Краязнавец, пісьменнік і журналіст

Краязнавец, пісьменнік і журналіст

Завейным аказаўся студзень 1969 года, калі ў доме цёткі Полі Гаравой у вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе кватаравалі школьныя настаўнікі Расціслаў і Вольга Бензерукі, з’явіўся новы жылец — будучы краязнавец, пісьменнік ды журналіст.
Калі хлопчыку споўнілася паўтара года, бацькі пераехалі працаваць у Жабінкаўскі раён, дзе прайшло Толева дзяцінства. Толькі ў 2012 годзе, калі яго запрасілі выступіць у летніку “Спадарожнік”, Анатоль Расціслававіч зноў пабываў у Бастыні. Цёткі Полі даўно няма ў жывых, але старэнькі дом захаваўся.
Яшчэ змалку Анатоль захапіўся гісторыяй, старанна вывучаў мінулае роднай зямлі. Таму выбар гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, куды пасля заканчэння сярэдняй школы юнак падаў дакументы, быў не выпадковы. У студэнцкія гады ён шмат працаваў у архівах, выязджаў на археалагічныя раскопкі, так што, калі ўлетку 1991 года ён вярнуўся на Жабінкаўшчыну, прывёз амаль дзясятак агульных сшыткаў, якія ўтрымлівалі звесткі пра наш край у мінулым.
Сем гадоў Анатоль Расціслававіч адпрацаваў настаўнікам гісторыі ў Якаўчыцкай сярэдняй школе, паспеў выдаць кнігу “Наш край — Жабінкаўшчына”, якая адразу стала падручнікам па вывучэнні роднага краю. Затым Анатоль Бензярук займаў пасаду метадыста па ахове помнікаў гісторыі і культуры, а з 2009 года стаў загадчыкам аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда”. Пачынаючы новую працу, Анатоль Расціслававіч завочна набыў сумежную спецыяльнасць журналіста ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Мне ў ліпені 2017 года выпала быць на практыцы ў жабінкаўскай раёнцы якраз пад ягоным кіраўніцтвам. Часта па зададзеным адрасе мы хадзілі ўдваіх. Я бачыла, як Анатоль Расціслававіч умее выклікаць прыхільнасць у чалавека, разгаварыць нават самага маўклівага суразмоўцу, часта задаўшы вельмі простае пытанне, з якога і пачынаецца гаворка.
Ён умела працуе са словам, доўга выбірае тое адзінае, якое загучыць у дадзеным кантэксце. Я не кажу ўжо пра энцыклапедычныя веды Анатоля Расціслававіча: ён пра кожны населены пункт ведае літаральна ўсё, як і пра многіх жыхароў. Напрыклад, з жабінкаўскай зямлёй цесна звязана імя Героя Двух Кантынентаў Тадэвуша Касцюшкі. Глыбока вывучыўшы жыццё і біяграфію слаўнага земляка, Анатоль Бензярук стаў аўтарам кніг “Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду” і “Крупчыцы. 1794 год”, быў уганараваны прэміяй Брэсцкага фонду Тадэвуша Касцюшкі. Пазней за свае краязнаўчыя працы ён атрымліваў Ганаровую грамату аблвыканкама (1998) і грамату Міністэрства культуры Беларусі (2002).
Анатоль Расціслававіч мае імпульсіўны характар: яму доўга не сядзіцца на адным месцы, ён пастаянна нешта шукае, нешта прапануе. Напрыклад, у 2016 годзе з яго ініцыятывы прайшлі раённы фестываль кнігі для дзяцей і юнацтва ды свята найстарэйшай вёскі Азяты, якой споўнілася пяцьсот, а пасля —
і свята горада: Жабінка ўрачыста адзначыла сваё 200-годдзе.
Анатоль Бензярук — сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар і складальнік дзесяці кніг гісторыка-краязнаўчага характару. За аповесць “Свята для сэрца” ён стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, а таксама рэспубліканскага конкурсу “Лепшы твор 2009 года” ў галіне дзіцячай літаратуры.
Яшчэ больш станоўчых водгукаў атрымала наступная аповесць Анатоля Бензерука “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”, прысвечаная вялікай Грунвальдскай бітве, калі адважныя славянскія рыцары здабылі волю для сваёй зямлі. У лютым 2013 года на нацыянальным конкурсе кніга была адзначана Дыпломам першай ступені і ганаровым знакам “Залаты фаліянт” у намінацыі “Літфармат”.
У асобе Анатоля Расціслававіча Бензерука знайшло поўнае ўвасабленне вядомае трыадзінства: краязнавец, журналіст, пісьменнік. Ён не толькі піша пра тое, што ляжыць, як кажуць, на паверхні, але й імкнецца заглыбіцца ў праблему, правесці сваё журналісцкае расследаванне. Анатоль Бензярук уяўляе сабою ўзор, як трэба працаваць кожнаму, і ў першую чаргу нам, маладым, хто імкнецца ступіць на журналісцкую сцяжыну.
Алена БАБРОВА, студэнтка ІІІ курса Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы.
На здымку: Анатоль БЕНЗЯРУК з дачкой Лізаветай.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Popularity: 1%

Top