За паваротам — далягляд

За паваротам — далягляд

 Нарыс


Тры сястры

Штолета тры сястры Антонік — так іх памятаюць аднавяскоўцы, хоць у кожнай даўно мужавы прозвішчы, — прыязджаюць у родную Цвярдоўку на Піншчыне. Яшчэ стаіць бацькава-матчына хата, зелянее знаёмая вулачка, паблісквае Агінскі канал, што працякае паўз самую вёску, а ў ваколіцах па-ранейшаму раскашуе жывучая палеская прырода: лес, лугі, не дужа закранутая меліярацыяй Ясельда. Тут яны заканчвалі васьмігодку, адсюль хадзілі або ездзілі на роварах у сярэднюю школу ў Лагішын — за сем вёрст, бо дабірацца бліжэй, па той бок Ясельды, не давала вялікае разводдзе ракі.
Згадкі пра маленства ды школьнае юнацтва кожны раз перапаўнялі сясцёр, амаль аднолькавыя для ўсіх. А зойдзе гаворка пра выбар самастойных жыццёвых шляхоў, пра цяперашні прафесійны занятак, тады Аляксандра прымаўкае, слухае. І старэйшая за яе Марыя, і маладзейшая Галіна — медыкі, тэрапеўт і эндакрынолаг. Марыя, залатая медалістка Лагішынскай школы, ужо вучылася ў Мінскім медінстытуце, калі Шура заканчвала дзесяцігодку. Закончыла з сярэбраным медалём, асабліва цвёрдыя пяцёркі былі за веданне матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін, вельмі патрэбных акурат медыкам. У сталіцу, куды клікала сястра, дзяўчына паехала, аднак паступіла не ў яе інстытут, а на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. “Я псіхалагічна не гатовая была паўтарыць старэйшую, — кажа сёння Аляксандра Іванаўна. — Адчувала, што гэта не маё: аперацыі на чалавеку, кроў…”
Белдзяржуніверсітэт “чыстых” настаўнікаў не рыхтуе. Вось і ў яе дыпломе спецыяльнасць азначана так: хімік, і толькі потым — выкладчык хіміі. Адпаведна студэнты праходзілі і практыку: месяц — у школе, амаль паўгода — на хімічнай вытворчасці. Аляксандра праходзіла яе на заводзе медпрэпаратаў. Была ў захапленні: стану хімікам, і работа мая будзе блізкая да сестрыных (малодшая Галіна ўжо рыхтавалася да паступлення ў медыцынскі).
Ды лёс вызначыў іншае. Размеркавалі Аляксандру Антонік у вясковую школу ў Рэчыцкім раёне, дакладней, яна не супраць была туды сама, за кампанію з сяброўкамі. Адпрацаваць належнае і пакінуць настаўніцкую працу не атрымалася. Не адпускалі. Спачатку — райаддзел адукацыі, бо не ставала педагогаў, потым — каханне. За пяць гадоў змяніла тры школы, у апошнюю з іх, Жмураўскую, пераехала да мужа, настаўніка фізкультуры Аляксандра Дзяжко. Працавалі разам, а ў 1978 годзе знайшлі пастаяннае месца жыцця і працы ў Жабінцы, куды паклікала зноў жа старэйшая з сясцёр Антонік — Марыя Пачынчык, многія жабінкаўцы яе добра ведаюць.

Жабінкаўская “прыстань”

