Вёска ПШАНАІ Жабінкаўскі сельсавет

Вёска ПШАНАІ Жабінкаўскі сельсавет

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

УЖО НЕ ПЕРШЫ ВЕК жыве на Зямлі вёсачка Пшанаі, а ў ёй — ветлівыя цікавыя людзі. Тут “СП” знаюць і ад пачатку да канца чытаюць. Прынамсі, у хаце былой бібліятэкаркі і культработніка Веры ЛУК’ЯНЮК. Вера Васільеўна — выпускніца Азяцкай школы 1963 года. У Пшанаях жыве роўна паўвека, калі пабралася шлюбам са сваім Пятром. На жаль, апошнія пяць гадоў жанчына ўжо сама-саменькая ў сваім доме. Хіба што засталася ў падтрымку спрадвечная сяброўка-раёнка.
— У “Сельскай праўдзе” ўсё падабаецца, — ахвотна дзеліцца спадарыня Вера. — Яна ж мая газета! Выдатна пішаце пра сучаснасць і нашу гісторыю, падабаюцца вершы маладых ды таленавітых, радуюся дасягненням раёна, цікаўлюся і тым, да чаго імкнуцца людзі. Дзякуй журналістам за іх працу!
Разам са старшынёй Жабінкаўскага сельвыканкама Алегам Смаршчком зазірнулі на агеньчык і да Уладзіміра ды Валянціны ІВАНЮКОЎ. А там на самым бачным месцы раёнка! На нямое пытанне Уладзімір Адамавіч бойка загаварыў:
— А як жа! Абласную прэсу не выпісваем, а раёнку — ніколі не прамінаем. Іншыя газеты пра што заўгодна пішуць: пра тое, што тэлевізар і радыё потым неаднойчы раскажуць. Іншая справа — “Сельская праўда”. У ёй ёсць галоўнае: родныя навіны, пра блізкіх ды знаёмых людзей, пра наша няпростае мінулае ды сённяшні дзень. З раёнкай жыць цікавей!
Міжволі пачалі гаспадары згадваць сваё жыццё, тут і ўспомніла Валянціна Паўлаўна (на здымку), што на “мінулыя Пакровы” споўнілася 60 год, як яны ў пары! І ўсе гэтыя “брыльянтавыя” гады Ён і Яна разам ладненька жывуць у сваіх Пшанаях ды выпісваюць і чытаюць раёнку, чаго й кожнаму шчыра жадаюць!

Popularity: 1%