Салдацкая каша для жабінкаўскіх школьнікаў

Салдацкая каша для жабінкаўскіх школьнікаў

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.

Адразу два ўрачыстыя мерапрыемствы аб’ядналіся на пляцы 48-га асобнага батальёна радыёэлектроннай барацьбы Заходняга аператыўнага камандавання, які размешчаны ў Брэсце. Тут 22 снежня адзначылі 76-годдзе ўтварэння войскаў радыё-электроннай барацьбы і ўручылі членскія білеты БРСМ школьнікам з першай, другой сярэдніх школ Жабінкі і Ракітніцкай адзінаццацігодкі.
Патрыятычную экскурсію для жабінкаўскіх юнакоў і дзяўчат арганізавалі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская і начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў.
Ужо другі год падлеткі з Жабінкі, якія жадаюць праявіць сябе ў галоўнай моладзевай арганізацыі нашай краіны, становяцца яе членамі пад гукі ваеннага аркестра. У гэты раз актыўным маладым грамадзянам білеты БРСМ уручылі ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік у адстаўцы Іван Шульга, камандзір вайсковай часці падпалкоўнік Аляксандр Самарэвіч і начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў.
Пасля ўрачыстай цырымоніі Іван Мікалаевіч расказаў школьнікам пра галоўныя бітвы Вялікай Айчыннай вайны. Юныя жабінкаўцы пабывалі ў сапраўднай салдацкай казарме, пазнаёміліся з баявой тэхнікай і ўзбраеннем і нават крыху панерваваліся, калі хітры прыбор “украў” інтэрнэт і мабільную сувязь!
А ўзнагародай за ўважлівасць і дапытлівасць сталі смачная салдацкая каша і гарачы салодкі чай.

Popularity: 1%