Творчасць не супыняецца

Творчасць не супыняецца

Наталля ВАЛОШКА.

Літаратурная вечарына пад назвай “Мой свет — кніга” сабрала пад дахам Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна не толькі чытачоў, але і шматлікіх пісьменнікаў. Прысутныя з цікавасцю паслухалі пра зборнікі твораў, публіцыстычныя, празаічныя і ліры-чныя кнігі, якія выйшлі з-пад пяра берасцейцаў у 2018 годзе.
— Кнігі — гэта сапраўды наш свет, і ў кожнага ён розны, адметны, непаўторны, — заўважыла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. — Як вядома, напісанае застаецца на вякі. Пісьменнікі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі летась апублікавалі 22 кнігі. Многія з мастакоў слова прысутнічаюць на сустрэчы, каб расказаць, як нараджаліся іх творы, якім быў іх шлях да выдання.
Паэтэса Таццяна Шульга прадставіла прысутным зборнік “Доброго пути”. Яе пранікнёныя вершы нікога не пакінулі раўнадушным. Скарыў усіх сваім артыстызмам і харызмай публіцыст Аляксандр Юдзіцкі.
Зінаіда Дудзюк прад-ставіла гледачам кнігі “На парозе раю” і “Гонды”, асобна спыніўшыся на значэнні назвы апошняй, таму што гэтае спецыфічнае дыялектнае слова, незнаёмае і незразумелае жыхарам Мінскай ці Магілёўскай абласцей, выдатна падкрэслівае адметнасць Палесся.
Летась таксама былі выдадзены кнігі “Есть пророки в своём Отечестве” Анатоля Дзенісейкі, “Восеньскі першацвет” і “Вясёлка ў тумане” Валерыя Кухарчука, “Щит Персея” і “Расследаванні інспектара Сарвы” Сяргея Белаяра, “Соборная площадь” і “Поезд вне расписания” Валерыя Грышкаўца, “Служба неравнодушных людей” Таццяны Канапацкай, выйшлі чарговыя нумары берасцейскага краязнаўчага часопіса, які рэдагуе Аляксандр Валковіч, шэраг выданняў Анатоля Бярнацкага.
Як заўважыў у сваім выступленні складальнік анталогіі “Літаратурная прастора Брэстчыны” (і адзін з 58 яе аўтараў) Анатоль Бензярук, бера-сцейскія пісьменнікі і паэты нібы абудзіліся ў апошнія некалькі гадоў і сталі актыўна выдавацца.
— Можа, прычынай таму тысячагоддзе Брэста, што распаліла берасцейскае вогнішча, — выказаў меркаванне Анатоль Расціслававіч. — Падчас працы над зборнікам “Літаратурная прастора Брэстчыны” для мяне было адкрыццём, колькі таленавітых майстроў слова ў нашым рэгіёне. Некаторыя з аўтараў кнігі ўжо пайшлі ў іншы свет, але творы іх назаўсёды застануцца нашчадкам.
На завяршэнне першай часткі вечарыны сябра Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Тамашэвіч падзякаваў старшыні абласнога аддзялення Таццяне Дземідовіч і яе намесніку Любові Красеўскай за патрэбную людзям працу па захаванні творчай спадчыны нашага народа.
— Творчасць не супыняецца, — падкрэсліў Георгій Сцяпанавіч. —Яна — як хуткаплынная паўнаводная рака. І вельмі важнае ўзаемадзеянне пісьменнікаў з чытачамі і трыадзінства “творца —бібліятэка — школа”.
Літаратурная вечарына ў Пушкінскай бібліятэцы дапамагла намаляваць ва ўяўленні кожнага прысутнага творчы партрэт пісьменніцкай суполкі Берасцейшчыны. Пад такой жа назвай летась выйшаў бібліяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ.
Пад заслону мерапрыемства падвялі вынікі абласнога літаратурнага конкурсу “Пачынаецца ўсё з любві…”, абвешчанага аддзяленнем СПБ летась і прысвечанага 70-годдзю з дня нараджэння паэткі Яўгеніі Янішчыц.
— Конкурс праводзіўся ў двух узроставых катэгорыях: уласныя вершы, напісаныя па-беларуску, прымаліся ад удзельнікаў ад 18 да 30 гадоў і ад 30 да 40 гадоў, — паведаміла Таццяна Дземідовіч. — Сярод іх аўтараў мы вызначылі лепшых.
Таццяна Анатольеўна ўручыла заслужаныя дыпломы і прызы пераможцам — Наталлі Аляксейчык з Жабінкі (на здымку) і Алене Насковай з вёскі Яглевічы Івацэвіцкага раёна. Паэткі-аматаркі прадэкламавалі свае творы, якія ў далейшым увойдуць у другі выпуск штогадовага альманаха “Берасцейская скарбніца” (першы ўбачыў свет у мінулым годзе).

Popularity: 1%

Top