Як мір адпявалі, вайну рыхтавалі

Як мір адпявалі, вайну рыхтавалі

Анатоль БЕНЗЯРУК

(Урывак з аповесці “Мячы Грунвальда,
альбо Дванаццаць абаронцаў караля”)

Майстар Куна і майстар Конрад жылі па суседству. Адзін тонкі, як піка, другі тоўсты, як бамбарда. Абодва мір не любяць, абодва вайну ўхваляюць. Бо зброю робяць, а не кветкамі гандлююць. Бядуюць збройнікі: крыжацкі Ордэн з Літвой і Польшчай прымірыўся.
— Каму мае мячы цяпер патрэбныя? — уздыхае Куна.
— Хто мае шчыты купіць? — стогне Конрад.
— Дзетак нашых без хлеба пакінулі чортавы міратворцы, — кажуць абодва.
Як наблізіўся дзень, калі перамір’е завяршылася, ходзяць збройнікі вясёлыя.
— Міру капут! — смяецца Куна.
— Заўтра вайна! — радуецца Конрад.
— Будуць нашы дзеткі есці хлеб з маслам, — кажуць абодва.
Пайшлі майстар Куна і майстар Конрад у карчму — добрую вестку адзначыць.
— Вось табе, шынкар, грош, нясі піва з ракамі, — гавораць яны гаспадару. — У нас радасць вялікая, будзем піць да ранку.
Карчмар гасцям рады, пытаецца:
— Відаць, вяселле чакаецца?
— Не, — хітра шчурыць вока Куна.
— Мо, слава Богу, дзіцё нарадзілася?
— Не, — гладзіць пуза Конрад.
— Якая ж прычына паноў так узрушыла?
— Вайна будзе, — адказваюць збройнікі. — Нашы мячы, дзіды, стрэлы зараз зноў у цане!
Раптам змяніўся шынкар з твару, не ўсміхаецца больш, кінуў манету назад, ад гасцей атрыманую.
— Не будзе ў вас тут свята. Пайшлі прэч, крывапіўцы! Вашым дзецям хлеб ды масла, а маім — кроў ды гора. Прэч пайшлі адсюль!

* * *

Дзень мінуў. Таўстапузы майстар Конрад да суседа спяшаецца.
— Куна, Куна! Слухай, што скажу: ад вялікага магістра з Прусіі прыйшоў заказ. Плоціць крыжак золатам за жалеза! Тлусты кавалак адхопім. Багацце нам у рукі само плыве.
— Што рабіць трэба? — хутка пытаецца цыбаты збройнік. — Мячы? Сякеры? Стрэлы?
— Не.
— Дзіды? Прашчы? А мо арбалеты?
— Зноў не. Гадай — не здагадаешся. Просіць магістр зрабіць путы, кайданы і ланцугі.
— Навошта гэта трэба? — не разумее майстар Куна.
— Як навошта?! — гарачыцца майстар Конрад. — Калі Ордэн палякаў, ліцвінаў ды іншых бязбожнікаў пераможа, рыцары кожнаму палоннаму на шыю нашы кайданы надзенуць ды гаўкаць заставяць. Хай сабакі брэшуць пад возам, як зараз веру Хрыстову паганяць.
— Гэта добра, Конрадка, што мы з табою розныя: я худы, а ты тоўсты. Крыжацкія ворагі таксама бываюць розныя — худыя ды тоўстыя. Кожны ланцуг перамерым, каб усім хапіла, каб на кожнага налезла.
Старанна папрацавалі збройнікі: цэлыя тры вазы ланцугоў накавалі — на-дзейнае, моцнае жалеза. Кожны кайдан да сваёй шыі прыклалі. Найбольш стараліся для дванаццаці абаронцаў караля, а з асаблівай любасцю зрабілі пазалочаныя ашыйнікі для вялікага князя Вітаўта і караля Ягайлы.
— Ну, што не мулка, братка?
— У каралеўскім ашыйніку? Нават прыемна! — весяліцца майстар Куна.
— І ў княскім выдатна! — смяецца майстар Конрад. — Гэтак бы сам век насіў не здымаючы!
— Га-га-га! — рагочуць збройнікі-жартаўнікі.
Гэтак яны мір адпявалі ды вялікую вайну рыхтавалі.
На здымку: малюнак мастака Алега Алейніка да аповесці пра Грунвальдскую бітву.

Popularity: 1%