У “кузні” ўраджаю (Жабінкаўскі раён)

У “кузні” ўраджаю (Жабінкаўскі раён)

Машынны двор сельгасвытворчага кааператыву “Вазнясенскі” з канца восені мінулага года нагадвае кампактны гарадок з мехмайстэрняй, павецямі і гаражамі для тэхнікі, заправачнай і мыйнай станцыямі, перанесенымі, дарэчы, у больш зручныя месцы, бытавымі і службовымі памяшканнямі. Дагледжаны і абгароджаны. Абнаўленне ў той ці іншай ступені закранула кожную пабудову, а найбольшы аб’ём работ быў выкананы ў механічнай майстэрні — кузні ўраджаю, як слушна і трапна апавяшчае транспарант на яе тарцовай сцяне, бачны ўжо з варотаў двара. Тут, як і ў сапраўднай кузні, не бывае холадна — не толькі за ўвішнаю працаю рамонтнікаў, якія рыхтуюць тэхніку да вясны, але і дзякуючы пастаяннаму і надзейнаму паравому ацяпленню. Належныя ўмовы працы і быту людзей — гэта было галоўным клопатам праўлення гаспадаркі і яе новага старшыні Надзеі Рыгораўны Кандрацюк. З першых дзён на гэтай пасадзе кіраўнік занепакоілася мехмайстэрняй: няма ацяплення, душа, хоць якога ўмывальніка, не абсталяваны вучэбны клас.
— Ну, і ўзяліся за справу, — задаволена згадвае цяпер Надзея Рыгораўна. — Пагодлівая восень спрыяла нам, прыкметную дапамогу аказала прыватнае прадпрыемства “Жабінкасантэхбуд”, а многае рабілі сваімі рукамі: ніхто не адмаўляўся ні бяліць, ні фарбаваць…


Абнаўленне будынкаў і памяшканняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі каштавалі немалых грошай, аднак затраты апраўдаліся вынікам — добрымі ўмовамі захоўвання, абслугоўвання і рамонту тэхнікі; фінансавыя выдаткі вярнуліся падарункам аблвыканкама — трактарам МТЗ-1221, які СВК “Вазнясенскі” атрымаў за другое месца ў абласным аглядзе гатоўнасці сельскагаспадарчых калектываў да працы ў зімовы перыяд і да палявых работ 2012 года.
Як жа ў гаспадарцы ідзе падрыхтоўка тэхнікі да вясны? Поўным ходам і плённа, бо трымаецца акурат на добрых умовах, а таксама на прадуманай арганізацыі працы. Старшыня СВК расказвае:
— Загадзя зацвердзілі ўмовы аплаты працы рамонтнікаў, і яны ведаюць, колькі каштуе рамонт кожнага агрэгата ў залежнасці ад яго тэхнічнага зносу. Цэны сёння, вядома, “кусаюцца”: два каткі для АКШ, скажам, цягнуць на чатыры мільёны рублёў, таму важна правільна размеркаваць сродкі. З абласнога бюджэту нам выдзелена сорак мільёнаў, палову з іх накіравалі ў райсельгастэхніку для рамонту нашых збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, другую палову — у аблсэрвіс для забяспечанасці запчасткамі. Завозім патрэбныя запчасткі і самі аднаўляем глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку. Пры гэтым пэўны агрэгат ладзіць той механізатар, хто будзе выкарыстоўваць яго на сяўбе, так што ён зацікаўлены ў якасным рамонце. Заняты гэтай работай іншыя спецыялісты: майстар-наладчык, токар, газаэлектразваршчык. Кіруе ўсімі работамі галоўны інжынер Васіль Пятровіч Альшанец і інжынер машынна-трактарнага парку Уладзімір Сцяпанавіч Омесь.
Як сказала далей Надзея Рыгораўна, праца спорыцца. На лінейку гатоўнасці пастаўлены ўжо адзін культыватар, адзін АКШ, наладка яшчэ аднаго заканчваецца. Так што на веснавыя палеткі сельгаскааператыў выйдзе своечасова і ва ўсеўзбраенні, пры гэтым — на трывалы грунт, закладзены з восені. З асеннімі палявымі работамі “Вазнясенскі” справіўся ў агратэхнічныя тэрміны і закончыў іх першым у раёне. Азімыя радуюць, перасяваць якія-небудзь участкі не давядзецца, паколькі пасеяныя былі ў час. Гэтак жа паспяхова быў узараны ўвесь яравы клін, унесены арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Вывазка арганікі і нарыхтоўка тукаў працягваюцца. Ужо 210 мільёнаў рублёў выдаткавана на азотныя ўгнаенні, прычым стаўка робіцца ў асноўным на КАСС. Тэхнікі ў гаспадарцы дастаткова, а пра папаўненне механізатарскіх кадраў тут клапоцяцца ўжо зараз — падалі заяўкі адразу ў некалькі прафесійна-тэхнічных вучылішчаў (каледжаў). Разлік на прыцягненне дадатковых сіл апраўдаўся, прынамсі, летась: пяць наёмных механізатараў і два навучэнцы-практыканты вельмі дапамаглі на восеньскай сяўбе. Што ж да членаў кааператыву, дык надзея ўскладваецца перш за ўсё на Алега Дзенісовіча і Пятра Чмуневіча, якія зарэкамендавалі сябе добрымі і аратымі, і сейбітамі. Зрэшты, старшыня Н.Р.Кандрацюк не схільная надта “ўзвышаць” каго-небудзь над астатнімі:
— Ведаеце, я задаволеная ўсім калектывам “Вазнясенскага”. Старанных, працавітых, кемлівых, проста не змагу пералічыць, у тым ліку на рамонце тэхнікі. Вось Рыгор Буян. Звычайна ён не кінецца шукаць адразу новую, заводскую запчастку, каб замяніць старую. Падумае: а мо яе можна ўтаніць, змайстраваць самім?.. Так і астатнія. Усе разумеюць задачы, якія стаяць перад калектывам. Яшчэ ні ад кога, здаецца, я не пачула “не”, паверце.
Сапраўды, напружаныя перадвясеннія хлебаробскія клопаты “вазнясенцаў” скіраваны сёння на ажыццяўленне высокай мэты: атрымаць з ураджаю 2012-га не менш чым пяць тысяч тон збожжа — перавысіць леташні паказчык на 1,8 тысячы тон. І кожны разумее, што ўжо сёння, ідучы насустрач вясне, трэба набліжаць гэты рубеж.

Кастусь АЛЕСІЧ.
На здымках: старшыня СВК «Вазнясенскі» Надзея Рыгораўна Кандрацюк; за рамонтам АКШ В.Мацвяйчук і А.Мельнік.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top