Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці
У час сустрэчы

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці

Лукашэнка: суверэнітэт для Беларусі — гэта святое

Суверэнітэт для Беларусі — гэта святое, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён у свой час уносіў мноства прапаноў па развіцці Саюзнай дзяржавы, аднак не ўсе былі ўспрыняты расійскім бокам, а цяпер зноў пачалі ўзнімацца гэтыя пытанні, але схематычна, пры гэтым блытаецца палітыка і эканоміка. «У імя чаго? Навошта раптам цяпер? І што Расія хацела б, што яна прапануе?» — спытаў Прэзідэнт.

«Для нас, запомніце, святое — гэта суверэнітэт, я ўжо аб гэтым гаварыў. Гэта адносная незалежнасць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаў няма. І вы (Расія. — Заўвага БЕЛТА) таксама не настолькі незалежныя, але суверэнныя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўвапхнуць у Расію — гэтага не будзе ніколі. І калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расіі мысліць — гэта на шкоду самой Расіі».

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ці адчувае ён пагрозу суверэнітэту краіны, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды ёсць пагроза з аднаго ці другога боку.

«На тое я і Прэзідэнт. Гэта галоўнае пытанне ў рабоце Прэзідэнта — забяспечыць суверэнітэт краіны, гэта ў Канстытуцыі запісана», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, большая пагроза адчуваецца з паўднёвай граніцы, адкуль хлынула зброя — вось гэта праблема і небяспека.

Аб аднаўленні міру ў рэгіёне

Лукашэнка: Беларусь зробіць усё, што ад яе залежыць, для аднаўлення міру паміж славянамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае імкненне беларускага боку максімальна садзейнічаць мірным працэсам у рэгіёне. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці.

«Беларусь зробіць усё, што ад яе залежыць, каб аднавіць мір і згоду паміж славянамі. Гэта нялёгка, але нават калі захаваецца самы малы шанц, сваіх спроб мы не пакінем. Мы будзем імкнуцца да таго, каб у нас тут, на тэрыторыі асноўных славянскіх дзяржаў, быў мір», — заявіў беларускі лідар.

У гэтым павінны дапамагчы і журналісты, перакананы Аляксандр Лукашэнка. «Хаця б таму, што ачагом канфліктаў часта становіцца менавіта медыйная прастора. Трэба ўсведамляць адказнасць за кожнае сказанае і напісанае слова. Калі яно разбурае мір і калечыць лёсы людзей, то ставіць журналіста ў адзін рад з салдатамі, якія страляюць на паражэнне. А некаторыя гавораць, што вы гэта зброя масавага паражэння. І я з гэтым згодны. Гэта гучыць жорстка, але як яшчэ дастукацца да тых, хто ігнаруе нормы не толькі прафесійнай этыкі, але і чалавечай маралі», — сказаў Прэзідэнт.

У час прэс-туру ў Беларусь расійскія журналісты і блогеры наведалі Полацк. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты горад — калыска славянскай дзяржаўнасці. «Калі ўзяць «Аповесць мінулых гадоў», то ад палачан пайшлі і крывічы, і севяране, а значыць, тут — на беларускай зямлі — знаходзіцца духоўны корань усяго расійскага паўночнага захаду: Смаленска, Пскова, Бранска, Белгарада і Курска», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Можа, таму ў нашай краіне асабліва цяжка і балюча ўспрымаецца любы канфлікт у славянскім свеце. Мы не можам застацца ў баку ад падзей, якія раздзяляюць блізкія па сваёй гісторыі, менталітэце і культуры народы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што мацней за ўсё славянскія народы звязвае агульная гісторыя, культура, слаўныя і цяжкія часы, перажытыя разам. «Некалькі гадоў таму ў рамках такой сустрэчы я гаварыў аб тым, што Беларусь можа стаць пэўным маральным фактарам для Расіі. Скажу шчыра: мы да гэтага заўсёды імкнуліся. Каб вы нас цанілі, калі ўжо зусім шчыра», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што, можа, тады не ўсе звярнулі ўвагу на гэтыя словы, але іх актуальнасць сёння толькі ўзрасла.

Лукашэнка пра вырашэнне канфлікту ва Украіне: пакуль не позна, трэба нешта зрабіць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заклікае бакі, якія варагуюць, да практычных крокаў па вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны.

