Саступілі толькі пружанцам

Святлана БЯЛЯК.
Падведзены вынікі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці цукровых буракоў у 2018 го-дзе. Пераможцамі яго прызнаны Пружанскі, Драгічынскі і Іванаўскі раёны. Яны атрымаюць дыпломы і грашовыя ўзнагароджанні ад 300 да 500 базавых велічыняў. Да слова, Жабінкаўшчына вырасціла на палях 85 тысяч тон салодкіх караняплодаў і заняла пятае месца ў абласной зводцы.
Сярод гаспадарак у ліку перадавікоў у вобласці значыцца адкрытае акцыянернае таварыства “Жабінкаўскі”, якое зусім крыху саступіла абсалютнаму лідару па вырошчванні цукровых буракоў на Брэстчыне — ААТ “Агра-Калядзічы” Пружанскага раёна. Дыплом за ганаровае другое месца і грашовая прэмія ў 180 базавых велічыняў — цудоўная ўзнагарода аграрыям ААТ “Жабінкаўскі” за руплівую працу.

Для таленту няма абмежаванняў

Вераніка Анташок вучыцца ў Жабінкаўскай спецшколе-інтэрнаце для дзяцей з аслабленым зрокам. Яна, на жаль, зусім кепска бачыць колеры гэтага свету. Аднак дзяўчынка ад нараджэння надзелена глыбокім адчуваннем музыкі і мае чароўны голас. Яна пастаянна развівае свае таленты — мілагучна спявае і вучыцца граць на фартэпіяна ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Авалодаць інструментам ёй дапамагае выкладчык Святлана Антановіч.
Нядаўна Вераніка прыняла ўдзел у V юбілейным рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, адкуль вярнулася з дыпломам лаўрэата ІІ ступені! Віншуем дзяўчынку з перамогай!

Удалыя выступленні баксёраў на турніры 

Алеся ДАБРАВЕСТ.
З 19 па 21 снежня ў Брэсце ў спартыўным комплексе “Алімп” прайшоў ІІ Міжнародны юнацкі турнір па боксе памяці А. Марозава. У ім прынялі ўдзел баксёры не толькі з Беларусі, але й Расіі, Літвы, Малдовы, Узбекістана. Гонар СДЮШАР Жабінкаўскага раёна на турніры абаранялі 11 нашых баксёраў. У выніку спаборніцтваў пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі: Максім Жураўлёў (54 кг), Юрый Галаваты (49 кг), Іван Ефлакоў (46 кг), Віктар Халтурын (38 кг), Ілля Мацвяюк (36 кг) і Павел Струк (32 кг). Другія месцы заваявалі Уладзіслаў Алексяюк (50 кг), Андрэй Шумінскі (41,5 кг) і Уладзіслаў Іваноў (40 кг). На трэцім месцы апынуліся Данііл Клюка (64 кг) і Максім Ткачук (56 кг).

Popularity: 1%

Top