Здаровае харчаванне спрыяе навучанню

Здаровае харчаванне спрыяе навучанню

Алёна НІКАНЧУК.
З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця ў Маціевіцкай базавай школе прайшла акцыя “Здаровае харчаванне”. У фае ўстановы быў размешчаны інфармацыйны стэнд “Здаровае харчаванне школьніка”.
Для вучняў пачатковых класаў педагог Аксана Лугоўская арганізавала хвілінку малявання “Дзе жывуць вітамінкі?”, а пра неабходнасць ужывання ў ежу розных вітамінаў хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся з мультфільма “Смяшарыкі. Выпраўленчае харчаванне”.
Для навучэнцаў 5-9 класаў была арганізавана сустрэча з фельчарам Крыўлянскай амбулаторыі Віялетай Копцюх, якая расказала дзецям пра карысць здаровага харчавання, пасля чаго вучні прагледзелі відэаролік “Прынцыпы здаровага харчавання”. Яны таксама прынялі ўдзел і ў тэсціраванні “Ці правільна ты харчуешся?”, якое арганізавала педагог школы Вольга Цупа. Па яго выніках падлеткі даведаліся, на што ім неабходна звярнуць увагу ў рацыёне, падзяліліся правіламі здаровага харчавання сваёй сям’і і атрымалі карысныя тэматычныя памяткі.

Popularity: 1%

Top