«Я не хачу, каб старыя гінулі ў Данбасе. Я ведаю, што там адбываецца, лепш, чым прысутныя тут, і лепш, чым нават кіраўніцтва Расіі. Я ведаю, што адбываецца. За што гінуць дзеці і старыя, жанчыны? Мужыкі ж там ваююць недзе… Але дзеці чаго гінуць, яны ў чым вінаватыя? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вось з чаго зыходзіць мая пазіцыя. І ці нам — славянам — ваяваць тут. Мы ж на адзін выгляд, мы адны і тыя ж людзі. І я ведаю ўкраінцаў. Я там служыў, я там працаваў, да мяне людзі з захаду (Украіны. — Заўвага БЕЛТА) прыязджалі, працавалі. Яны не ворагі, яны не такія дрэнныя, як вы часам гаворыце на каналах. Даўно пара спыніць гэта, ужо ніхто не глядзіць».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба аднаўляць нармальныя адносіны, і гэта магчыма. «Але чым далей — тым горш. Я вам скажу сваю пазіцыю: усе баяцца, што там (ва Украіне. — Заўвага БЕЛТА) будзе НАТА. Я нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу сказаў: слухай, мы з табой хутка Госпада будзем прасіць, каб там было НАТА, а не адмарожаныя нацмены са стрэльбай. Вось да чаго мы можам давесці», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы не выключыў, што ў далейшым у такіх «нацменаў» можа з’явіцца і ракетная зброя. «Вас не здзіўляе, што ў гэты момант ЗША выходзяць з дагавора аб абмежаванні ракет малой і сярэдняй далёкасці. А цяпер уявіце на хвілінку, што ў мяне пад Гомелем будуць стаяць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, а ў вас пад Растовам. Як вам? Мы што, гэтага хацелі? Таму пакуль не позна, трэба галаву ў рукі ўзяць і не крычаць гвалтам, а нешта зрабіць, каб гэта спыніць», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што без удзелу ЗША ніякая Еўропа, Меркель ці Макрон праблему не вырашаць. «Але мы ўтраіх (Расія, Украіна і Беларусь. — Заўвага БЕЛТА) вырашыць можам. Як гэта зрабіць? Трэба сесці і падумаць, але для гэтага трэба адмовіцца ад нападкаў. Можа недзе нешта за дужкі вывесці, недзе нешта прабачыць на гэтым этапе. Слухайце, немцам жа прабачылі — 30 мільёнаў загінулі — амаль забылі. Дзякуй богу, гэтага яшчэ ў нашых адносінах няма. Дык давайце рабіць крокі ў гэтым напрамку», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней прапаноўваў канкрэтны ўдзел ва ўрэгуляванні канфлікту, у тым ліку забеспячэнні бяспекі на граніцы, арганізацыі выбараў у адпаведнасці з мінскімі пагадненнямі. Аднак ні ўкраінскі бок, ні расійскі на гэта не пайшлі.

Лукашэнка: перагаворы «нармандскай чацвёркі» адбыліся ў Мінску па прапанове Меркель

«Вы ведаеце, хто прапанаваў у Мінску правесці перагаворы «нармандскай чацвёркі»? Меркель прапанавала. Калі абмяркоўвалі, куды і дзе, яна сказала: у Мінск», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і ўкраінцы, і расіяне — родныя для беларусаў людзі, таму ён не можа займаць пазіцыю толькі аднаго з бакоў. Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у міратворцы ён таксама не напрошваўся. «Я не хачу расказаць глыбей, як тут збіраліся прэзідэнты. Я думаў, сарвецца гэта сустрэча. Што я толькі ні рабіў — гэта была мая работа, мне даручылі, — дадаў ён. — Вось бачыце, і Беларусь спатрэбілася. А калі б са стрэльбай хадзілі на нечым баку?»

«Неабходна быць мудрэйшымі. Трэба не толькі прапагандай займацца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба галаву на плячах трымаць і думаць, што нам лепш, што дзецям пакінем. Вось гэты канфлікт мы не павінны дзецям пакінуць».

Лукашэнка: неабходна сабіраць «Хельсінкі-2», каб супакоіць свет

«Я лічу, што тэрмінова трэба сабіраць такую канферэнцыю. Каб неяк супакоіць свет, трэба гэта зрабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я бачу выратаванне свету ў гэтым, каб мы спыніліся хаця б, каб не беглі ў гонку ўзбраенняў і заўтрашнюю вайну. А мы ўжо амаль страляем адзін у аднаго. Нам «Хельсінкі-2″ патрэбны».

