Шмат цудаў у светлыя святы

Шмат цудаў у светлыя святы

Анатоль РОСТАЎ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Напярэдадні Новага года і Раства вучні Жабінкаўскай школы-інтэрната гучна віталі шматлікіх гасцей. І не толькі казачных, але й зусім рэальных — тых, хто сваім клопатам акружае дзяцей, якім патрэбна наша ўсебаковая дапамога.
НАВАГОДНЯЯ ЁЛКА ў інтэрнаце — заўсёды яркая дзея, падчас якой юныя выхаванцы дэманструюць свае багатыя таленты. Сёлета ў ролі арганізатараў свята выступілі шасцікласнікі са сваімі выхавальніцамі Аленай Ніканоравай і Аленай Бензярук.
Перад дарослымі і дзецьмі быў разыграны сапраўдны навагодні спектакль, які вяла Саша Якімовіч. Паблізу Ялінкі, дзе адбывалася прадстаўленне, акцёрскія здольнасці прадэманстравалі Аляксандр Нічыпарук, што хаваўся за шырокай барадой Дзеда Мароза, і яго ўнучка Снягурка ў выкананні Ані Міхалюк. Віця Падлескі ў вобразе Аладзіна шукаў сваю Прынцэсу, якую сыграла Ліза Бензярук. Дапамагаў у гэтых пошуках госцю з поўдня добры Джын, а шкодзіў злы Джафар. Ролі ўсходніх чараўнікоў цудоўна выканалі Сяргей Мінянкоў ды Вася Родкін.
Сапраўднае зачараванне ахапіла залу, калі закружыліся ў сваім зімовым танцы дзяўчынкі-сняжынкі з трэцяга і чацвёртага класаў. Выдатны настрой яшчэ больш узнялі вялікія карагоды вакол прыгажуні Ёлкі і спевы ў выкананні Веранікі Анташок, Насці Венска і Вані Рудзіча.
Каб казка стала быллю, зусім не лішняй была дапамога шматлікіх сяброў школы-інтэрната. Яны заўжды адгукаюцца на запрашэнні, а сваімі шчадротамі яшчэ могуць памерацца нават з самім Дзедам Марозам! Пры гэтым кожны з высокіх гасцей знаходзіў безліч цёплых шчырых слоў, каб павітаць маленькіх выхаванцаў, якія ад душы пляскалі ў далоні, весяліліся, гулялі.
Першым свае віншаванні выказаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён з задавальненнем дзякаваў дзецям, а асобна — педагогам і бацькам за тое свята, якое дарослыя штодня ствараюць для маленькіх навучэнцаў, літаральна вядуць іх па жыцці насуперак усялякім перашкодам. У дадатак раённы выканаўчы камітэт перадаў у дар школе лыжы, а юная артыстка Вераніка Анташок атрымала з рук кіраўніка раёна Ліст падзякі і мяккую цацку.
Са свайго боку, вядучы спецыяліст сектара аховы дзяцінства Галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Вольга Плескацэвіч перадала навучальнай установе сертыфікат на суму ў 5000 рублёў для набыцця новай мэблі.
Даўнія трывалыя сяброўскія сувязі ў школы-інтэрната з Камітэтам дзяржбяспекі па Брэсцкай вобласці. Гэтаму сяброўству ўжо тузін гадоў. І па добрай традыцыі з рук начальніка арганізацыі Сяргея Гладышава і старшыні абласнога Савета ветэранаў КДБ Мікалая Грыцука вучні атрымалі навагоднія саладосці, глобусы і сродкі на абсталяванне школьнай сталовай відэаназіраннем. У адказ дырэктар школы Аляксандр Кавальчук падзякаваў за клопат і павіншаваў супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі з іх прафесійным святам, якое штогод адзначаецца 20 снежня.
Не менш важны ўнёсак у росквіт навучальнай установы — з боку абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці. Пагэтаму ў адрас сяброў сваёй арганізацыі добрыя словы за добрыя справы пачуў і намеснік старшыні абкама Сяргей Ярацэвіч.
Сярод шматлікіх пажаданняў неаднойчы гучала слова “мір”. Каб дзяцінства было светлым і радасным, надзвычай добрую справу робяць супрацоўнікі РКП “Цэнтр утылізацыі артылерыйскіх і інжынерных боепрыпасаў”. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Аляксейчык таксама быў сярод гасцей і выказаў словы ўдзячнасці дзецям, якія ўразілі яго сваёй мужнасцю, непасрэднасцю і талентамі. Такім чынам дзеці атрымалі навагоднія падарункі ды выдатны настрой, якога павінна хапіць на цэлы год, што вось-вось пераступіць праз парог.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro