Зрабі прышчэпку і абарані сябе

Зрабі прышчэпку і абарані сябе

Імунізацыя — адна з самых паспяховых і эфектыўных з усіх існуючых мер прафілактыкі, захавання жыцця і здароўя людзей.
У нашай краіне дзяржава забяспечвае абарону насельніцтва ад такіх інфекцыйных захворванняў, як сухоты, вірусны гепатыт В, коклюш, дыфтэрыя, слупняк, поліяміеліт, адзёр, краснуха, эпідэмічны паратыт, грып, гемафільная інфекцыя. Існуюць вакцыны супраць ротавіруснай інфекцыі, ветранай воспы, віруса папіломы чалавека (выклікае рак шыйкі маткі), пнеўмакокавай інфекцыі. Зараз прымяняюцца комплексныя вакцыны, якія ствараюць абарону ад некалькіх інфекцый.
Дзякуючы правядзенню прафілактычных прышчэпак захваральнасць на некаторыя інфекцыі сёння зменшылася да адзінкавых выпадкаў. Вельмі важна стварыць калектыўны імунітэт, які прыпыніць распаўсюджванне ўзбуджальніка інфекцыі, што патрапіў у арганізм прышчэпленага. Хваробы зноў з’яўляюцца пры зніжэнні ўзроўню ахопу імунізацыяй. Акрамя таго, інфекцыйныя захворванні могуць быць завезены з эндэмічных краін.
Сучасныя вакцыны, якія выкарыстоўваюцца для правядзення прышчэпак, — гэта, як правіла, не цэлыя мікраарганізмы, а толькі іх актыўныя часткі — антыгены. Увядзенне вакцыны ў арганізм забяспечвае стварэнне неўспрымальнасці (імунітэту) да пэўных інфекцыйных захворванняў за кошт выпрацоўкі да іх узбуджальнікаў антыцелаў і спецыяльных клетак імуннай памяці. Такім чынам, пры ўвядзенні вакцын мы “знаёмім” арганізм з узбуджальнікамі інфекцыі і “навучаем” метадам барацьбы з імі. Калі арганізм сустракаецца з сапраўдным узбуджальнікам інфекцыі, то выпрацаваная ім абарона (імунітэт) перашкаджае развіццю захворвання ці змякчае яго працяканне. У некаторых выпадках з’яўленне пачырванення ці прыпухласці ў месцы ўвядзення прышчэпкі, невялікае павышэнне тэмпературы, якія праходзяць праз 1-2 дні і не патрабуюць лячэння, — сведчанне таго, што арганізм выпрацоўвае імунітэт.
Прышчапляючыся, вы папярэдзіце не толькі развіццё самога захворвання, але, што значна важней, развіццё найцяжэйшых ускладненняў. Зрабіце будучае жыццё больш бяспечным!
Наталля БЯЛЫХ, раённы педыятр.

Popularity: 1%

Top