Не было роўных ракітчукам

Не было роўных ракітчукам

Святлана БЯЛЯК.
Фотакалаж аўтара.

Раённы этап спартыўна-масавага мерапрыемства “Снежны снайпер — 2019” сабраў каманды юных спартсменаў з усіх школ Жабінкаўшчыны на стадыёне Ленінскай сярэдняй школы. Надвор’е выхаднога дня спрыяла ўдзельнікам і адпавядала радкам са знакамітага верша: “Мароз і сонца, дзень цудоўны”.
Валерый Ігнатчык, спецыяліст Жабінкаўскага райвыканкама, адкрываючы “Снежны снайпер — 2019”, пажадаў дзецям лёгкай лыжні і трапнасці і, безумоўна, перамогі мацнейшай камандзе, якая неўзабаве будзе абараняць гонар раёна на аналагічным турніры ўжо абласнога ўзроўню.
Распачала спаборніцтвы лыжная эстафета. Тут не было роўных вучням Ракітніцкай сярэдняй школы. Камандзе спатрэбілася ўсяго 19 хвілін 58 секунд, каб прабегчы дыстанцыю.
Затым спаборніцтвы перамясціліся ў спартыўную залу Ленінскай школы, дзе ацэньваліся ўжо не спрыт і хуткасць удзельнікаў, а іх трапнасць і дакладнасць у стральбе па мішэнях з пнеўматычнай вінтоўкі. І зноў прадстаўнікі Ракітніцкай сярэдняй школы аказаліся на вышыні — “выбілі” 226 ачкоў! Бясспрэчным лідарам стаў Дзяніс Кучко — на яго рахунку 44 ачкі. Вольга Лісоцкая, Марына Карымава, Марыя Рабцэвіч, Арцём Сухарэвіч, Уладзіслаў Гарох — ад 38 да 34 ачкоў.
Такой колькасцю трапных стралкоў не маглі пахваліцца каманды астатніх школ. Нядрэнна траплялі па мішэнях Ілля Сверба (Крыўлянская СШ), Руслан Астапук і Сняжана Лапко з Ленінскай адзінаццацігодкі.
У агульнакамандным заліку пераможцы размеркаваліся наступным чынам: “бронза” — у каманды Ленінскай школы, “срэбра” — у прадстаўнікоў Старога Сяла, “золата” — у ракітчукоў. Павіншавала ўдзельнікаў і ўручыла дыпломы і падарункі пераможцам начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна Бурко.

Popularity: 1%

Top