Жабінка. Падзеі. Факты. Каментарыі

Жабінка. Падзеі. Факты. Каментарыі

Воінам-інтэрнацыяналістам ад удзячных землякоў

Штогод 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, ускладваюцца кветкі да помніка героям-афганцам у Жабінцы, а таксама на магілы тых, хто не вярнуўся жывым з неаб’яўленай вайны і заўчасна памерлых у мірны час. Мы шчыра спачуваем родным загінулых, якія не дачакаліся сваіх сыноў, братоў, мужоў, што не здрадзілі прысязе і з гонарам выканалі грамадзянскі абавязак у Афганістане, нават ахвяруючы сваім жыццём. Ад кіраўніцтва раёна кветкі да помніка афганцам усклалі старшыня райвыканкама М.В.Токар і старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк (фота Ірыны Жук).

Вучоба прафсаюзнага актыву

8 лютага ў зале пасяджэнняў Жабінкаўскага райвыканкама праведзена вучоба з кіраўнікамі, спецыялістамі, старшынямі прафсаюзных камітэтаў арганізацый аграпрамысловага комплексу раёна. Галоўны прававы інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК А.А.Шабала расказала аб заключэнні і змесце калектыўных дагавораў, мерах паляпшэння работы прафсаюзных арганізацый у кантролі за захаваннем заканадаўства аб працы. Галоўны спецыяліст абласнога аб’яднання прафсаюзаў В.В.Стульская спынілася на калектыўна-дагаворных пытаннях аплаты працы. Удзел у мерапрыемстве прыняў старшыня райвыканкама М.В.Токар.

Што такое сямейнае шчасце?

У Дзень святога Валянціна ў гарадскім Доме культуры жабінкаўцы змаглі цудоўна адпачыць. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі “прывёз” у наш горад спектакль “Маладажоны”. Паводле водгукаў пастаноўка спадабалася гледачам. П’еса была ў многім павучальная. Яе аўтар Тамара Ян, расказваючы пра гісторыю кахання двух маладых людзей, што ўзялі шлюб, але не ведалі як жыць разам, хацела паказаць: сямейнае шчасце — гэта кахаць не толькі сябе, але і свайго выбранніка, разумець адзін аднаго.

Няхай і ў Салігорску нашых ведаюць

Як паведаміў у рэдакцыю трэнер ДЮСШ раёна Ю.Аўчыннікаў, з 7 па 10 лютага ў Салігорску праходзіў сёмы адкрыты міждзяржаўны турнір у боксе, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і памяці ветэранаў Салігорскага боксу. У ім прынялі ўдзел і спартсмены Жабінкаўскага раёна, вучні дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Другое месца ў вагавай катэгорыі да 54 кг сярод юніёраў заняў выпускнік спартыўнай школы Максім Шпакаў. Цяпер ён займаецца ў Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву (першы трэнер В.Барболін). У роўным баі Максім у фінале прайграў баксёру з Літвы. Трэцяе месца ў Аляксандра Сямейкі (Маціевіцкая БШ) у вагавай катэгорыі да 54 кг сярод юнакоў.
Віншуем спартсменаў, жадаем поспехаў і далейшых перамог!
Падборку падрыхтавала Святлана МІКАЛАЕВА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top