя каштоўнасці, выпакутаваныя многімі пакаленнямі людзей.

У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне зноў успамінаюць подзвіг, які здзейснілі яе слаўныя сыны і дочкі. «Гэта яны адстаялі свабоду, незалежнасць радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта яны заклалі аснову суверэннай незалежнай дзяржавы — нашай Беларусі. Мы, вядома ж, ганарымся сваёй гераічнай гісторыяй», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сучаснае пакаленне ваеннаслужачых дастойна прадаўжае традыцыі сваіх папярэднікаў. «Сёння ў зале прысутнічаюць курсанты і слухачы Ваеннай акадэміі. Гэта эліта нашай нацыянальнай арміі, якая фарміруе яе сучаснае аблічча. Менавіта ад усіх вас, прысутных тут (упэўнены, што тут лепшыя), залежыць будучыня нашай краіны і твар нашых Узброеных Сіл, не толькі арміі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Бачу, што і навучанне афіцэрскага складу тут праходзіць на высокім узроўні. Удзяляецца належная ўвага захаванню традыцый, вывучэнню сваёй ваеннай гісторыі, вопыту вядзення сучасных войнаў, лакальных канфліктаў, укараненню найноўшых тэхналогій».

Усё гэта сёння Прэзідэнту прадэманстравалі ў Ваеннай акадэміі. Асабліва цікава, сказаў Аляксандр Лукашэнка, было пагутарыць з ваеннаслужачымі першага ў Беларусі інфармацыйнага падраздзялення Узброеных Сіл. «Але гэта толькі пачатак. І я кіраўнікам сказаў: нам ні ў якім разе нельга загубіць гэта зерне. Яно павінна прарасці, яно павінна даць вынік не толькі для ўнутранага рынку нашай краіны, але яны павінны папрацаваць і на экспарт, атрымаць у тым ліку добрыя грошы. У адваротным выпадку, вы не зможаце канкурыраваць з Паркам высокіх тэхналогій», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што абавязковай умовай сучаснай падрыхтоўкі з’яўляецца яе практычная накіраванасць. «Таму ваша галоўная школа — гэта не столькі, можа, вучэбныя класы, колькі палігоны і войскі, — звярнуў ён увагу. — Па шэрагу спецыяльнасцей у акадэміі, як і ў многіх іншых ВНУ, тэрміны навучання былі скарочаны па маім настойлівым патрабаванні. На падрыхтоўку любога спецыяліста трэба адводзіць не больш часу, чым гэта трэба для авалодання прафесіяй».

На думку Прэзідэнта, намаганні прафесарска-выкладчыцкага складу неабходна накіроўваць таксама на фарміраванне светапогляду курсантаў і слухачоў, таму што сучасныя ваеннаслужачыя павінны ўмець аналізаваць падзеі ў свеце.

«Усім навучэнцам, асабліва слухачам факультэта Генеральнага штаба, неабходна дакладна ўяўляць сабе месца Беларусі ў сістэме міждзяржаўных адносін і глабальнай бяспекі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён павіншаваў курсантаў, слухачоў і прафесарска-выкладчыцкі склад Ваеннай акадэміі, а таксама ўвесь склад Узброеных Сіл Беларусі з надыходзячым святам, выказаўшы ўдзячнасць за ратную працу, мужнасць і самаадданасць.

«Упэўнены, што адданасць сваёй краіне, воінскаму абавязку, высокі прафесіяналізм, баявое майстэрства будуць садзейнічаць паспяховаму выкананню задач, што стаяць перад намі, для захавання міру і спакою на беларускай зямлі», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў курсантаў да нефармальнага дыялогу і адказаў на іх пытанні і прапановы.

Лукашэнка: Беларусь не займаецца тайнай дыпламатыяй

Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў асабовага складу Ваеннай акадэміі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер не той час, і трэба працаваць іншымі метадамі. А беларускія дыпламаты за мяжой і ваенныя аташэ ў першую чаргу арыентаваны на развіццё гандлёва-эканамічных адносін.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў: у Беларусі няма раздзялення паміж палітычнай і эканамічнай дыпламатыяй, і МЗС курыруе абодва гэтыя напрамкі. «Ёсць у нас і ваенныя аташэ, але не шмат і не ў кожнай краіне, — ваенныя дыпламаты, якія ажыццяўляюць кантакты ў ваеннай сферы», — адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, зразумела, неабходна, наколькі гэта магчыма, бачыць, ведаць, што адбываецца ў той ці іншай краіне. І дыпламаты шэрага дзяржаў, ваенныя аташэ сапраўды займаюцца і разведкай, і шпіянажам, аднак такія задачы ў мірны час перад беларускімі дыпламатамі не ставяцца, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. «Калі будзе абвастрэнне, на гэты выпадак у нас дыпламатыя ўзмоцніцца. Можа, і тайная дыпламатыя», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: калі мы дэстабілізуем краіну, то зноў пойдзем пад бізун

