Да 75-годдзя М.Стральцова (1937-1987г.г.)

Мудрэц, дарадчык, паэт

14 лютага — 75 гадоў з дня нараджэння М.Стральцова (1937-1987).
Міхась (Міхаіл Лявонавіч) Стральцоў нарадзіўся ў в.Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Вучыўся ў Нова-Ельненскай сярэдняй школе (Краснапольскі раён), затым паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1959г. Працаваў у перыядычным друку: рэдакцыях газеты “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”.
Друкавацца М.Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. Першыя яго вершы, напісаныя на рускай мове, былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе “Прамень” і ў газеце “За Радзіму” (1952). Празаічны дэбют адбыўся ў 1957г. (апавяданне “Дома”, часопіс “Маладосць”). Першая кніга апавяданняў “Блакітны вецер” выйшла ў 1962г. У гэтым зборніку М.Стральцоў праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам чалавечай душы, побыту вёскі і горада. Вобраз блакітнага ветру — спроба ў слове пераадолець аднастайнасць жыцця. Гэта метафара, з дапамогай якой выяўляецца ўменне ў звычайным знайсці незвычайнае. Да пяра пісьменніка належаць таксама кнігі “Сена на асфальце” (1966), “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970), “Падарожжа за горад” (1986), кніга выбраных твораў “На ўспамін аб радасці” (1974). Галоўнае месца ў іх займаюць лірызм, суб’ектыўна-аўтарскія адносіны да рэчаіснасці. Для твораў М.Стральцова характэрнымі з’яўляюцца дакладнасць апісанняў унутранага стану чалавека, набліжэнне да праўды жыцця, пакутлівыя развагі і думкі, светлыя надзеі і спадзяванні.
Адначасова з прозай М.Стральцоў пісаў поўныя роздуму і глыбокага пачуцця лірычныя вершы, якія ўвайшлі ў зборнікі “Ядлоўцавы куст” (1973), “Цень ад вясла” (1979), “Яшчэ і заўтра” (1983), “Мой свеце ясны” (1986). За апошні зборнік паэзіі аўтару ў 1988г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы. Ён праявіў сябе як сапраўдны эксперыментатар: сустракаюцца вершы-споведзі, філасофскія мініяцюры, замалёўкі і іранічныя вершы-экспромты. Яднаюць іх тэмы душэўнай чысціні, вернасці чалавечаму прызнанню, сувязі сучаснага з мінулым, вечнасці і несупыннасці жыцця.
Усеагульным прызнаннем карыстаўся і як таленавіты крытык. Яго праблемныя артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва, эсэ, творчыя партрэты пісьменнікаў увайшлі ў зборнікі “Жыццё ў слове” (1965), “У полі зроку” (1976) і інш. Навуковай грунтоўнасцю, эстэтычнасцю, культурай думкі, разуменнем лёсу паэта ўражвае адзін з творчых партрэтаў-эсэ “Загадка Багдановіча”.
М.Стральцоў пераклаў на беларускую мову шмат твораў рускіх, украінскіх, італьянскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў. Творы пісьменніка таксама перакладаліся. Перш за ўсё на рускую, а таксама на англійскую, балгарскую, венгерскую мовы. Яму прысвячалі вершы А.Пысін, У.Караткевіч і іншыя паэты розных пакаленняў. Пра пісьменніка і яго творы з глыбокай павагай пісалі Я.Брыль, Дз.Бугаёў, А.Вярцінскі, А.Сямёнава… Настрой і спачуванне, якія выклікаюць творы М.Стральцова, садзейнічаюць духоўнаму развіццю чытача, развіваюць успрымальнасць да праўды і дабра.
Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф ЦБС.

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*