А пачыналася ўсё загадкава…

А пачыналася ўсё загадкава…

Анатоль РОСТАЎ.

За гэты час шмат што перажыта. Прыгадаем толькі некалькі зусім нясумных сітуацый, звязаных з творчасцю, якая таксама вымяраецца ўжо дзесяцігоддзямі.

“Пушкін — наша ўсё!”

У трапнасці гэтага выслоўя давялося пераканацца, так бы мовіць, на ўласнай скуры.
Вясной 2010-га, пасля таго, як свет пабачыла мая кніга “Свята для сэрца”, нечакана патэлефанавалі з берасцейскай бібліятэкі імя Пушкіна і запрасілі на творчую сустрэчу з дзецьмі. Шлях пралягаў па вуліцы Пушкінскай, міма старога і новага карпусоў Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна — да гарадской бібліятэкі, зноў жа імя Пушкіна… На шчасце, прыйшоў загадзя… Якое ж было маё здзіўленне, калі на пытанне: “Дзе ў вас будзе ладзіцца вечарына?” — пачуў ад разгубленай гардэробшчыцы: “А вы хто?”
Неўзабаве высветлілася, што Пушкінскіх бібліятэк у горадзе над Бугам… ажно дзве! Акрамя гарадской на бульвары Шаўчэнкі, ёсць яшчэ і дзіцячая на Набярэжнай! Туды і накіравалі пісьменніка, які “ў Пушкіных заблытаўся”.
Аднак, як аказалася, у той дзень не толькі ён блукаў. У зале, на гэты раз “правільнай” Пушкінскай бібліятэкі, дзе пры ўваходзе месціўся вялізны барэльеф Аляксандра Сяргеевіча, сабраліся вучні 2-3 класаў. Настаўніца, якая іх прывяла, папрасіла прыгадаць беларускіх пісьменнікаў і пачула ў адказ: “Пушкін!”
Жанчына, чырванеючы, паправіла:
— Пушкін — гэта рускі пісьменнік, а я прасіла ўспомніць беларускіх… Былі Купала, Колас… А яшчэ пра каго мы чыталі, дзеці?
Павісла цішыня. Выручыў усіх хлопчык, які, зірнуўшы на вокладку “Свята для сэрца”, выдаў на-гара:
— А яшчэ — пра Бензерука.
На тое давялося згадзіцца: усё ж Купала, Колас ды “шматтыражны” берасцейскі Пушкін — неблагая кампанія…

Пішыце вершы, спадары!

У 2014 годзе на Дні пісьменства, які ладзіўся ў Заслаўі, галоўны рэдактар газеты “ЛіМ” Таццяна Сівец папрасіла бацьку:
— Скажыце Анатолю, каб дасылаў новыя вершы. У яго яны добра атрымліваюцца.
Ды вось неспадзяванка: услед за класікам, здаецца, павінен прызнацца: “Я не паэта, о крый мяне Божа”. Хоць для “ЛіМа”, відаць, яшчэ доўга буду рыфмаплётам. Інакш не атрымалася б годам раней недарэчнасць, калі ў шаноўнай рэспубліканскай газеце выйшла цэлая нізка вершаў Бензерука-старэйшага, “аздобленых” фотапартрэтам Бензерука-малодшага. Потым яшчэ доўга нашы агульныя знаёмыя пыталіся: “Дык усё ж, чые гэта вершы?”

Пра плаксівага Зайку

І ўсё ж воляй-няволяй Таццяна Сівец патрапіла ў яблычак. Самы першы друкаваны твор за подпісам: “Толя Бензярук, 5 гадоў,
в. Азято”, сапраўды быў вершаваны.
Яго надрукавалі ў далёкім ліпені 1974 года на старонках цудоўнага часопіса “Вясёлка”. Гэта быў верш-загадка, праілюстраваны выявай журботнага Зайчыка. А гучаў твор наступным чынам:

Зайчык скача, скача,
Зайчык горка плача,
Слёзы ільюцца
І ў зямлю кладуцца.

Самае смешнае, калі цяпер на літаратурных сустрэчах з дзецьмі задаеш гэту загадку, малыя адказваюць амаль імгненна: “Хмарка і дожджык”. А вось дарослыя, бывае, доўга чэшуць рэпу. Што зробіш: гора ад розуму…

Popularity: 1%

Top