Год прыходзіць новы – да святаў будзь гатовы!

Год прыходзіць новы – да святаў будзь гатовы!

Антон БЕРАСТОК.

Вось-вось наблізіцца ў чарговы раз той феерычны час, калі пад велічныя гукі курантаў ды пырскі залацістага шампанскага развітаемся са старым годам. Ён, перад тым як канчаткова сысці ў гісторыю, здасць варту году маладому, безбародаму, якому яшчэ толькі ў дарогу на цэлыя 365 дзён выбірацца!
Ну, што сказаць: мінулы год быў багаты на запамінальныя святы. Аднак і новы абяцае стаць не менш насычаным. Каб упэўніцца ў гэтым, па даўняй ужо традыцыі мы нетаропка пагартаем каляндарныя старонкі і спынімся на адметных датах і значных юбілеях. Тады й пераканаемся, што год чарговы зусім не жадае стаць шараговым!
БЯССПРЭЧНА, ГОД 2019-ы ў Беларусі будзе праходзіць пад знакам шырокага святкавання 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нездарма ён чарговы ў шэрагу Гадоў малой радзімы, абвешчаных прэзідэнцкім указам, таму будзе працягваць справы свайго папярэдніка ў вывучэнні мінулага, упрыгажэнні рэчаіснасці, у спадзяванні, што будучыня падорыць многа новых шчаслівых імгненняў.
Разам з тым неабходна прыгадаць і яшчэ адну прыкметную дату нашай вайсковай гісторыі, што моцна паўплывала на лёсы беларусаў і іх шматпакутнага краю. А менавіта — 1914 год, калі выбухнула Першая сусветная вайна.
Увогуле, для Брэстчыны год, што завяршаецца на дзявятку, заўсёды адзначаны значнымі юбілеямі і датамі. Прынамсі, не будзем забывацца пра восеньскія падзеі трыццаць дзявятага, калі ў адзінай савецкай дзяржаве злучыліся жыхары заходніх і ўсходніх земляў Беларусі.
Да таго ж, напрыканцы 1954-га (альбо роўна 65 гадоў таму) Брэсцкая вобласць пасля ўзбуйнення паўстала ў сённяшніх межах, і гэты юбілей таксама варты, каб пра яго памятаць і годна святкаваць.
Будзем трымаць у галаве, нарэшце, і самую важкую ды старажытную гістарычную падзею, што будзе адзначацца ўлетку 2019-га. Жабінцы як спадарожніку горада над Бугам таксама патрэбна ўжо пачынаць рыхтавацца да агульнага нашага свята — 1000-годдзя гістарычнага Берасця. Гэтую выдатную дату маштабна адсвяткуе ўся краіна напрыканцы ліпеня наступнага года.

 

* * *

А ВОСЬ ПАЧНЕЦЦА 2019-ы са стагоддзя Беларускай ССР. Створаная 1 студзеня 1919 года саюзная рэспубліка паўплывала на фарміраванне беларускай дзяржаўнасці і развіццё суверэннай краіны.

Неўзабаве асабісты юбілей адсвяткуе гісторык, журналіст, пісьменнік, супрацоўнік нашай раёнкі Анатоль Бензярук. 4 студзеня Анатоль Расціслававіч будзе адзначаць сваё 50-годдзе. Дарэчы, працягам святкаванняў у творчай сям’і ў наступным месяцы стануць 75-я ўгодкі нашага былога калегі, а цяпер актыўнага няштатнага карэспандэнта Расціслава Мацвеевіча Бензерука. З гэтай прычыны нагадаем: вядомы беларускі пісьменнік, аўтар шматлікіх кніг для дарослых і дзяцей нарадзіўся 27 лютага 1944 года на Жабінкаўшчыне. Яго малая радзіма — тая частка вёскі Стрыганец, што завецца зараз хутарамі Стрыганецкія Бусні.