Жабінка для Аляксандры Іванаўны Дзяжко стала, такім чынам, канчатковым выбарам не толькі геаграфічным, а і прафесійным. Калі ў вясковых школках Гомельшчыны яна “ўцягнулася” ў педагагічную працу, набыла навык, дык тут набіралася вопыту, майстэрства, набліжалася да заслужанага прызнання. І што з таго, што настаўніцаю стала дзякуючы збегу абставін або таму, што “пераканала сябе” (яе словы)? Цяжка цяпер сказаць, ці атрымаўся б з яе хімік-тэхнолаг лепшы за хіміка-педагога. Пэўна адно: не горшы. Такія людзі — адданыя абранай або даручанай справе, настойлівыя ў самаадукацыі і прафесійным росце, з глыбокім пачуццём адказнасці і сумленнасцю — праяўляюць сябе паўсюль, на любой працы. “Гэта, мусіць, маё наканаванне — поўная самааддача, за што б ні ўзялася; ад нараджэння гэта ці ад выхавання, не ведаю, — шчыра прызнаецца Аляксандра Іванаўна і з усмешкаю дадае: — Наканаванне, а часам і бяда мая…” Што да “бяды”, дык ёсць народныя прымаўкі — абы здароўе, работа будзе; ці — хто не бяжыць, той не спатыкаецца. А вось абавязак працаваць на поўную сілу і нярэдка звыш яе, дзякуючы самаўдасканаленню, лёгка пацвердзяць калегі другой, хоць там А.І.Дзяжко працавала ўсяго два месяцы, да дэкрэтнага водпуску, і першай, якой прысвяціла паўтара дзясятка гадоў, гарадскіх сярэдніх школ, нарэшце ліцэя, дзе працуе з першага яго дня і па сёння. Не цуралася, пакуль займела сталае месца, быць выхавальніцаю, лабаранткаю, сумяшчаць гэтую працу з працаю на паўстаўкі настаўніцаю хіміі. А ўвайшла ў сапраўднае прафесійнае рэчышча — наваліліся нагрузкі: старшыня пярвічнай прафарганізацыі, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання, дэпутат гарсавета…
Школаю станаўлення педагагічнага майстэрства Аляксандра Іванаўна лічыць СШ №1, дзе пераймала вопыт і веды завучаў Валерыі Міхайлаўны Галаўчынер і Тамары Рыгораўны Гаціла. Яны наведвалі яе ўрокі, далікатна, але строга аналізавалі, падказвалі неабходную метадычную літаратуру, вучылі працы над сабою, да чаго маладая настаўніца была гатова і выпісвала беларускія, расійскія газеты, часопісы і кнігі нават паверх “падказак”. У тыя часы — такое было патрабаванне — педагогі многа “біліся” над слабымі вучнямі: пакідалі іх пасля ўрокаў, падцягвалі іхнія веды да агульнасярэдніх і не надта ўлічвалі схільнасцей сваіх выхаванцаў. Такая была метадалогія (ідэалогія) у савецкім грамадстве наогул. Памятаеце, у М.Горкага: усе чорненькія, усе бегаюць?… “Гэта пройдзе, дайце час”, — здагадвалася Аляксандра Іванаўна і ахвотна вяла факультатыўныя заняткі з вучнямі здольнымі і захопленымі. Сярод іх, дзякуючы дыферэнцыраванаму падыходу настаўніцы, неўзабаве паявіліся пераможцы раённых і абласных, удзельнікі рэспубліканскіх школьных алімпіяд.
Асабліва адораным — асаблівая ўвага. Аднак жа такіх трэба своечасова знайсці і рыхтаваць у алімпіяднікі не на самым пярэдадні вучнёўскіх конкурсаў, а загадзя, паступова, з сярэдняй ступені. На пачатку трэцяга тысячагоддзя гонарам першай гарадской адзінаццацігодкі стаў васьмікласнік Максім Старыкевіч, “галоўны хімік”, як называлі яго ў школе. Завуч Т.Р.Гаціла, настаўніца А.І.Дзяжко, іншыя калегі заўважылі яго здольнасці ў хіміі і цягу да гэтай навукі яшчэ за два гады да дэбюту на алімпіядах. Аляксандра Іванаўна займалася з ім індывідуальна, паводле апераджальнай сістэмы навучання, шмат увагі ўдзяляла працы ў лабараторыі, за хімічнымі доследамі, да якіх хлопчык проста “прыкіпаў”, нярэдка эксперыментаваў сам. У выніку васьмікласнік Максім выканаў конкурснае заданне на абласной алімпіядзе за … дзявяты клас. Тады, у 2003-м, ён заняў шостае месца, а ўжо праз год — прызавое. Хіміі як навуцы застаецца верным дасюль. Закончыў ліцэй пры БДУ, сёлета — тэхналагічны ўніверсітэт, а цяпер працягвае вучобу за мяжой, у Партугаліі. З цягам часу даведаемся пра яго як пра навукоўца? Яго былыя настаўнікі і аднакласнікі задаюцца гэтым пытаннем усур’ёз.