«Трэба займацца эканомікай — гэта аснова стабільнасці. Таму галоўнае — не страціць стабільнасць. Як бы ні было складана, як бы ні было цяжка. Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну — яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном. Добра, калі нас: мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнае — захаваць мір, спакой і стабільнасць.

«Гэта не таму што я Прэзідэнт і нечага там баюся. Я ўжо адбаяўся: у мяне ў першы год праз тры месяцы ў Мінску (я прыводжу прыклад часта) на тры дні мукі заставалася і метро забаставала, спыніўся ўвесь транспарт. Я ўжо ўсё гэта прайшоў. Таму галоўнае — гэта мір і стабільнасць. Вось гэтага страціць нельга, зыходзячы з таго, што робіцца ва ўсім свеце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што Беларусі цяжка канкурыраваць з сусветнымі дзяржавамі, якія забяспечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі. «А адстаць жа мы ад іх не павінны. Калі адстанем — усё, будзем нечай правінцыяй, — лічыць ён. — Таму новыя тэхналогіі, крыніцы энергіі — мы проста бегчы за гэтым павінны».

«Калі мы адстанем — мы загінем. Таму патрэбна стабільнасць. І ўвесь час трэба працаваць, увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых «монстраў» не адстаць, паколькі яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парабкамі ў якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай. Не хочацца, асабліва для дзяцей, асабліва, калі ўжо мы і вы адчулі, што такое суверэнітэт і незалежная дзяржава», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: мы з Расіяй заўсёды будзем разам, колькі б ні сварыліся і ні спрачаліся

«Гэта наш асноўны саюзнік. Мы заўсёды будзем разам, колькі б мы ні сварыліся, ні спрачаліся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў адносінах дзвюх краін быў перыяд, калі ўзнікалі складанасці і ў сферы ваеннай адукацыі: беларускіх ваеннаслужачых, якія навучаліся ў Расіі, прыраўноўвалі да замежных спецыялістаў. Было гэта яшчэ на заранку стварэння Ваеннай акадэміі Беларусі. Але хутка гэтыя пытанні былі вырашаны. «Коп’і ламаліся асабліва пры стварэнні акадэміі. Я раз падышоў да гэтага пытання, другі раз, а потым думаю: будзем сваіх рыхтаваць, створым сваю акадэмію»,- расказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова да дыялогу з НАТА на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці — Лукашэнка

«Як суверэнная дзяржава Беларусь гатова да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Мы сябе не адгароджваем ні ад каго. Мы гатовы весці гэты дыялог», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і яны павінны паважацца партнёрамі і тымі, хто хоча супрацоўнічаць з краінай.

Лукашэнка выказвае апасенні аб магчымым размяшчэнні ў Еўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасці

Прэзідэнт адзначыў, што адпаведная тэма ў тым ліку абмяркоўвалася ў час яго сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. «Яго пазіцыя практычна нічым не адрозніваецца ад той пазіцыі, якую выкладаюць у СМІ», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што верыць расійскаму боку ў тым, што ён не парушаў адпаведны дагавор, а калі на Захадзе заяўляюць аб гэтым, спрабуе знайсці адказ на абвінавачанні ў бок Расіі. «Але інфармацыі ў гэтым плане ў мяне няма. Яна скрыта. Яе ведае абмежаванае кола людзей», — заўважыў беларускі лідар.

Што датычыцца патэнцыяльнай пагрозы для бяспекі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што «гэта катастрофа, асабліва для нас». Паводле яго слоў, існуе меркаванне, што выхад ЗША з ДРСМД у тым ліку накіраваны супраць Кітая, які валодае такой зброяй, але не ўдзельнічаў у дагаворы. «Вядома, гэтымі ракетамі цераз Ціхі акіян не запусціш і ўдар па Амерыцы не нанясеш. Амерыканцы перажываюць перш за ўсё за сваіх саюзнікаў у раёне Ціхага акіяна — Карэя, Японія, свае амерыканскія базы, якія там створаны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Але я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам — сарвалі гэты дагавор, і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не здасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расіяй думаць аб мерах у адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаны (не дай бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД. — Заўвага БЕЛТА). Мы прыхільнікі міралюбівай палітыкі. Нам не патрэбны гэтыя разборкі вялікіх дзяржаў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды цярпелі. Таму нам не патрэбна гэта бойня, бойка, асабліва цяпер вакол Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што НАТА ўсё ж такі можа пайсці на размяшчэнне такіх ракет у Еўропе: «Мне здаецца, хоць Паўночнаатлантычны альянс заяўляе аб тым, што яны не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У адваротным выпадку, навошта выходзіць. Навошта было разбураць гэты дагавор? Трэба было дагаворвацца з Кітаем і падключаць яго (да дагавора. — Заўвага БЕЛТА), калі размова пра Кітай».