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што краіны не могуць правесці паўнацэнны саміт АБСЕ (апошняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў адбылася ў Астане ў 2010 годзе, папярэдняя — у Стамбуле ў 1999 годзе), каб абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі, не гаворачы ўжо пра запуск новага перагаворнага працэсу. «Гэта ж ганьба», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб узаемаадносінах з Расіяй

Лукашэнка адказаў на прэтэнзіі, якія часам гучаць, аб шматмільярднай падтрымцы з боку Расіі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі і аказваецца пэўная крэдытная падтрымка з расійскага боку, то, па-першае, гэта робіцца па значна большай працэнтнай стаўцы, чым крэдыты МВФ. З іншага боку, Расія крэдытуе канечнага спажыўца, які вырабляе тавар, у тым ліку з расійскіх камплектуючых.

«Калі мы сёння ад Расійскай Федэрацыі, напрыклад $4-5 млрд атрымалі крэдытаў, то кожны год мы за абслугоўванне гэтых крэдытаў плацім $1 млрд 200 млн», — сказаў Прэзідэнт.

«Вельмі часта я чытаю ў СМІ, чую нават ад прыхільнікаў нашага саюза такія фразы: ну што мы кормім увесь час Беларусь? А некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасці нам аж $100 млрд адвалілі. Я калі гэта чытаю, думаю, што калі б $100 млрд, то беларусы падавіліся б проста ад такой вялікай колькасці купюр, якія паступілі ў замежнай валюце ад нашай брацкай дзяржавы. Поўнае глупства», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтыя разлікі звязаны з меркаваннямі аб патэнцыяльнай магчымасці прадаць беларускаму боку пэўныя тавары па больш высокай цане. «Па-першае, яшчэ трэба прадаць. Сёння Расія хацела б больш прадаць нафты і газу, але рынак не спажывае столькі. Таму так разважаць — глупства. А калі б яшчэ абвалілася эканоміка Беларусі, то і гэта не прадалі б. Гэта значыць 25 млрд кубаметраў газу і 24 млн т нафты, якія мы купляем у Расіі, няхай нават без мытных пошлін (як у нас гэта прынята ў Мытным саюзе, а цяпер у ЕАЭС), тым не менш гэта вялікія грошы», — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што і сваімі таварамі Беларусь на расійскім рынку гандлюе без мытных пошлін з вельмі вялікім узаемным тавараабаротам.

Лукашэнка назваў падатковы манеўр галоўным пытаннем маючай адбыцца сустрэчы з Пуціным

Сустрэча лідараў дзвюх дзяржаў павінна адбыцца да канца бягучага года. Галоўным пытаннем перагавораў Аляксандр Лукашэнка назваў падатковы манеўр. «Самае галоўнае пытанне, якое мы павінны вырашаць, — пытанне эканамічнае — падатковага манеўру», — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не пойдзе ні на якія хітрыкі ў асабістых інтарэсах і ў гульні гуляць не будзе. «Развіваць праект Саюзнай дзяржавы трэба дастойна і толькі ў інтарэсах беларусаў і расіян», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць піяраўскім ходам пытанне, якое ўзнімалася раней, аб расійскай авіябазе ў Беларусі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы ў Беларусі і Расіі існуе высокі ўзровень інтэграцыі, у тым ліку ў ваеннай галіне. «У АДКБ такога няма. У нас тут зона адказнасці АДКБ у заходнім напрамку. У нас распрацаваны план на выпадак абвастрэння адносін з НАТА або, не дай бог, канфлікту ці вайны. У АДКБ з іншымі дзяржавамі гэтага няма. У нас вельмі глыбокая інтэграцыя, аж да ваеннай», — сказаў беларускі лідар.

