У Жабінкаўскім раёне пачаў дзейнічаць новы праваахоўны орган

У Жабінкаўскім раёне пачаў дзейнічаць новы праваахоўны орган

З 1 студзеня гэтага года пачаў дзейнічаць Жабінкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Узначаліў яго падпалкоўнік юстыцыі Аляксандр Ціханавіч Дзягель, які раней працаваў на пасадзе пракурора раёна. З ім размова пра задачы, пастаўленыя перад новай следчай структурай, шляхах іх вырашэння.
— Аляксандр Ціханавіч, навошта створаны ў краіне Следчы камітэт?
— Галоўныя задачы, якія вырашаюць супрацоўнікі гэтай структуры, — аб’ектыўнае, усебаковае расследаванне пры ўзбуджэнні крымінальных спраў і правядзенні папярэдняга следства. Вельмі правільна, што створаны орган цалкам незалежны ў сваіх дзеяннях, непадпарадкаваны іншым ведамствам. Гэта гарантуе самастойнасць у дзеяннях, дазваляе ўдасканаліць дзейнасць папярэдняга следства і ўзмацніць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудзебнай крымінальнай вытворчасці.
— Колькі спецыялістаў у яго складзе?
— Акрамя начальніка аддзела ў штатным раскладзе прадугледжана пасада майго намесніка, якую займае маёр юстыцыі Аляксей Іванавіч Струк. За ягонымі плячыма — пятнаццаць гадоў службы ў органах унутраных спраў. Найбольшы цяжар у раскрыцці, вядзенні спраў ускладаецца на следчых: маёраў Дзмітрыя Яўгенавіча Галаванчука, Віталя Віктаравіча Сірэнку, Аляксандра Мікалаевіча Кузьміча, падпалкоўніка Сяргея Аляксеевіча Шалягейку, капітанаў Яўгена Уладзіміравіча Самускевіча і Ірыну Анатольеўну Мельнічук. Акрамя іх у склад аддзела ўваходзіць інспектар групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці маёр юстыцыі Вікторыя Віктараўна Раецкая.
— Чым займаліся супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта ў першы месяц працы? Даследуеце старыя справы альбо ўзніклі новыя?
— Пасля стварэння Следчага камітэта нам былі перададзены 24 крымінальныя справы ад папярэдняга расследавання Жабінкаўскага РАУС, аднак за гэты час узбуджана і 15 новых. Крымінальныя справы розныя: большасць — крадзяжы маёмасці грамадзян, дарожна-транспартныя здарэнні (у тым ліку са смяротным зыходам). Аднак ёсць у распрацоўцы і справы, што датычацца незаконнага захоўвання боепрыпасаў і наркотыкаў, нявыплаты аліментаў, крадзяжы з банкаматаў, інш. Следчыя дзяжураць у складзе следча-аператыўнай групы раённага аддзела ўнутраных спраў. Калі ў РАУС паступае інфармацыя аб злачынстве, дзяжурны накіроўвае на месца групу на чале са следчым, які прымае рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
— Якія вынікі аддзела ў абароне законнасці?
— Хоць тэрмін існавання Следчага камітэта на Жабінкаўшчыне пакуль невялікі, але за гэты час дзевяць спраў ужо накіраваны ў суд, у адным выпадку справа спынена, паколькі грамадзяне пайшлі на прымірэнне. Адзначым, што за час работы раённага аддзела Следчага камітэта не было выпадкаў незаконных затрыманняў грамадзян, валакіты ў разглядзе крымінальных спраў. Таму жабінкаўцы заўсёды могуць звярнуцца да нас па дапамогу, каб атрымаць кампетэнтны адказ, адчуць большую абароненасць сваіх правоў, якія гарантуе заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Гутарыў Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top