“Тата-зала” бацькоў і дзяцей аб’яднала

“Тата-зала” бацькоў і дзяцей аб’яднала

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Спартыўнае свята “Тата-зала” ўпершыню ладзілася напрыканцы снежня на базе спартыўнага комплексу “Бадзёрасць”. Арганізатары выдатнага сямейнага адпачынку: Жабінкаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” у асобе першага сакратара Валерыі Маркоўскай, галоўны спецыяліст па спорце Жабінкаўскага райвыканкама (ён жа і суддзя) Валерый Ігнатчык, а таксама ФАУ «СК “Бадзёрасць”» — зрабілі ўсё, каб удзельнікі спартыўнага мерапрыемства выдатна правялі вольны час са сваімі дзеткамі, заняліся спортам, зарадзіліся добрым настроем.
За званне пераможцы спрачаліся Арсеній Міхеенка з татам Віталем, Мацвей Васкабойнік з татам Дзмітрыем, Ілля Пархуцік з татам Максімам, Ульяна Жданюк з татам Аляксандрам. А падтрымаць сямейныя пары спартсменаў прыйшлі мамы, брацікі і сястрычкі.
Удзельнікам давялося пераадолець нямала перашкод на шляху да перамогі. Яны скакалі з мячамі, нібы кенгуру, пераносілі аркушы паперы, перадавалі мяч над галавой, траплялі ў баскетбольную карзіну тэнісным мячом, забівалі галы ў футбольныя вароты, адгадвалі загадкі, выконвалі практыкаванне “планка”. Здзівіла Ульянка, якая пратрымалася даўжэй за хлопчыкаў.
Таты, як сапраўдныя спартсмены, праявілі вынослівасць, вытрымку і волю. Але й дзеці ніколечкі ім не саступалі — атрымлівалі свае зусім не маленькія перамогі!
Варта заўважыць, што за кожны з конкурсаў удзельнікі атрымалі прызы. Гэтая сяброўская спартыўная сустрэча, якая яшчэ больш з’яднала татаў і дзяцей, запомніцца надоўга і абавязкова будзе мець працяг!

Popularity: 1%

Top