Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на Жабінкаўшчыне

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на Жабінкаўшчыне


“Хацеў заўсёды здзейсніць подзвіг…”

Памятаю, як у 80-ыя гады мінулага стагоддзя непакоіліся бацькі за сыноў, якім ісці ў армію. Многія, бы заклінанне, казалі: “Каб толькі не ў Афганістан…” Трывогаю за лёс дзяцей былі ахоплены найперш мацярынскія сэрцы.
Да 1982-га Жабінкаўшчына не ведала ахвяраў той вайны. Восенню ў нашай зямлі пахавалі першага — 19-гадовага Валерыя Уладзіміравіча Мігеля.
Згадвае настаўніца гісторыі Валянціна Васільеўна Камовіч:
— Ён вельмі хацеў служыць у дэсанце, а трапіў у танкавыя войскі. Павінен быў пайсці восенню, але папрасіўся ў вясновы прызыў… Ягоныя школьныя сябры расказвалі: Валерка заўсёды хацеў здзейсніць подзвіг, нават абураўся: “Няма ў мірны час месца гераізму! Вось раней — у вайну…”. А мне, здаецца, свой подзвіг усё ж ён здзейсніў. І не аднойчы.
Быў такі выпадак: гарэў лес. Ён малых паслаў па падмогу, а сам — гэта ж якім трэба быць адважным! — тушыў… Выдатнікам вучобы не быў — але быў выдатным хлопцам.
Разам з ім прызываўся мой брат, які ў Афганістан не трапіў, а Валерыя афіцэр-“купец” прыглядзеў. Так ён стаў адным з дзесяці, каго ў той дзень накіравалі на вайну: праз Прыбалтыку, Ташкент — у Афган.
Пра яго пасмяротны подзвіг расказвалі баявыя сябры, што прывезлі дамавіну ў бацькоўскую хату.
З ліста камандавання часці Уладзіміру Раманавічу і Надзеі Андрэеўне Мігелям, бацькам Валерыя:
“16 верасня 1982 года ў раёне населенага пункта Сай… была выяўлена банда мяцежнікаў. Была створана група ахвотнікаў, у якую ўвайшоў лепшы аператар-наводчык гвардыі яфрэйтар Мігель В.У. …Сілы былі няроўныя, боепрыпасы на зыходзе, але ні разу не змоўк кулямёт у руках Валерыя. Ён заўсёды знаходзіўся там, дзе было найцяжэй… Захопленыя боем, ніхто не заўважыў, як у тыл дэсантнікам зайшла група мяцежнікаў. Не раздумваючы ні секунды, Валерый прыняў агонь на сябе. Цаною ўласнага жыцця выратаваў таварышаў…”.

— Калі яго прывезлі, — зноў гаворыць В.В.Камовіч, — у мяне быў пяты клас. Зусім яшчэ дзеці, здаецца. А ў хлопчыкаў было такое ўзрушэнне, што яны кляліся адпомсціць… Мне нават страшна за іх рабілася. Вася Грыцук сапраўды потым аказаўся ў Афгане, слава Богу, жывым вярнуўся… Збіралі матэрыялы пра Зою Касмадзям’янскую, павінны былі нашаму класу прысвоіць імя гераіні Вялікай Айчыннай, але дзеці запатрабавалі, каб атрад насіў імя Мігеля. У дні нараджэння і смерці Валерыя праводзілі зборы піянерскага атрада каля ягонай магілы. Значна пазней яго імя было прысвоена ўсёй дружыне Ленінскай СШ, збіралі ягоныя рэчы, лісты, успаміны родных, блізкіх, у школе паўстаў бюст.
Гэта было ўжо ў 90-ыя. Помнік, змешчаны ў роднай школе, вырабілі ў Мінску за сродкі торфабрыкетнага завода, дзе працавалі бацькі дый сам Валерый. Разам з мамай Надзеяй Андрэеўнай у праектнае бюро ездзілі дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Іванавіч Скрабін і настаўніца Тамара Піліпаўна Чарняхоўская.
Параўналі адлітую скульптуру са здымкам, з якога майстар ляпіў бюст, перажывалі, бо кожны памятаў — асабліва маці — якім ён быў пры жыцці.
Расказвае Ганна Іванаўна Іванова, класны кіраўнік:
— Валера быў добрым, працавітым, сапраўдным для мяне памочнікам — гэта выдатна, калі ёсць у класе вучань, якому можна даверыць любую справу. Цудоўна іграў на гітары, удзельнічаў у спаборніцтвах, яшчэ ў малодшых класах разам з бацькамі ездзіў у пасёлак Мухавецкі, дзе ладзілася спартакіяда “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”. Так усё было добра… Калі яго прывезлі, я блізка тую смерць прыняла да сэрца —захварэла ад гора. Потым збіралі Валеркавы граматы, узнагароды, лісты. Была некалі пра яго памяць моцная. Цяпер многае згубілася, забылася… Шкадую пра гэта. Трэба такое берагчы, адраджаць.
Да слоў Ганны Іванаўны далучаецца і першая настаўніца Вера Іосіфаўна Макарук, якая гаварыла са слязамі:
— У мяне гэты боль і сёння баліць. Цяжка забыць і ўспамінаць нялёгка… Я радавалася, калі ён рос, быў такім душэўным, разумеў, што можна, а чаго нельга.
Неяк у асеннім лесе пабачыў багата грыбоў, а ў руках ні кошыка, ні мяшэчка. Хуценька скінуў пінжачок і збірае ў яго грыбы. Я яго пажурыла: “Ты ж, Валера, адзежу запэцкаеш. Ой, мама не абрадуецца”. А ён у адказ: “Як грыбы прынясу — абрадуецца. Дый вопратку, Вера Іосіфаўна, сам памыю, каб маме не было клопату”.
Ці вось выпадак. Хадзілі на экскурсію ў Ацячызну, на спіртзавод, пабудаваны ў 1905 годзе. Ніхто не пабачыў, а ён раптам заўважыў: “Глядзіце, якая лесвіца старая, небяспечная! Трэба прыбраць, каб бяды не здарылася…”. Усё заўважаў з маленства і пра іншых клапаціўся.

Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: ля бюста В.У.Мігеля; у роднай Ленінскай школе.
Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top