Першыя прафесійныя крокі робяць на Жабінкаўшчыне

Першыя прафесійныя крокі робяць на Жабінкаўшчыне

Алёна НІКАНЧУК.

Напрыканцы снежня ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі і рабочымі, якія пасля заканчэння вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і сярэдніх навучальных устаноў рэспублікі папоўнілі сёлета працоўныя калектывы нашага раёна. З 60 спецыялістаў-пачаткоўцаў 27 — ураджэнцы Жабінкаўшчыны, што вярнуліся на малую радзіму, астатнія прыбылі да нас з іншых рэгіёнаў краіны.
З сёлетніх маладых спецыялістаў 22 рупяцца ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, 11 занятыя ў будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, транспарце і сувязі, сямёра папоўнілі працоўныя сем’і прамысловых прадпрыемстваў, аб’ектаў гандлю і бытавых паслуг, 20 прыйшлі ў сацыяльную сферу — у калектывы педагогаў, медыкаў, работнікаў культуры, спартыўных устаноў.
Бліжэй пазнаёміцца з нашым краем, яго багатай гісторыяй, традыцыямі, дасягненнямі ў розных галінах, яго асноўным багаццем — шчырымі руплівымі людзьмі —
дазволіў прысутным цікавы відэафільм пра Жабінкаўшчыну.
Больш поўна пра раён, яго дынамічнае развіццё расказаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён гаварыў пра перспектывы і прывабнасць нашага краю, яго выгаднае геаграфічнае становішча, будаўніцтва жылля, у прыватнасці, арэнднага для маладых спецыялістаў. Спыніўся таксама на ўстойлівай рабоце прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, будаўніцтве завода па вытворчасці прэміксаў, які хутка адчыніцца і дасць 60 дадатковых працоўных месцаў. Старшыня звярнуў увагу, што на Жабінкаўшчыне актыўна праводзяцца рамонты ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту, папаўняецца іх матэрыяльна-тэхнічная база. Падзяліўся таксама планамі наконт далейшага развіцця раёна.
Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам раёна спецыялісты-пачаткоўцы даведаліся, што моладзь Жабінкаўшчыны не застаецца ў баку ад удзелу ў рабоце мясцовых прадстаўнічых органаў улады, у выбарчых кампаніях, грамадскім жыцці раёна. У цяперашні час у складзе раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў 13 чалавек ва ўзросце да 31 года.
Прысутных зацікавіла выступленне галоўнага спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 109 Жабінкі філіяла № 100 БАУ “Ашчадны банк “Беларусбанк” Іны Дубіны. Іна Валянцінаўна пазнаёміла з умовамі крэдытавання, якія прадугледжаны для маладых спецыялістаў і іх сем’яў.
Пра ўмовы, якія створаны на Жабінкаўшчыне для актыўнага адпачынку, заняткаў фізічнай культурай і спортам, экалагічным турызмам расказаў галоўны спецыяліст райвыканкама Валерый Ігнатчык. Валерый Аркадзьевіч падрыхтаваў цікавую прэзентацыю і спыніўся на спартыўнай інфраструктуры нашага раёна, тых паслугах, якімі можна скарыстацца пры наведванні СК “Бадзёрасць”, на арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, што вядзецца на прадпрыемствах Жабінкаўшчыны, турыстычным патэнцыяле нашага краю.
Дапоўніў выступоўцу дырэктар СК “Бадзёрасць” Вячаслаў Каўганка. Так, з 29 снежня па 7 студзеня для маладых спецыялістаў дзейнічае спецыяльная прапанова. У гэты перыяд яны могуць наведаць спартыўны комплекс і бясплатна паплаваць у басейне, пагуляць у настольны тэніс і більярд, пазаймацца ў трэнажорнай зале.
Пра тое, што дзейнасць прафсаюзаў накіравана на абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў, гаварыла старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталля Карпук. Наталля Львоўна спынілася на калектыўным дагаворы, у якім прапісаны гарантыі працаўнікоў, адносіны паміж наймальнікам і работнікам, на адным з асноўных прыярытэтных накірункаў прафсаюзаў — ахове працы, у прыватнасці, дзейнасці інспектараў па ахове працы і працоўных пытаннях, конкурсах і спаборніцтвах, што ладзяцца прафсаюзнымі арганізацыямі.
Вітала маладых спецыялістаў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская. Яна расказала пра дзейнасць арганізацыі, тыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічае моладзь Жабінкаўшчыны, і папрасіла маладых спецыялістаў не заставацца ад іх у баку, быць такімі ж актыўнымі. Валерыя прывяла прыклады тых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, у якіх заўсёды бяруць удзел нашы юнакі і дзяўчаты. У іх ліку абласны злёт “Прыбужжа”, конкурсы “Аўталэдзі”, “Уладар сяла” і іншыя.
Цікавым было выступленне настаўніка фізічнай культуры і здароўя трэцяй гарадской школы Сяргея Карпука. Сяргей Аляксандравіч —лаўрэат заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”, пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Умельцы Брэстчыны” і раённага “Малады чалавек года — 2017” у вобласці сацыяльнай сферы. Ён расказаў, чаму абраў настаўніцкі шлях, што паўплывала на такі выбар, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсах, якія, як сам адзначыў, арганізуюць, удасканальваюць, прафесійна развіваюць.
Падвёў вынікі сустрэчы старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён пажадаў маладым спецыялістам упэўненых крокаў на працоўнай дарозе, адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў, плёну і ніколі не спыняцца на дасягнутым.

Popularity: 1%

Top