У прыярытэце — прафілактыка злачыннасці і карупцыі

У прыярытэце — прафілактыка злачыннасці і карупцыі

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.

Супрацьстаяць злачыннасці — прыярытэтная задача не толькі праваахоўнікаў, але і ўсяго грамадства. Пра тое ішла гаворка на апошняй у мінулым годзе каардынацыйнай нарадзе, што ладзілася ў раённым аддзеле міліцыі.
У КОЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ СХОДУ ўваходзілі асобы, якім непасрэдна даводзіцца займацца прафілактыкай усялякіх праяўленняў беззаконнасці. Сярод запрошаных — спецыялісты пракуратуры, міліцыі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Вера Бортнік, кіраўнік райфінаддзела Святлана Плавух, старшыні сельвыканкамаў, дырэктар камунальнай службы Павел Заграй, галоўны ўрач санаторыя “Буг” Уладзімір Жук, прадстаўнікі раённай прэсы.
З асноўным дакладам прысутных азнаёміла намеснік пракурора раёна Алена Сідарук. У фокусе аказаўся разгляд таго, як на Жабінкаўшчыне выконваецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.
Цешыць, што прынятыя сумесна меры прынеслі станоўчы вынік і не дазволілі дапусціць у 2018-м росту злачыннасці. І ўсё ж агульная іх лічба (144 за 11 месяцаў мінулага года) вымушае яшчэ больш актывізаваць дзейнасць. Па-ранейшаму найбольш распаўсюджанымі парушэннямі закона застаюцца крадзяжы, якія складаюць больш за 40 адсоткаў. Колькасць іх, на жаль, узрасла ў райцэнтры, Ленінскім і Жабінкаўскім сельсаветах.
Адмоўны ўплыў на крымінагенную абстаноўку і прафілактыку крадзяжоў аказаў нізкі ўзровень іх раскрывальнасці (усяго толькі 55,7 працэнта). У выніку 27 такіх злачынстваў засталіся нераскрытымі, зламыснікі не выяўлены, маёмасная шкода, адпаведна, не кампенсавана.
У чарговы раз хочацца папярэдзіць жабінкаўцаў: будзьце пільнымі, не забывайцеся, што найчасцей кра-дзяжы адбываюцца ў жылых памяшканнях і грамадскіх месцах. Больш за палову — у сельскай мясцовасці, куды прасцей пранікнуць нячыстаму на руку чалавеку. Калі непасрэдна ў Жабінцы ўсталёўваюцца сродкі аховы і відэаназірання, дык на сяле сказаць пра тое амаль немагчыма. Працягваюцца крадзяжы і з дачных дамоў, куды гаспадары найчасцей прыязджаюць у цёплую пару, а зімой лецішчы, пакінутыя без нагляду, аказваюцца лёгкай здабычай злодзеяў.
Прыкметна пабольшала колькасць крадзяжоў, здзейсненых асобамі, якія не працуюць і не вучацца, многія з іх вядуць асацыяльны вобраз жыцця, што таксама спрыяе парушэнню законнасці.
Асобна Алена Міхайлаўна спынілася на недахопах у прафілактычнай рабоце праваахоўнікаў з былымі асуджанымі, што вярнуліся, так бы мовіць, з месцаў не гэтак аддаленых. У выніку 11 злачынстваў здзейснена гэтай катэгорыяй грамадзян.
На думку дакладчыцы, патрабуецца таксама ўзмацніць растлумачальную работу з пажылымі, паколькі людзі шаноўнага ўзросту нярэдка становяцца ахвярамі хітрых і цынічных зламыснікаў.
Нельга не звярнуць увагу на недастатковыя меры, якія прымаюць асобныя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, каб належна захоўвалася маёмасць. У выніку дробныя крадзяжы зарэгістраваны ў ААТ “Жабінкаўскі” і “Арэпічы”. Калі праваахоўнікі манітораць прадпрыемствы АПК, выяўляецца: суб’екты прафілактыкі раёна, у асноўным, праводзяць пэўную работу па папярэджанні крадзяжоў маёмасці.
Кожны свой тэзіс Алена Сідарук падмацоўвала прыкладамі. Прынамсі, сярод крымінальных спраў, узбуджаных летась, была і неардынарная: яўку з павіннай аформілі ў РАУС ад кабрынчаніна К., які прызнаўся, што здзейсніў крадзеж у Здзітаўскім храме.
Пасля дакладчыка са сваімі справаздачамі выступілі старшы ўчастковы інспектар Дзмітрый Салей, першы намеснік начальніка Жабінкаўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Харламянкоў, кіраўнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух, начальнік Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусі Віталь Ануфрыюк і кіраўнік спраў Ленінскага сельвыканкама Ірына Ефімовіч.
На пасяджэнні таксама разглядаўся план далейшай работы каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на першае паўгоддзе 2019 года. Падвёў рысу пад размовай пракурор раёна Уладзімір Кірылюк.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top