У г.Жабінка прайшла чарговая сесія райсавета

У г.Жабінка прайшла чарговая сесія райсавета

Галоўная мэта: павышэнне якасці жыцця

У аўторак пад старшынствам С.В.Мартысюка прайшла 14 пазачарговая сесія раённага Савета дэпутатаў XXVI склікання. Удзел у ёй прыняў старшыня райвыканкама М.В.Токар.
Аб змяненнях у адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Жабінкаўскага раёна далажыла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама С.У.Озальс. яна паведаміла, што ў студзені ў вёсках Якаўчыцкага сельсавета прайшлі сходы жыхароў, на якіх абмяркоўвалася пытанне аб рэарганізацыі сельсавета.
7 лютага дэпутаты Якаўчыцкага сельсавета на сваёй сесіі далі згоду на яго ліквідацыю. Затым на сесіях Жабінкаўскага і Крыўлянскага сельсаветаў адобрана змяненне межаў і далучэнне да іх частак тэрыторый Якаўчыцкага сельсавета. 14 лютага дэпутатам райсавета трэба было даць згоду на прапанаваныя змяненні. Такая рэарганізацыя імі была прызнана абгрунтаванай, тым больш пасля аб’яднання двух сельгаспрадпрыемстваў. Падобная практыка ўзбуйнення існуе ў рэспубліцы, змяненні прайшлі ў суседніх Камянецкім, Пружанскім і Кобрынскім раёнах. Дэпутаты Жабінкаўскага райсавета выйшлі з хадайніцтвам перад Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні.
На сесіі была зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна на 2011-2015 гады. Як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук, асноўныя накірункі яе — павышэнне якасці жыцця насельніцтва, у тым ліку на аснове развіцця сацыяльнай інфраструктуры, насычэнне рынку таварамі і паслугамі, а галоўны прыярытэт — удасканаленне беларускай мадэлі сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікі.
Дэпутаты зацвердзілі таксама Генеральны план развіцця горада Жабінка. Папярэдне ён быў разгледжаны і адобраны горадабудаўнічым саветам камітэта архітэктуры і будаўніцтва аблвыканкама, праведзена грамадскае абмеркаванне ў раёне, атрыманы станоўчыя заключэнні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і інш. Намеснік начальніка аддзела архітэктуры, буданіцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, галоўны архітэктар раёна С.Я.Кандрацюк, расказваючы пра перспектывы, якія нас чакаюць, заўважыў, што праектныя прапановы зарыентаваны на павелічэнне колькасці насельніцтва горада. Так, першы этап, да 2020 года, разлічаны на прырост насельніцтва да 14 тыс. чалавек (цяпер 13,2 тыс. гараджан). Структура новай жылой забудовы вызначана ў суадносінах: 50 працэнтаў шматкватэрная і столькі ж — сядзібная. За 10 гадоў, да 2030 года, у Жабінцы прыбавіцца яшчэ 2 тысячы жыхароў. Будаўніцтва новых кварталаў будзе ісці за кошт асваення свабодных гарадскіх тэрыторый, рэканструкцыі і ўшчыльнення існуючай забудовы, а далей, пры неабходнасці, на прыгарадных землях.
Генпланам прадугледжана развіццё не толькі жылых забудоў, але й грамадскіх і вытворчых тэрыторый, уладкаванне зон адпачынку, паркаў, сквераў, а таксама інжынернае забеспячэнне горада. Галоўная мэта — стварэнне спрыяльнага асяроддзя жыццядзейнасці жабінкаўцаў.
Святлана МІКАЛАЕВА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top