Знайшлі сябе ў розных сферах

Знайшлі сябе ў розных сферах

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Заўтра краіна адзначае Дзень беларускай навукі — свята тысяч інтэлектуалаў, якія прысвяцілі сваё жыццё зразуменню невядомага, раней не даследаванага, таго, што можа несці карысць дзяржаве ды грамадству. Прыемна зноў і зноў зазначаць: у шэрагах айчынных навукоўцаў больш за тры дзясяткі нашых землякоў. Сёння бліжэй пазнаёмімся яшчэ з чацвёркай маладых вучоных — колішніх выпускнікоў жабінкаўскай СШ № 3, якія марылі пакінуць свой след у навуцы яшчэ са школьнай пары.

І. Медык

ЧВЭРЦЬ ВЕКУ ТАМУ з роднай школай развітаўся Андрэй Дземянцоў. За гэты час Андрэй Барысавіч ужо паспеў пакінуць прыкметны след у медыцыне.
Без перабольшвання — гэта адна з найбольш важных сацыяльных сфер, востра запатрабаваная грамадствам. Чалавечае здароўе — неацэнны скарб, і гэтай справе прысвяціў сябе Андрэй Дземянцоў — вядучы айчынны спецыяліст у галіне траўматалогіі і артапедыі, урач першай кваліфікаванай катэгорыі.
У 2011-м ён абараніў дысертацыю, атрымаўшы вучоную ступень кандыдата медыцынскіх навук, па тэме “Трайная остэатамія таза пры неспрыяльным цячэнні хваробы Лега-Кальве-Пертэса”.
Летась Андрэй Дземянцоў, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артапедыі і траўматалогіі дзіцячага і падлеткавага ўзросту Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі, атрымаў спецыяльны прэзідэнцкі грант на ўкараненне сваіх метадаў лячэння, якія на практыцы дапамагаюць юным пацыентам.

ІІ. Матэматык

ПРА ТОЕ, ШТО МАТЭМАТЫКА — царыца навук, Дзмітрый Чаргінец неаднойчы чуў яшчэ з падлеткавай пары. І калі ў 1996-м для яго прагучаў апошні школьны званок, юнак без ваганняў вырашыў стаць “падданым” тае царыцы.
Дзеля гэтага скіраваўся на матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Затым былі магістратура пры роднай альма-матар ды праца асістэнтам кафедры матэматычнага аналізу і дыферэнцыяльных ураўненняў.
У 2004-м вучоны-пачатковец паступіў у аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Вынікам праз пяць гадоў стала бліскучая абарона пад кіраўніцтвам прафесара Антона Паўлавіча Садоўскага кандыдацкай дысертацыі “Праблемы адрознівання цэнтра і фокусу ў выпадку складанай асаблівай кропкі”.
Сённяшнія навуковыя інтарэсы 40-гадовага дацэнта кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў механіка-матэматычнага факультэта БДУ Дзмітрыя Чаргінца — камп’ютарная матэматыка, алгебраічная геаметрыя, крыптаграфія — усё тое, што рухае жыццё і навуку незалежнай Беларусі наперад.

ІІІ. Гаспадарнік

МІЛЕНІУМ СТАЎ ВЫРАШАЛЬНЫМ у лёсе выпускніка 1992 года Андрэя Хайбуліна. Па-першае, у Акадэміі аграрных навук Беларусі ён абараніў дысертацыю “Фізіка-хімічнае і біялагічнае абгрунтаванне скарыстання бакавых сумесяў гербіцыдаў і дапаможных рэчываў для барацьбы з пустазеллем у пасевах азімай пшаніцы”, атрымаўшы вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. Па-другое, стаў генеральным дырэктарам іншаземнага прадпрыемства “Штотц Агра-Сэрвіс”, якое вельмі паспяхова дзейнічае ў Беларусі.
Першапачаткова яно ўтварылася на базе двух стратных калгасаў Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Неўзабаве набыло больш за пяць тысяч гектараў зямлі, на якіх працаўнікі вырошчваюць зерневыя культуры і кармы, неабходныя дзеля ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Аднак асноўнае прызванне “Штотц Агра-Сэрвісу” — дапамога прыблізна паўтары тысячам гаспадарак нашай краіны ў набыцці ды сэрвісным абслугоўванні высокавытворчай тэхнікі і запасных частак фірмы CLAAS.
І ўсёй гэтай адладжанай на заходне-еўрапейскі манер сапраўды “нямецкай машынай” кіруе колішні выпускнік трэцяй гарадской школы ў Жабінцы Андрэй Ігаравіч Хайбулін!

ІV. Праграміст

ПЕРСПЕКТЫЎНАЯ СФЕРА высокіх сучасных тэхналогій — занятак, якому прысвяціў сябе Юрый Мятліцкі. Ён пакінуў школьны парог у 1991 годзе і сёння рупіцца ў Маскве ва Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце аўтаматызацыі ўпраўлення ў непрамысловай сферы імя В.В. Саламаціна. Інстытут паспяхова працуе ў вобласці распрацоўкі абароненых праграмна-тэхнічных комплексаў і сучасных праграмных сродкаў, у тым ліку ў галіне абароны дзяржаўнай таямніцы Расіі. Відавочна, існуе прыкметны ўнёсак нашага земляка ў тое, што калектыў распрацоўшчыкаў УНДІНС атрымаў прэмію Урада Расійскай Федэрацыі ў галіне навукі і тэхнікі за 2006 год за дасягнутыя высокія вынікі ў стварэнні ды ўкараненні абароненых інфармацыйных тэхналогій.

Popularity: 1%

Top