Ратунак для крылатых зімоўшчыкаў на Жабінкаўшчыне

Ратунак для крылатых зімоўшчыкаў на Жабінкаўшчыне

Цёплая восень і такі ж пачатак зімы, як і кармленне людзьмі, зноў спакусілі многіх дзікіх вадаплаўных птушак сцурацца пералёту ў вырай. Сёлетнія маразы іх засталі знянацку, і яны замітусіліся, пакідаючы даўно аблюбаваныя, але пакрытыя лёдам вадаёмы. У ваколіцах Жабінкі, як засведчылі аб’езды мясцін работнікамі раённай прыродаахоўнай інспекцыі, адзіны паратунак для крылатых зімоўшчыкаў — 250-300-метровы адрэзак Мухаўца ўніз па цячэнні за гідравузлом “Навасады”, дзе ёсць быстрак і вада не замерзла. Брыгада на чале з галоўным дзяржінспектарам раёна Сяргеем Штыком, у якой быў і карэспандэнт газеты, днямі налічыла тут не менш як паўтары сотні дзікіх качак і паўдзясятка лебедзяў. Людзі прыехалі не з пустымі рукамі — з кормам для птушак, дабрачынна выдзеленым ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. І гэта быў не першит выезд на дапамогу.


Спецыялісты-арнітолагі раяць: аслабелых птушак трэба перавабліваць у тэхнічныя вадаёмы. Аднак да нашай сітуацыі гэта не адносіцца. Па-першае, нават безыменны (“цёплы”) канал заледзянеў у сувязі з перапынкам у вытворчасці на цукровым заводзе. Па-другое, у “перасяленні” няма патрэбы: і качкі, і лебедзі лёгка ўзлятаюць і доўга кружацца пры паяўленні людзей.
Птушкам, такім чынам, пакуль што нічога і ніхто не пагражае, хіба што за выключэннем лісіц, якія нарабілі на беразе і на ўскрайку лёду слядоў, цікуючы здабычу. Паляваць — прыроднае права рыжых драпежніц, а вось рабіць гэта чалавеку (нагадваю на ўсялякі выпадак) і амаральна, і насуперак закону, які ў такім разе карае асабліва строга.
Сымон АКСЕНІН.
На здымках: незамерзлы адрэзак Мухаўца; рассыпанне корму для птушак.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top