Даніна ліцэю

Што яе запрасілі на працу ў Жабінкаўскі ліцэй, які адчыняўся ў 2006 годзе, нечаканасцю для Аляксандры Іванаўны не стала, хоць развітвацца з ранейшымі калегамі і вучнямі было шкада. Запрашэнне, зрэшты, падразумявала і службовы абавязак, і неабходнасць. “Каму, як не вам, — пераконваў тадышні загадчык райаддзела адукацыі Яўген Георгіевіч Гук, — узначаліць хіміка-біялагічны клас? Вопытнаму, больш чым з 30-гадовым стажам педагогу, нязменнаму кіраўніку раённага метадычнага аб’яднання?..” Нязменным была Аляксандра Іванаўна і членам абласной творчай групы настаўнікаў хіміі, семінары якой праходзілі ў самых розных кутках Брэстчыны — школах, гімназіях, ліцэях. Больш высокая прыступка ў навучанні дзяцей вабіла яе, і ў першую чаргу — профільнае навучанне, што прадугледжвала дыферэнцыраваны падыход і ўнутры яго. Развіццё кожнага вучня ў адпаведнасці з яго інтарэсамі і магчымасцямі — гэта стала стрыжнем у яе практычнай дзейнасці ў выкладцы ўласнага вопыту ў праекце “Фарміраванне ведаў вучняў на аснове пераемнасці ў сістэме “ўрок-факультатыў”. Якім чынам фарміруецца такая сістэма? “Жыццё — гэта пастаяннае рашэнне праблем, — піша настаўніца вышэйшай катэгорыі ліцэя А.І.Дзяжко. — І сваю галоўную задачу бачу ў тым, каб пазнанне адбывалася ў самастойнай дзейнасці вучняў з выхадам на практычна значны вынік”. Вось чаму такую вялікую ўвагу яна ўдзяляе рашэнню з вучнямі эксперыментальных задач, лабараторным работам, экскурсіям на прадпрыемствы, дзе выкарыстоўваюцца хімічныя тэхналогіі (цукровы і камбікормавы заводы, станцыя абезжалезвання вады і інш.). Думкамі, назіраннямі і высновамі дзеліцца на педсаветах і пасяджэннях метадычнага аб’яднання, у Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі, на старонках часопісаў “Народная асвета” і “Праблемы выкладання хіміі”.
Цеснае спалучэнне тэорыі і практыкі, прывіццё вучням працавітасці і творчага пошуку даюць плён. Першыя месцы ліцэістаў на раённых алімпіядах па хіміі — гэта ўжо стала правілам. Сярод выпускнікоў-медалістаў ёсць і тыя, хто вучыўся ў профільным класе ў Аляксандры Іванаўны Дзяжко. Задаволена педагог таксама тым, што многія яе выхаванцы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, так ці інакш звязаныя з хіміяй. Толькі на медыкаў і фармацэўтаў зараз вучыцца 25 былых жабінкаўскіх ліцэістаў (без уліку навучэнцаў каледжаў).
Ну, а ці будуць сярод мінулых чатырох выпускаў настаўнікі хіміі? На жаль, адзінкі. Хто на памяці ў настаўніцы — Дар’я Верціханава, старшакурсніца Брэсцкага дзяржуніверсітэта. І ўсё. Здзіўляцца тут не выпадае: сёння прафесія педагога не асабліва прэстыжная, бо нялёгкая і не адпавядае велічыня яе аплаты. Вось і сын Аляксандры Іванаўны Дзмітрый скончыў тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску (здаваў, вядома ж, матчын прадмет) і стаў эканамістам, працуе на аўтазаводзе. “Не зацікавілі?” — наўпрост спытаўся я ў маці. “Напэўна, — гэтак жа проста адказала яна. — Ён зрабіў самастойны выбар, як робіць уся цяперашняя моладзь. А што ён у сталіцы, гэта мне прыемна, я ж марыла сама пра яе”. Яна тут жа згадала сустрэчу аднакурснікаў — былых выпускнікоў хімфака БДУ — праз дваццаць гадоў. “Што б вы думалі: аказалася, толькі я ды яшчэ дзве-тры сяброўкі працуем педагогамі. Амаль з паўсотні!” Гэта, канечне, насцярожвае Аляксандру Іванаўну: “Не дай Бог таго часу, калі ўрокі хіміі будуць весці філолагі ці хай сабе матэматыкі, як я калісьці, у школе пад Рэчыцай, падмяняла настаўнікаў матэматыкі і нямецкай мовы. Хто ж тады будзе рыхтаваць хімікаў-тэхнолагаў, лабарантаў, тых жа медыкаў?..”
Педагагічны шлях самой Аляксандры Іванаўны набліжаецца да саракавой вярсты і добра, што не заканчваецца. Такое задавальненне выказаў і дырэктар Жабінкаўскага ліцэя Аляксандр Рыгоравіч Паляшчук: “Я дужа рады, што з намі побач працуе Настаўнік з вялікай літары. Яна ўсё жыццё ў педагогіцы. Дасканала ведае свой прадмет, псіхалогію дзяцей. З ёю камфортна калегам, дырэкцыі, гэта ж надзвычай важна — быць упэўненым у чалавеку, ведаць, што ніколі ні ў чым не падвядзе. Поспехі ў працы Аляксандры Іванаўны відавочныя, пра што сведчаць шматлікія граматы рай- і аблана, Міністэрства адукацыі Беларусі за развіццё здольнасцей у вучняў, за метадычную работу, падрыхтоўку іх да алімпіяд розных узроўняў і за іншае. Закончыцца працоўны кантракт з ёю — заключым новы, бо пакуль што не ўяўляю калектыў без яе. Проста грэх адпускаць такога педагога і чалавека”.
Алесь КАСКО.
На здымку: настаўніца хіміі Жабінкаўскага ліцэя Аляксандра Іванаўна Дзяжко.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top