“Дарослыя” пытанні ў дзіцячай установе

“Дарослыя” пытанні ў дзіцячай установе

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі сустрэўся з працоўным калектывам і бацькамі выхаванцаў дзіцячага сада № 3 нашага райцэнтра. Па традыцыі, Дзмітрый Мікалаевіч расказаў прысутным аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, аб рабоце, якая праводзілася на Жабінкаўшчыне, каб яе жыхарам жылося тут больш камфортна і зручна.
У другой частцы сустрэчы кіраўнік раёна быў гатовы выслухаць праблемы і прапановы, якія хвалююць супрацоўнікаў самай шматлікай у горадзе дашкольнай установы, а таксама бацькоў. Пытанняў было нямала, што яшчэ раз падкрэсліла давер да раённай улады і спадзяванні на вырашэнне складаных жыццёвых сітуацый.
Так, Ірына Загорная цікавілася, ці будзе планавацца замена гульнёвага абсталявання на тэрыторыі ясляў-сада. Ірына Анатольеўна выказала занепакоенасць ня-зручнасцю паркоўкі ля магазіна “Дабраном” на вуліцы Леніна і яго кепскай асвятляльнасцю. Таксама жанчына падзякавала за навагодняе ўпрыгажэнне горада.
Таццяна Міхалеўская падзялілася набалелым: у групе “Папялушка” неабходна памяняць дзверы; асфальтавыя дарожкі вакол садзіка ў нездавальняючым стане. Дакучаюць жанчыне і іншым жыхарам мухі і непрыемныя пахі з кантэйнернай пляцоўкі, што непадалёк ад дзіцячага сада. На вуліцы Моладзевай бацькам няпроста высадзіць/пасадзіць сыночка/дачушку ля сада. Мо, ёсць сэнс зрабіць аднабаковы рух ці часцей накіроўваць сюды дзяжурнага супрацоўніка ДАІ, каб кантраляваў дарожную бяспеку? На вуліцы Горкага, на думку Таццяны Віктараўны, неабходна абсталяваць “ляжачага паліцэйскага”, бо некаторыя вадзіцелі любяць пранесціся па вуліцы з вялікай хуткасцю. Дзмітрый Мікалаевіч паабяцаў разгледзець гэтыя пытанні на КБДД і зрабіць усё магчымае, каб рух на вуліцах быў бяспечным.
Таццяна Старун пацікавілася, ці можна засыпаць канал уздоўж вуліцы Кляновай. Таксама Таццяна Васільеўна спытала, ці плануецца будаўніцтва паркоўкі каля СШ № 1. Аднак, ці мэтазгодна гэта? Побач, ля шматкватэрнага дома, з’явілася выдатная “скразная” паркоўка. Але многія бацькі не карыстаюцца ёю, яны спыняюцца на аўтобусным прыпынку, уключаюць “аварыйку” і адпраўляюць дзяцей у школу. Аднак гэта не зусім правільна, бо побач — паркоўка, проста некаторыя лянуюцца туды заязджаць.
Юлію Галавейка турбавала асабістая праблема. Яе малодшаму сыночку патрэбны лекі, якія не заўжды ёсць у гарадскіх аптэках. Ці можна іх набываць у Брэсце (як-ніяк, Жабінка — спадарожнік абласнога цэнтра) пры адсутнасці іх тут? Галоўны ўрач райбальніцы Анатоль Лаўрукевіч паабяцаў падрыхтаваць ліст на ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама з прапановамі.
Валянціна Бусько, якая жыве ў доме № 9 на вуліцы Ф. Скарыны, заклапочана, што на дваровай тэрыторыі прасела зямля і атрымалася яма. Жанчыне паабяцалі ў бліжэйшыя дні вырашыць гэтую праблему. Таксама падчас будаўніцтва гэтага дома не былі запланаваны падвалы, ці магчыма зрабіць іх зараз, бо захоўваць у кватэры і на лоджыі закаткі і гародніну нязручна? Гэтае пытанне, запэўніў кіраўнік раёна, вырашальнае.
Настасся Міхайлеўская выказала глыбокую ўдзячнасць райвыканкаму за атрыманы крэдыт на будаўніцтва дома. Настасся Мікалаеўна паскардзілася, што насупраць аўтобуснага прыпынка на ўездзе на вуліцу Кляновую няма вулічнага асвятлення. Дырэктар ЖКГ Павел Заграй паабяцаў у кароткія тэрміны выправіць ня-зручнасць.
…Сустрэча, якая доўжылася звыш дзвюх гадзін, думаю, прынесла плён абодвум бакам: прадстаўнікам улады і жыхарам нашага горада. Некаторыя праблемныя пытанні ўжо вырашаны, некаторыя ўзяты пад асабісты кантроль старшыні райвыканкама.

Popularity: 1%