«Праўда, сапсавалі ўсё гэтай базай. Нікому база не патрэбна. Слухайце, будаваць нейкую базу на старым аэрадроме (з Пуціным мы абмяркоўвалі гэту праблему). Я задаю пытанне: навошта? 3-4 хвіліны — час падлёту самалётаў з Расіі. Навошта на перадавую, калі тут вайна пачнецца, цягнуць аэрадром? Адна ракета — узлётна-пасадачная паласа непрыдатна. Гэта быў непрадуманы піяраўскі ход — вось, мы базу тут размесцім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі ёсць некалькі баз ВПС: «На любую базу заўтра саджайце 10-20-30 самалётаў. Карыстайцеся». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што папрасіў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб не было скандалаў, аб сумесных палётах расійскіх і беларускіх лётчыкаў. «І мы гэта ўжо апрабавалі, калі ў нас быў чэмпіянат свету. Нашы разам з расіянамі ляталі на гэтых расійскіх самалётах», — адзначыў ён.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што нават у ваеннай сферы ёсць шмат пытанняў. У прыватнасці, кіраўнік беларускай дзяржавы раней звяртаўся да кіраўніцтва Расіі з просьбай даць дзясятак самалётаў, на што не было дадзена адназначнага станоўчага адказу. «Я гавару: ты што, намякаеш, што я павінен купіць? У мяне такіх грошай няма. Мне за газ трэба плаціць, крэдыты вяртаць. І наогул, калі шчыра гаварыць, ты што, хочаш, каб я купіў аўтамат для таго, каб цябе абараняць?» — перадаў падрабязнасці размовы беларускі лідар.

«Таму ў нас мноства элементарных пытанняў, якія трэба вырашыць, а потым сумесны суд ствараць… Трэба паказаць перш за ўсё беларусам, ды і расіянам, што ў нас тут праблем няма», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін довад, што ў Беларусі ёсць дзве вельмі важныя расійскія базы, якія расійскі бок не аплачвае. «Заканчваецца тэрмін дагавора ў 2019 годзе або 2020 годзе, і я нават пытання не стаўлю аб аплаце. Неяк няёмка ў расіян грошы прасіць за гэтыя базы», — адзначыў ён.

«У нас ёсць саюзны парламент, саюзны Саўмін, Вышэйшы дзяржсавет (я з’яўляюся яго старшынёй), — сказаў беларускі лідар. — Што нам перашкаджае працаваць, прымаць рашэнні і выконваць іх? Не, дасталі гэту старую стрэльбу і пачынаюць круціць. Ну, калі хочаце, давайце. Пачынаючы з ваенных пытанняў і заканчваючы іншымі. Я — за».

Аб інтэграцыйных аб’яднаннях

Адказаць на глабальныя выклікі здольны толькі магутныя інтэграцыйныя аб’яднанні — Лукашэнка

«Любыя праблемы могуць быць вырашаны толькі сумесна і толькі праз супрацоўніцтва. Аб гэтым сведчыць і шэраг міжнародных самітаў: «Вялікай дваццаткі», ЕАЭС, АДКБ. Адказаць на глабальныя выклікі сучаснасці здольны толькі магутныя інтэграцыйныя аб’яднанні. Паасобку нават буйной дзяржаве не справіцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў наступным годзе Беларусь і Расія адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама пяцігоддзе Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Мы разам прайшлі не заўсёды просты, але вельмі плённы і багаты на добрыя справы шлях», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Якія б пры гэтым не ўзнікалі цяжкасці, бакі заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: інтэграцыйныя пазіцыі Беларусі нязменныя

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што Расія застаецца стратэгічным партнёрам і саюзнікам Беларусі. «Інтэграцыйныя пазіцыі Беларусі нязменныя. Мы разам з іншымі ініцыіравалі стварэнне саюзаў, якія існуюць на постсавецкай прасторы», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і далей развіваць інтэграцыю, але пры ўмове жалезабетоннага выканання дасягнутых дамоўленасцей.

«Як бачыце, мы нічога лішняга не патрабуем: дамовіліся — трэба выконваць. Гэта абсалютна нармальнае і справядлівае чаканне ад партнёрства, якое, як планавалася першапачаткова, павінна будавацца на роўных умовах і ўзаемным даверы. Вось і ўсё. Калі няма выканання — няма саюза», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заўважыў, што роўныя ўмовы не азначаюць, што ўсё трэба сабраць разам і пароўну падзяліць. «Нам трэба толькі тое, што нам належыць, што мы можам зарабіць уласнымі рукамі і мазгамі. Толькі б не было перашкод, каб гэта можна было ствараць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, як паказвае гісторыя, усякія саюзы, якія заключаліся на нераўнапраўных умовах, доўга не існавалі.