Па традыцыі, што склалася апошнім часам, у сярэдзіне першага месяца, з якога пачынаецца год, свае чарговыя ўгодкі адсвяткуе і ўвесь наш край. Днём нараджэння Жабінкаўшчыны лічыцца 15 студзеня 1940 года, калі выйшла пастанова тагачаснага ўрада аб падзеле Заходняй Беларусі на 101 раён. Адным з іх і стаў Жабінкаўскі.

Сярод вайсковых ліхалеццяў, пра якія штогод згадваюць жабінкаўцы, вылучым таксама даты пачатку і заканчэння вайны ў Афганістане. Паміж лічбамі 1979 і 1989 — лёсы каля мільёна маладых салдат, што прайшлі за гэтыя гады “праз вогненныя горы і пяскі ў далёкім невядомым краі”. Трыццаць гадоў таму — 15 лютага 1989-га — час заканчэння гэтай вайны, на якой склалі свае галовы, між іншым, і больш за восем соцень беларускіх хлопцаў. У іх ліку — чацвёра, каго не дачакаліся жывымі ў жабінкаўскіх сем’ях. Але ж імёны Сяргея Грудніцкага і Валерыя Мігеля, Мікалая Мароза і Васіля Дудара дасюль памятныя сярод жыхароў раёна.

Налета будуць святкаваць 55-годдзе родных гаспадарак працаўнікі і ветэраны двух значных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны: 9 красавіка 1964 года было ўтворана сённяшняе ААТ “Рагазнянскі”, а
15 красавіка таго ж года — ААТ “Ракітніца”.

Цэлы шэраг паселішчаў Жабінкаўшчыны ў 2019 годзе адзначаць час першых сваіх згадак у пісьмовых крыніцах. Традыцыйна такі гістарычны дзень лічыцца за дзень узнікнення. Найбольш насычаным у гэтым плане будзе другі веснавы месяц.
Мяркуйце самі. У знакамітым прывілеі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога ад 25 красавіка 1509 года згадваюцца адразу тры населеныя пункты, размешчаныя зараз на жабінкаўскай зямлі: Сяхновічы, Арэпічы і Жыцінь. Такім чынам, ім неўзабаве спаўняецца па 510 гадоў! Чым не падстава для значных святаў? Тым больш, што ў Малых Сяхновічах зараз месціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей, вакол якога і павінна гуртавацца ўсё, што знітавана з нашым багатым мінулым.

А вось назвы суседніх вёсак Якаўчыцы (раней — Якоўчычы) ды Пруска ў афіцыйныя паперы загадала занесці сваім пісарчукам 13 красавіка 1534 года Жыгімонтава жонка — славутая каралева Бона Сфорца. Не цяжка падлічыць — набліжаюцца 485-я ўгодкі гэтых паселішчаў.

Але ж гісторыя ніколі не стаіць на месцы. Мінула яшчэ трыццаць пяць гадоў, і вось
16 красавіка 1589-га ўпершыню ў справаводстве Вялікага Княства Літоўскага, Рускага ды Жамойцкага знаходзім згадкі пра Грыцэвічы і Семенаўцы, Сцяпанкі ды Ханькі. У згаданы дзень сяляне з пералічаных вёсак сабраліся на суд паблізу маёнтка Сяхновічы, каб вырашыць розныя спрэчныя пытанні. Дзякуючы гэтай крымінальнай справе, звязанай з крадзяжом у панскім доме Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, і нам цяперашнім можна даведацца імёны некаторых шляхціцаў ды вяскоўцаў, што выступалі ў ролі сведкаў у копным судзе, распавядаючы пра заблытаную справу, якая адбылася ў далёкім ужо ХVI стагоддзі. Нават крыху і не верыцца, што мінула з тае пары ўжо амаль 430 гадоў…

Наступныя значныя даты зноў вяртаюць нас у ХХ стагоддзе.
У сярэдзіне першага летняга месяца споўніцца 70 гадоў ААТ “Хмелева”, якое было створана 14 чэрвеня 1949-га.

