Турызм у міжсезонне

Турызм у міжсезонне

Штогод Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі збірае напачатку снежня ў сваіх сценах прадстаўнікоў усіх школ нашага раёна на конкурсе «Турысцкая творчасць», каб выявіць лепшых арыенціроўшчыкаў Жабінкаўшчыны, якія ў далейшым пакажуць свае ўменні ў абласных спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні ў зале. Конкурс праводзіўся калектывам РЦТДіМ і раённага камітэта ГА «БРСМ».
Спартыўнае арыентаванне ў стылі «арыент-шоу» (невялікі лабірынт з мноствам кантрольных пунктаў) для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізаваў Алег Копаць, майстар спорту і суддзя рэспубліканскай катэгорыі па спартыўным арыентаванні. Таксама дзякуючы яго намаганням была выкарыстана электронная сістэма SPORTident для адзначэння на кантрольных пунктах. Кожны ўдзельнік мог адразу ж убачыць свой час і занятае месца, вызначыць магчымыя памылкі. Першыя месцы ў сваіх катэгорыях заваявалі Андрэй Чарнак (Старасельская сярэдняя школа) і На-дзея Чэчалева (сярэдняя школа № 2 Жабінкі).
Этап «Тэхніка фігурнага кіравання веласіпеда» быў арганізаваны майстрам веласпорту на шашы і трэку Уладзімірам Кудраўцом, а судзейства забяспечвала першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Валерыя Маркоўская. Дадатковую складанасць для ўдзельнікаў стварала марознае надвор’е, якое стаяла ў той дзень. Але яно не змагло перашкодзіць спартсменам паказаць высокія вынікі. Лепшым сярод юнакоў стаў Ілля Пясецкі (Хмелеўская сярэдняя школа), а сярод дзяўчат — Ніна Неваднічык (Старасельская сярэдняя школа).
Кожнаму чалавеку, а турысту асабліва, важна ведаць і ўмець прымяняць розныя вузлы. Для выяўлення лепшых у гэтай справе быў праведзены этап «Вязка вузлоў». І тут ізноў лепшым стаў Андрэй Чарнак.
«Турысцкая творчасць» ніколі не абыходзіцца без інтэлектуальнага конкурсу. У гэтым годзе падобны этап прайшоў у выглядзе фотавіктарыны «Вандруем па раёне», падрыхтаванай і праведзенай Аленай Скрыпкай, галоўным сакратаром раённага конкурсу «Турысцкая творчасць», і аўтарам гэтых радкоў — галоўным суддзёй мерапрыемства. Сярод 28 сучасных і гістарычных фатаграфій Жабінкаўскага раёна неабходна было пазнаць архітэктурныя, прыродныя і культурныя аб’екты нашага краю. Лепшым краязнаўцам аказалася Марыя Мешчанчук (СШ № 2 Жабінкі), якая дакладна адказала на 22 з 28 пытанняў.
У выніковым заліку першынствавала каманда Старасельскай сярэдняй школы, другое месца занялі прадстаўнікі другой гарадской, трэцяе — сярэдняй школы № 3 Жабінкі. Пераможцам і прызёрам у конкурсах былі ўручаны дыпломы аддзела па адукацыі райвыканкама і прызы ад РК ГА «БРСМ» і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Асаблівую падзяку неабходна выказаць дырэктару цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіне Івановай за якасную арганізацыю мерапрыемства, стварэнне ўтульнай добразычлівай атмасферы.
Падобныя мерапрыемствы заўсёды выклікаюць мора станоўчых эмоцый у іх удзельнікаў і з’яўляюцца добрай падрыхтоўкай перад першынством Брэсцкай вобласці па спартыўным арыентаванні ў зале, дзе каманда Жабінкаўскага раёна ўпершыню за доўгі час будзе ўсур’ёз разлічваць на медалі.
Антон ПАЦАЙ, метадыст па турызме Жабінкаўскага РЦТДіМ.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top