Як засцерагчы дзяцей ад бяды?

Як засцерагчы дзяцей ад бяды?

Адсутнасць кантролю з боку дарослых у большасці выпадкаў становіцца прычынай разнастайных траўмаў, якія атрымліваюць дзеці!
Як толькі малыш пачынае хадзіць, узрастае колькасць патэнцыйна небяспечных месцаў для яго, дый прадугледзець усё немагчыма. Здавалася б, дом ужо самае бяспечнае месца, але па статыстыцы менавіта тут маленькія дзеці часцей за ўсё атрымліваюць траўмы. Небяспека падпільноўвае на кожным кроку: любая пакінутая на краі пліты гарачая каструля або незамацаваная паліца можа стаць прычынай бяды. Акрамя таго, цікавасць у дзіцяці могуць выклікаць таблеткі, батарэйкі, любыя небяспечныя вадкасці.
Каб пазбегнуць сумных наступстваў, рэкамендуем прыбіраць далей ад дзяцей рэчы, якія могуць быць небяспечнымі, у тым ліку ўпрыгажэнні, гузікі, шпількі і “невідзімкі”, манеты. Асаблівую ўвагу надайце кухні: схавайце нажы, нажніцы і запалкі туды, дзе іх не дастануць вашы сыны і дачушкі. Яшчэ адно месца павышанай небяспекі — вокны і балконы. Пастаўце заглушкі або здымныя ручкі, каб малыя не маглі самастойна іх адкрыць.
Распаўсюджанай прычынай гібелі і траўматызму дзяцей становяцца “эксперыменты” з запалкамі і запальнічкамі. Раскажыце свайму дзіцяці аб тым, наколькі можа быць небяспечны агонь! У гэтым годзе бяда адбылася ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна, дзе на пажары загінула двухгадовае дзіця. Прычынай здарэння стала гульня з агнём. У Пружанскім раёне з гэтай прычыны загінуў 12-гадовы хлопчык.
Растлумачце дзецям, якую небяспеку ўтойваюць эксперыменты з лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі і піратэхнічнымі сродкамі, без якіх не абыходзяцца зімовыя святы. І, вядома, самі будзьце прыкладам для дзяцей. Яны хутчэй прыгледзяцца да ўчынкаў, чым прыслухаюцца да парад, таму выконвайце правілы бяспекі разам!
Ганна УСЦЬЯНЧЫК, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top