Пайшлі браты на вайну…

Пайшлі браты на вайну…

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Розныя лёсы чакалі нашых землякоў на крывавых франтавых дарогах. Адныя жывымі, хоць і параненымі ды кантужанымі, вярталіся дамоў пасля Перамогі, іншыя загінулі ў далёкіх краях ці прапалі без вестак. Усё гэта можна яскрава праілюстраваць на прыкладзе братоў Макарэвічаў з невялічкай вёскі Тамашкі Азяцкага сельсавета.
НА РАДАСЦЬ БАЦЬКАМ адзін за адным у сям’і Емяльяна і Варвары Макарэвічаў нараджаліся сыны: Ануфрый, Сямён, Іван і наймалодшы Уладзімір. Чацвёра сыноў — гэта ж сапраўдная моц пад дахам сялянскай хаты! Яны — будучыя аратыя-земляробы, прадаўжальнікі роду, якому “няма пераводу”… Так, мабыць, усё і было б. Але ў іх лёсы на світанку 22 чэрвеня сорак першага года раптоўна ўварвалася ліхалецце, паставіўшы крыж на марах і спадзяваннях.
Расповед пачнем з таго, каму ўсміхнулася фартуна. Так, Івану Емяльянавічу МАКАРЭВІЧУ (1925–2015) моцна пашанцавала. Прызваны Жабінкаўскім РВК 17 жніўня 1944 года, ён патрапіў на І Беларускі фронт, стаў байцом 1340-га стралковага палка 234-й Ламаносаўска-Пражскай ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага стралковай дывізіі, якая вызваляла Гомель, Ковель, Брэст, польскі горад Міньск-Мазавецкі і Прагу — гістарычнае прадмесце Варшавы. Радавому з Тамашак сапраўды шчасціла, асабліва ў тым пекле, у якое ператварылі гітлераўцы прыгарад польскай сталіцы.
11 кастрычніка 1944-га пасля чарговай атакі Макарэвіча не далічыліся сярод жывых і занеслі ў спіс тых, хто знік без вестак. Аднак ён усё ж знайшоўся і дайшоў са сваім палком да Одэра і Эльбы. У кнізе “Памяць” Жабінкаўскага раёна Іван Емяльянавіч згадваецца сярод ветэранаў, якія вярнуліся пераможцамі. Памёр былы франтавік 20 кра-савіка 2015-га, не дажыўшы ўсяго адзін дзень да свайго 90-годдзя.
Значна менш пашчасціла і ў жыцці, і ў “Памяці” ягонаму брату Уладзіміру Емяльянавічу МАКАРЭВІЧУ (1927–1990). У кнізе наймалодшаму з братоў не знайшлося ані слова, хоць з вайны ён прыйшоў паранены і да самай смерці, паводле слоў брата Івана, мучыўся ад ран, атрыманых на фронце.
Калі пра Уладзіміра жабінкаўская “Памяць” “сарамліва” прамаўчала, дык пра Ануфрыя Емяль-янавіча МАКАРЭВІЧА (1913–1944?) паведаміла ажно двойчы! Першы раз ён паказаны па вёсцы Тамашкі, другі — па Чыжэўшчыне. Прыроду гэтай памылкі зразумець нескладана: у тыя часы Тамашкі былі ў складзе Чыжэўшчынскага сельсавета, вось і атрымалася, што земляка, які не вярнуўся з вайны, улічылі двойчы.
З ягонай біяграфіі дакладна вядома, што Ануфрый нарадзіўся ў 1913-м у роднай вёсцы, быў сярод жабінкаўцаў, залічаных у Чырвоную Армію падчас масавага жнівеньскага прызыву сорак чацвёртага года. Служыць давялося ў 277-м стралковым палку 175-й стралковай Уральска-Ковельскай Чырванасцяжнай ордэна Кутузава дывізіі. Апошні ліст баец даслаў жонцы Кацярыне 6 верасня. 10 кастрычніка быў паранены, са снежня 1944-га ягоны след губляецца на франтавых дарогах.
Кніга “Памяць” сцвярджае таксама, што без вестак у верасні сорак чацвёртага прапаў і Сямён Емяльянавіч МАКАРЭВІЧ (1918–1942). Аднак гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці.
Сярод братоў Макарэвічаў Сямён першым патрапіў на вайну, прызваны Жабінкаўскім РВК вясной 1941 года. На жаль, першым яе і закончыў. Пасля вызвалення Аўстрыі вясной сорак пятага ў рукі савецкіх вайскоўцаў патрапіла багатая дакументацыя лагера для ваеннапалонных “Шталаг–XVIIA Кайзерштайнбрух”. З асабістай карткі, запоўненай на вязня
№ 130310 з вядомай нямецкай педантычнасцю, вынікае: Сямён нарадзіўся 7 ліпеня 1918 года ў вёсцы Глінкі Смаленскай вобласці, калі сям’я была ў бежанцах. У пачатку вайны патрапіў у палон, памёр за кратамі 14 красавіка 1942 года.

Popularity: 1%