Тэма набору ў армію будзе абмеркавана на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі

«Цяпер будзем на Савеце бяспекі разглядаць праблему набору ў армію», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што цяпер, напрыклад, існуе вялікая колькасць медыцынскіх падстаў для атрымання адтэрміноўкі. Пры гэтым размова не толькі аб сур’ёзных захворваннях, але і аб нейкіх нязначных парушэннях. «З плоскаступнёвасцю не бяруць, касавокі — не прыдатны…», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

«Мы цяпер паглядзім, вызначым тыя хваробы, з-за якіх служыць у арміі не могуць, — сказаў Прэзідэнт. — Паглядзім з цягам часу і па тэрмінах службы, і па іншых напрамках».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што армейскую школу так ці інакш трэба прайсці практычна ўсім. У тым ліку кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным праводзіць кароткатэрміновыя прызывы і ў гады вучобы ў цывільных ВНУ, каб студэнты маглі асвоіць некаторыя элементарныя рэчы ў плане ваеннай падрыхтоўкі. «Якая б армія ні была ў нас, але гэта школа. Чалавек павінен служыць у арміі. Гэта зусім іншы чалавек пасля арміі. І спорт — гэта аснова ўсяго», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама заявіў, што цяпер сур’ёзна думае над вяртаннем у Беларусі нечага падобнага да нарматываў комплексу ГПА. І ў цэлым размова ідзе аб неабходнасці больш актыўнага фізічнага і працоўнага выхавання дзяцей і моладзі, у першую чаргу ў школах.

Лукашэнка: калі мне паведамляюць аб дзедаўшчыне, у мяне ў жылах кроў закіпае

Звяртаючыся да курсантаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бывае арміі без дысцыпліны. У ёй неабходны парадак, але не павінна быць салдафонства. «Вы не павінны быць грубіянамі ў адносінах да сваіх падначаленых, — сказаў Прэзідэнт. — Не дапускайце дзедаўшчыны. Калі я атрымліваю інфармацыю аб дзедаўшчыне ў падраздзяленнях, у мяне ў жылах проста кроў закіпае».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі б курсанты даведаліся, як ён у свой час змагаўся з дзедаўшчынай, яны ахнулі б. Даходзіла да сутычак з дзядамі, якія здзекаваліся з салдат. Але ў выніку ўсё заканчвалася добра. «Я дабіўся таго, што ў роце была жалезная дысцыпліна. Без дысцыпліны мы нічога не зробім. Але ўсё павінна быць па-мужчынску, і ў аснове павінна быць справядлівасць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць галоўным дасягненнем суверэнную і незалежную Беларусь

«Суверэнітэт і незалежнасць — гэта самае вялікае дасягненне, якое мы сёння маем. І я горды і рады, што я першы Прэзідэнт гэтай суверэннай краіны. І тое, што мы стварылі разам, — гэта самае вялікае дасягненне. Мы з вамі пабудавалі першую ў нашай гісторыі суверэнную незалежную дзяржаву», — сказаў беларускі лідар.

Каменціруючы домыслы, якія раз-пораз з’яўляюцца, наконт пагрозы суверэнітэту Беларусі, кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне, кім трэба быць, каб, стварыўшы і ўзначаліўшы незалежную дзяржаву, потым дапусціць такое развіццё падзей. «Вы што, пахавалі б яе ўласнымі рукамі, уключыўшы ў склад нейкай краіны, не тое Польшчы, не тое Расіі. Я на гэта ніколі не пайду», — падкрэсліў беларускі лідар.

«У мяне ёсць дакладныя межы, за якія я не магу пераступіць. І самае галоўнае — аберагаць (перш за ўсё вашым розумам, талентамі, рукамі) суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Таму вы нават не слухайце і не чытайце, калі ідзе размова аб страце суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА.

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі.

 

Popularity: 1%

Top