«Калі, як гэта прынята часта ў Расіі, зыходзіць з таго, што «мы такія велізарныя, а вы — менш, таму вось гэтак будзе», тады няма аб чым дамаўляцца, гэта не саюз», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час пасля распаду СССР размова ішла аб стварэнні балта-чарнаморскага рэгіёна, каб ён стаў своеасаблівым бар’ерам паміж ЕС і Расіяй. «Мне ўдалося тады гэты бар’ер зламаць, — сказаў ён. — Тады гэта задума не рэалізавалася. І я стаў наогул «апошнім дыктатарам у Еўропе». Гэта не таму, што я дыктатар, а таму, што мы пачалі праводзіць такую палітыку, якая разбурыла гэту задуму».

Прэзідэнт заклікаў задумацца над гэтым: «Калі хтосьці ў Расіі ў наш бок махае рукой (ды што там Беларусь…), трэба падумаць, што вы сваімі рукамі аднаўляеце гэты балта-чарнаморскі рэгіён». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта асабліва актуальна на фоне сучаснай абстаноўкі ў рэгіёне.

Разам з гэтым Прэзідэнт асабліва адзначыў, што на знешніх контурах Беларусь і Расія, як і належыць саюзнікам, адзіныя ў сваіх ацэнках сусветнай геапалітыкі, падтрымліваюць адна адну ў шматбаковых арганізацыях. Акрамя таго, сумесна рэалізуецца Праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, каардынуюцца падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, у тым ліку ў сферы процідзеяння новым выклікам і пагрозам.

Лукашэнка: трэба аб’ядноўвацца на фоне знешняга націску

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным прадаўжаць інтэграцыю з Расіяй і ў ЕАЭС на фоне знешняга націску.

«Я сказаў прэм’ерам ЕАЭС — ведаеце, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба цяпер тут аб’яднацца, як вы сказалі, пры націску гэтым знешнім і сваё шчасце шукаць тут. Дык чаму не шукаеце?»

«Дробныя праблемы — іх не тое што трэба не бачыць, адкінуць… Іх не трэба ствараць. Чаго мы б’ёмся? Добра, вы не прададзіце нам 5 млрд куб.м газу дадаткова. Куды вы дзенеце гэты прыродны газ пры тым шалёным тэмпе, калі адыходзяць ад традыцыйных вуглевадародаў?» — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў: краіна не просіць проста знізіць цэны на газ, патрэбны менавіта роўныя ўмовы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння ў свеце ідуць гандлёвыя войны, з прыходам Дональда Трампа на пасаду Прэзідэнта ЗША складаная сітуацыя складваецца вакол Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Сярод краін ЕАЭС толькі Беларусь не з’яўляецца членам СГА, хоць дамаўляліся каардынавацца ў пытанні ўступлення ў арганізацыю, але Расія ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, гэта зрабіў і Казахстан. Аднак цяпер сталі відавочны праблемы з СГА — на пляцоўцы «Вялікай дваццаткі» гучаць заявы, што арганізацыю трэба перафармаціраваць, перарабіць. «У Піцеры нядаўна абмяркоўвалі гэту праблему. Назарбаеў (і Пуцін яго падтрымаў) гаворыць — зноў Лукашэнка выйграў», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка пра будучыню Саюзнай дзяржавы: трэба крок за крокам выконваць дагавор

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці расказаў аб сваім бачанні развіцця саюзнай інтэграцыі, аб тым, як Беларусі і Расіі зняць праблемныя пытанні ў адносінах, у тым ліку па энерганосьбітах, падатковым манеўры, адзінай прамысловай палітыцы.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб неабходнасці ажыццяўлення дасягнутых пагадненняў. «Трэба выконваць дагавор і ісці крок за крокам па выкананні гэтых пагадненняў», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што перш чым капаць углыб, трэба зняць пытанні, якія ляжаць на паверхні. «А іх шмат, і іх можна зняць за суткі», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пачаў з цэнаўтварэння прыроднага газу. У сабекошце любой прадукцыі для Беларусі вельмі важны такі паказчык, як цана на газ. Па наступным годзе яснасць ёсць, але ў яго сярэдзіне Беларусь і Расія дамовіліся вызначыцца да 2025 года. «Але Расія нават не стала весці перагаворы, хоць мы з Пуціным дамовіліся аб гэтым у Санкт-Пецярбургу (на сустрэчы ў красавіку 2017 года. — Заўвага БЕЛТА), — канстатаваў Прэзідэнт. — Гэта няправільна. Дамовіліся — трэба рухацца». Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што Беларусь не патрабуе нізкіх цэн на газ, такіх як, напрыклад, для Смаленскай вобласці, дзе яны ў два-тры разы ніжэйшыя. «Мы патрабуем, каб былі выкананы нашы дамоўленасці — яны пранізваюць усе нашы пагадненні і дагаворы — аб роўных умовах для суб’ектаў гаспадарання», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Наконт падатковага манеўру ў Расіі Прэзідэнт звярнуў увагу, што за тры гады яго правядзення беларускі бюджэт страціў амаль $3,5 млрд, да 2024 года яго страты, паводле розных ацэнак, складуць да $10,8 млрд. Фактычна мытныя пошліны ўводзяцца іншым шляхам, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што такім чынам разбураецца аснова саюза. «Была жалезная дамоўленасць: роўныя ўмовы для людзей, для суб’ектаў гаспадарання, каб развіваць інтэграцыю. Сёння гэта перакрэсліваецца», — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

