Там, дзе мы былі маладымі

Там, дзе мы былі маладымі

Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Анатоля РОСТАВА.

Зразумелая наша ўсхваля-ванасць, калі 2 лютага ехалі ў вёску Бастынь Лунінецкага раёна, дзе мы былі маладымі і дзе для нас пачыналася многае з таго, што апасля стала жыццёвай дарогаю.
Бастынь — вялікае палескае сяло. Яно ўзгадавала генерал-маёра Івана Дырмана, віцэ-адмірала Івана Качановіча, начальніка абласнога ўпраўлення аздараўлення і курортнага лячэння Ніну Чопчыц, урача абласной дзіцячай бальніцы Міхаіла Буську і людзей многіх-многіх прафесій. Цяпер сяло з радасцю сустракае вяртанне іх дадому з блізкіх і далёкіх дарог.
На вечары сустрэчы з выпускні-камі, калі далі слова знакамітаму ўрачу Буську, Міхаіл Міхайлавіч сказаў, што ён, нягледзячы на тое, што працуе ў Брэсце, падтрымлівае самыя цесныя сувязі з малой радзімай: яму звоняць удзень і ўначы, і ён стараецца памагчы кожнаму, бо яны, бастынцы — землякі.
Мне выпала выступаць ад імя старэйшых педагогаў. Я згадаў, якой нас сустрэла Бастынь а сярэдзіне 60-х гадоў. Тут мы вучыліся вучыць дзяцей, даказваючы, што інстытуты нам выдалі дыпломы недарма. Тут нарадзіліся наша сям’я і сын Анатоль, які сёння працуе ў рэдакцыі жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда”.
З Бастыні я пасылаў апавяданні, казкі і гумарэскі ў рэспубліканскія газеты і часопісы, склаў першую кніжку апавяданняў і казак для дзяцей “Вавёрчына дзякуй”. У 1968 годзе я па-руску напісаў верш “Бостынь и белый завиток”, а праз паўвека ўжо па-беларуску “Дзякуй Бастыні”:

Калі ласка, сустракай,
Лунінецкі мілы край!
Еду з радасцю, як госць,
У Бастынь, у маладосць…

Колькі слоў удзячнасці сказалі тым вечарам колішнія выпуснікі школе, педагагічнаму калектыву, які сёння ўзначальвае Генадзь Вячорка, сябрам-аднакласнікам! Словы віншавання межаваліся з нумарамі мастацкай самадзейнасці, што падрыхтавалі вучні.
А на экране — школа: чым сёння жыве і якія мае поспехі. Хаця цяпер тут займаюцца крыху болей за сто вучняў, але яны годна прадстаўляюць сваю школу на розных алімпіядах і конкурсах, вяртаючыся дамоў з дыпломамі. Значыць, 26 педагогаў, што працуюць цяпер у Бастынскай сярэдняй школе, даюць сваім выхаванцам трывалыя і такія патрэбныя веды, з якімі тыя ўступаюць у самастойнае жыццё.
Пасля ўрачыстай часткі пачаліся танцы. Учарашнія хлопчыкі і дзяўчынкі, быццам скінуўшы з плячэй дзясяткі гадоў, сёння кружыліся ў вальсы, танцавалі пад сучасныя мелодыі, успаміналі школьныя гады. І тут і там можна было пачуць: “А памятаеш?”, “А ў нас так было…” І пачыналіся доўгія-доўгія ўспаміны.
Мы таксама хацелі сустрэцца з тымі, каго ведалі і з кім сябравалі, як жылі ў Бастыні. Таму наведалі Надзею Бурда ды Любоў Марка, колішніх настаўніц Ніну Поткас ды Валянціну Зылевіч. Жадалі пабачыцца і з Мікалаем Кезем, які ў 60-я працаваў музычным кіраўніком у мясцовым клубе, дзе выканаўцамі песень часта былі настаўнікі, а ў апошнія гады — рэгентам у Свята-Параскевінскай царкве. Ды Мікалай пачуваў сябе не вельмі, каб прыйсці ў школу, але сказаў, што на вечары будзе яго найменшая дачка Наталля, якая прыехала з Падмаскоўя. І яна сапраўды адшукала нас і прынесла добрае слова ды радасць ад бацькі, які вельмі жадаў з намі пабачыцца.
На развітанне хочацца сказаць словы ўдзячнасці былой выпускніцы Ніне Качановіч, якой удалося сабраць у школе і настаўнікаў, і вучняў, якія сорак-пяцьдзясят гадоў таму працавалі ў Бастыні ці скончылі школу; колішняй настаўніцы Марыі Процык, якая дала прытулак прыезджым гасцям; дырэкцыі і педагогам Бастынскай адзінаццацігодкі, што разам з вучнямі падрыхтавалі цудоўнае свята школьных сяброў.
На здымку:  Расціслаў і Вольга БЕНЗЕРУКІ, настаўніца Вера МЕЛЬЯНЕЦ  і ўрач Міхаіл БУСЬКА.

Popularity: 1%

Top