Турнір у гонар земляка

Турнір у гонар земляка

Сёлета 15 лютага спаўняецца 30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Гэта памятная дата, якая нікога не пакідае раўнадушным. Свой воінскі абавязак перад Радзімай салдаты і афіцэры выканалі годна і да канца. Іх стойкасць, мужнасць, ратную доблесць пацвярджаюць рэальныя падзеі. Афганскую вайну прайшлі больш за 620 тысяч ваеннаслужачых. У іх шэрагах быў і жабінкавец Васіль Дудар, старшы лейтэнант, камандзір разведузвода ў Рэспубліцы Афганістан з лютага 1983 года. Ён неаднаразова прымаў удзел у баявых аперацыях.
29 верасня 1983 года падчас бою, будучы цяжка параненым, ён падпоўз да дома, з якога вялі кулямётны агонь і які перашкаджаў руху ўперад, і закідаў яго гранатамі. У гэтым баі Васіль Дудар загінуў, але забяспечыў разведчыкам магчымасць дабрацца да кішлака і блакіраваць выхад з яго. За мужнасць і адвагу наш зямляк узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (пасмяротна). Пахаваны ў вёсцы Арэпічы.
Амаль у кожным населеным пункце Беларусі ёсць вуліцы, навучальныя ўстановы, воінскія часці, названыя ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Іх імёны ўвекавечаны на абелісках і помніках. Піянерская дружына нашай школы носіць імя Васіля Дудара.
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у нашай установе штогод праходзіць турнір па валейболе, прысвечаны Васілю Дудару. У мінулую суботу, 9 лютага, чарговы XV турнір сабраў навучэнцаў Крыўлянскай і Ленінскай, першай і другой адзінаццацігодак. Сёлета спаборнічалі дзяўчаты. Ва ўпартай барацьбе перамагла каманда другой гарадской школы (кіраўнік Марыя Грышан) (на здымку), другое месца заняла каманда валейбалістак СШ № 1 (кіраўнік Аляксандр Дарафяйчук), трэцяе месца заваявалі дзяўчаты з Ленінскай сярэдняй школы (кіраўнік Сяргей Адзінец).
Мы, як гаспадары турніру, узнагародзілі каманды дыпломамі адпаведных ступеняў і салодкімі прызамі. На свяце прысутнічала і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская, якая павіншавала каманду-пераможцу, уручыла ёй торт і грамату раённага камітэта, а лепшым ігракам турніру — памятныя прызы і дыпломы. Іх атрымалі Анастасія Нябогава з другой гарадской школы, Маргарыта Кавальчук з СШ № 1, Ганна Білека з Ленінскай сярэдняй школы і Вераніка Масіевіч з Крыўлянскай адзінаццацігодкі.
Інеса БУЗА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Крыўлянскай сярэдняй школы.

Popularity: 1%

Top