«Інтэграцыя павінна быць у імя аб’яднання нашых народаў. Гэта павінна быць у інтарэсах нашых людзей», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб СМІ

Лукашэнка пра цэнзуру: я катэгарычны праціўнік закрываць каму-небудзь рот

Цэнзуры ў інфармацыйнай сферы быць не павінна, але павінны быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне захоўваць баланс чорнага і белага. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці.

На думку кіраўніка дзяржавы, агульны дэпрэсіўны інфармацыйны фон наносіць вялікую шкоду грамадству. Часта гэта вызначае рэчаіснасць і ўжо дакладна ніяк не садзейнічае якасным змяненням жыцця чалавека, канстатаваў ён.

«Цэнзуры ні ў якім разе быць не павінна, але павінны быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне захоўваць баланс чорнага і белага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я катэгарычны праціўнік каму-небудзь закрываць рот. І не толькі таму што я такі дэмакрат. Я зыходжу з прагматычнага пункту гледжання: усё гэта дарэмна. А яшчэ горш — гэта на шкоду».

Прэзідэнт дадаў, што цэнзура асабліва бессэнсоўная ў эпоху інтэрнэту. «Час змяніўся. Амаль палова насельніцтва сядзіць у інтэрнэце, і яны там усё бачаць», — заўважыў ён.

Лукашэнка заклікае СМІ не спрабаваць раздуваць полымя з беларуска-расійскіх спрэчак

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць спрэчкі, што ўзнікаюць на высокім узроўні па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, рабочымі момантамі. «Што датычыцца гарачых падстаў, то якія б іскры ні ляцелі ў спрэчках на самым высокім узроўні, нават не спрабуйце раздуваць з іх полымя. Гэта рабочыя моманты. У адносінах паміж нашымі краінамі яшчэ не было сітуацый, у якіх мы не знайшлі б кампрамісу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія застаецца стратэгічным партнёрам і саюзнікам Беларусі.

«Там жывуць проста нашы браты. Хто б яны ні былі: рускія, чачэнцы, інгушы, яўрэі… Гэта нашы браты, таму што ўчора мы жылі ў адной дзяржаве», — дадаў ён.

Лукашэнка пра стаўленне да фэйкаў: галоўнае — паглядзець, каму гэта выгадна

«З цягам часу я больш спакойна пачаў рэагаваць на нейкія фэйкі. Тым больш ёсць такі фэйк, які табе на карысць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але галоўнае для мяне — паглядзець, каму гэта выгадна і хто гэта распаўсюджвае. Я гавару пра некаторы ўхіл расійскіх сродкаў масавай інфармацыі так востра, таму што ўжо бачу, што гэта адтуль закідваецца. Я не прыхільнік гэтага. Ты лепш у вочы глядзі і скажы або публічна, або ў закрытым рэжыме. Я прыхільнік такой палітыкі, а не закуліснай».

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што на фэйкавыя навіны ў інтэрнэце рэагуе больш спакойна, чым у традыцыйных СМІ. «Можа, я вельмі кансерватыўны, таму ў мяне такое стаўленне да кніг і газет, — дадаў Прэзідэнт. — Я нават інтэрнэтам рэдка карыстаюся: і некалі, і я асабліва да гэтага не імкнуся».

Popularity: 1%

Top