Адразу два сельсаветы, Крыўлянскі і Хмелеўскі, былі створаны 16 ліпеня 1954 года, а таму ў годзе, што надыходзіць, іх жыхары будуць святкаваць 65-я ўгодкі гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

Штогод 21 ліпеня жабінкаўцы розных пакаленняў з удзячнасцю ўспамінаюць падзеі лета 1944 года, калі наша зямля падчас буйной вызваленчай аперацыі Чырвонай Арміі назаўсёды была ачышчана ад нямецка-фашысцкіх акупацыйных войскаў.

Як ужо згадвалася, сто пяць гадоў таму —
1 жніўня 1914-га — пачатак Першай сусветнай вайны, што прынесла шмат бяды нашай зямлі. Жабінкаўшчына сапраўды абязлюдзела ў часы гэтага маштабнага ліхалецця. Таму немагчыма забывацца на падзеі той вайны.

Апошні летні месяц прынясе юбілейныя даты для медыкаў і працаўнікоў гандлю раёна. Паколькі менавіта ў жніўні 1944 года, альбо 75 гадоў таму, у Жабінцы запрацавала раённая бальніца і было створана раённае спажывецкае таварыства — на сённяшні дзень філіял “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”.

Паўстагоддзя свайго існавання (з 21 жніўня 1969 года) адзначыць адкрытае акцыянернае таварыства “Жабінкаўскі”.

А 1 верасня 1939-га, альбо 80 гадоў таму, Польская дзяржава, у складзе якой знаходзіўся тады наш край, зноў апынулася ў вогненным горне самай разбуральнай і крывавай у гісторыі Другой сусветнай вайны.

Аднак вераснёўскія падзеі 1939 года былі афарбаваны не толькі ў колеры вялікага знішчальнага ліхалецця. 17 верасня 1939 года — афіцыйная дата ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

У той жа самы дзень, 17 верасня, праўда, ў далёкім XVIII стагоддзі ў межах сучаснага Жабінкаўскага раёна адбылася падзея, якая таксама пакінула глыбокі след у сусветнай гісторыі. Маецца на ўвазе вядомая бітва на Вялікім Крупчыцкім полі. Неўзабаве міне 215 гадоў з таго дня. У напамін пра найбуйнейшае сутыкненне часоў Касцюшкаўскага паўстання ў сённяшняй вёсцы Чыжэўшчына знаходзяцца зараз абеліск у гонар воінаў-сувораўцаў, Свята-Уладзімірскі храм-помнік, збудаваны да стагоддзя бою, ды гожая мемарыяльная капліца.

Перагортваючы каляндар, нельга не згадаць з прыемнасцю і пра асабістае свята “Сельскай праўды”. 29 кастрычніка газета, карысная для многіх, адзначыць свае 75-я ўгодкі. Раёнка нарадзілася ў ваенны час, восенню 1944-га. За тры чвэрці веку свайго існавання яна стала сапраўды вялікім сябрам і дарадцам для многіх пакаленняў жыхароў жабінкаўскай зямлі, якія з задавальненнем падзеляць святочны настрой з супрацоўнікамі выдання, заўжды насычанага цікавымі паведамленнямі з мінулага і сённяшняга дня роднай Жабінкі ды яе наваколляў.

Напрыканцы сярод круглых дат, якімі вызначаецца надыходзячы год, хочацца назваць яшчэ 4 снежня 1939-га — дзень утварэння Брэсцкай вобласці.
Такім чынам, налета берасцейцы будуць святкаваць не толькі 1000-годдзе горада над Бугам, але й 80-я ўгодкі роднай вобласці. Несумненна, год наступны на Берасцейшчыне будзе знаходзіцца пад зоркамі шматлікіх запамінальных юбілеяў. Таму завершым пералік слаўных дат амаль па-піянерску: “Год прыходзіць новы — да святаў будзь гатовы!”

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top