Усё іх жыццё — салодкая дарога

Усё іх жыццё — салодкая дарога

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Незадоўга да Новага года адсвяткавала свой юбілей з дзвюма пяцёркамі самае “салодкае” прадпрыемства Брэстчыны — ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
З гэтай нагоды ў ГДК сабраліся шматлікія госці, артысты, ветэраны вытворчасці і маладыя рупліўцы таварыства, якія будуць і надалей працягваць вырабляць цукар і з гонарам называць сябе цукраварамі.
Адкрыў свята, па традыцыі, генеральны дырэктар прадпрыемства Віктар Міронаў. Нямала цёплых і шчырых слоў у адрас юбіляраў выказалі шаноўныя госці. Да мікрафона для віншаванняў і ўручэння заслужаных узнагарод лепшым цукраварам запрашаліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, прадстаўнікі Брэсцкага абл-выканкама, Жабінкаўскага райвыканкама і райсавета — Дзмітрый Гарадзецкі і Анатоль Шалтанюк, дырэктары іншых цукровых заводаў краіны, старшыня Беларускай асацыяцыі “Цукар”, дырэктары некаторых аграпрамысловых гаспадарак і многія іншыя. Прыемна было бачыць на сцэне ганаровага госця свята — Генадзя Іванавіча Вялько, які ўзначальваў цукровы завод звыш трох дзесяцігоддзяў. У гэтым юбілеі ёсць уклад і яго працы, і часцінка душы.
…Як і на любым свяце, гучалі фанфары ў гонар узнагаро-джаных граматамі і падзякамі самага рознага ўзроўню: ад нагруднага знака “За заслугі” Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК гендырэктару Віктару Міронаву, Ганаровых грамат Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці “Бел-дзяржхарчпрам” начальніку сектара кадраў Алене Мацюшка і грузчыку чыгуначнага цэха Алегу Ярмашуку да грамат Жабінкаўскага цукровага завода работнікам падраздзяленняў. Ім — словы глыбокай прызнанасці за адданасць абранай справе. А яшчэ — звонкія песні і яркія танцы. А іх, самадзейных артыстаў-цукравараў, на заводзе рупіцца нямала! Ансамбль танца “Прысмакі”, хор ветэранаў, ансамбль народнай песні “Раздолле” і зусім юныя вакалісты “Страказы” і “Балаганчыка” разам з кіраўнікамі Андрэем Войнашам і Галінай Міцковіч упрыгожылі сваімі выступленнямі свята.
…Было ўсё: усмешкі, радасць на тварах прысутных, слёзы ад успамінаў з пажаданнямі сустрэць 100-гадовы “салодкі” юбілей. Няхай яны спраўдзяцца!

Popularity: 1%