Дабрачынны канцэрт у падтрымку Даніка Страшынскага

Дабрачынны канцэрт у падтрымку Даніка Страшынскага

Дзіцячыя сэрцы даюць надзею на выздараўленне
Дабрачынны канцэрт “Усе фарбы жыцця для цябе” адбыўся 3 лютага ў гарадскім Доме культуры. Райкам ГА “БРСМ”, аддзел па справах моладзі райвыканкама пры актыўным удзеле супрацоўнікаў культуры правялі акцыю ў падтрымку Даніка Страшынскага з пасёлка Ленінскі, якому тэрмінова патрэбна лячэнне за мяжою.
Партрэт чатырохгадовага Даніка перад глядацкай аўдыторыяй і поўны аншлаг у зале. На сцэне крышачку старэйшая за яго дзетвара ўзорных ансамбляў “Каруначкі” і “Дараносіца”, танцавальнага калектыву “Цукарынка”, салісты дзіцячай школы мастацтваў і цэнтра моладзевай і дзіцячай творчасці, а таксама фіналіст “Еўрабачання-2010” Данііл Казлоў. Радасць і прыемны настрой дарылі публіцы  таксама “Хмелеўскія валацугі”, а таксама лепшыя выканаўцы гарадскога Дома культуры.
— Мы з табою, Данік, — гаварылі ўсмешкі юных артыстаў, словы вядучых, шчырасць і спагадлівасць глядацкай аўдыторыі. Сімвалічна, што ў заключэнне мерапрыемства на сцэне апынуліся хлопчыкі і дзяўчынкі з запаленымі маленькімі свечкамі на далонях. Гэта быў знак надзеі і дапамогі маленькіх сэрцаў хлопчыку, якому гэта так патрэбна. І яе аказалі дарослыя: працоўныя калектывы цукровага і камбікормавага заводаў, дыстанцыі пуці, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншыя, хто выкупіў усе білеты на дабрачынны канцэрт. А яшчэ ў гэты вечар падыходзілі проста жыхары горада да касы Дома культуры, каб ахвяраваць свае хоць і невялікія, зберажэнні.
— Дабрынёй і міласэрнасцю людзі асвятлілі нам шлях да выздараўлення, — сказала па тэлефоне мама Даніка, Лада Мікалаеўна. — Дзякуй ім за падтрымку і ўважлівасць да нашай бяды.
Лада Страшынская з сынам не паспела прыехаць з Варшавы, таму што знаходзілася там на правядзенні чарговай дыягностыкі. Пасля паўгадавога лячэння ў Бараўлянах і праведзенай хіміятэрапіі Даніку патрэбна аперацыя за межамі краіны. Адна з клінік Ізраіля пагадзілася прыняць хлопчыка. Вось толькі патрэбны немалыя сродкі.
Калі яшчэ хто жадае ахвяраваць грошы на лячэнне Данііла Страшынскага, вось рахункі, на якія іх можна пералічыць: дабрачынны для лячэння Страшынскага Данііла Паўлавіча ў ААТ “Беларусбанк”, МФО 153001520, УНП 600052608 у беларускіх рублях: транзітны рахунак №3819382106086 на дабрачынны рахунак №000025, код валюты №974.

Тамара ЛІСІЧЫК.

На здымках: у час дабрачыннага канцэрта «Усе фарбы жыцця для цябе».

Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top