Пабудавалі. А што захоўваць?

Пабудавалі. А што захоўваць?

Калісьці кіраўнік нашай дзяржавы паставіў задачу пабудаваць сучасныя бульбасховішчы. Пабудавалі. У выніку, як паказалі кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, праведзеныя Камітэтам дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці, сёння ў аграгаспадарках Берасцейшчыны бульбасховішчы, пабудаваныя і ўведзеныя ў эксплуатацыю ў рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства ў 2011-2015 гадах, не загружаны пад поўную праектную магутнасць, а вытворчасць бульбы не з’яўляецца эфектыўнай пры існуючай тэндэнцыі зніжэння пасадачных плошчаў.
Напрыклад, у ААТ “Арэпічы” Жабінкаўскага раёна на 29 кастрычніка бягучага года ў бульбасховішчы ўмяшчальнасцю 3 тысячы тон (уведзена ў эксплуатацыю ў 2011 годзе) было закладзена 355 тон бульбы (11,8 % ад праектнай магутнасці). Фактычная загрузка сховішча бульбай у перыяд яго эксплуатацыі складала ад 17,1 % (2016 год) да 48,0 % (2014 год).
Пры гэтым у “Арэпічах” на працягу некалькіх гадоў атрыманы нізкія вытворча-эканамічныя паказчыкі вырошчвання бульбы, назіраецца зніжэнне плошчаў яе пасадкі (у 2015 годзе пад бульбу было адведзена 105 гектараў, рэнтабельнасць склала мінус 29,1 %; у 2016-м — 90 гектараў (мінус 75,5 %), у 2017-м — 90 гектараў (мінус 67,6 %), сёлета — 50 гектараў.
У бульбасховішчы ААТ “Ружаны-Агра” Пружанскага раёна ўмяшчальнасцю 5 тысяч тон (уведзена ў эксплуатацыю 31 кастрычніка 2011 года) на 30 кастрычніка сёлетняга выкарыстоўваліся толькі пяць з васьмі наяўных аддзяленняў, у якіх захоўвалася 3328 тон бульбы (66,6 % ад праектнай магутнасці). За час эксплуатацыі бульбасховішча мінімальная фактычная загрузка бульбай назіралася ў 2016 годзе (28,9 %), максімальная — у 2012-м (101,2 %).
У ААТ “Ружаны-Агра” таксама назіраецца нізкая эфектыўнасць вытворчасці бульбы і змяншэнне плошчаў пад яе пасадку. Пры гэтым на корм жывёле ў 2015 годзе было спісана 1968 тон бульбы, ці 41,6 % ад валавага збору, у 2016-м — 2659 тон бульбы (42,3 %), летась — 355 тон (7,0 %).
У ААТ “Усход-Камянец” Камянецкага раёна на 31 кастрычніка сёлета ў бульбасховішчы ёмістасцю 2,8 тысячы тон (уведзена ў эксплуатацыю ў 2016 годзе) было закладзена 235 тон бульбы (8,4 % ад праектнай магутнасці). Бульба захоўвалася ў дзвюх камерах з шасці наяўных, дзве камеры ўвогуле не працуюць (адсутнічае ўстройства вентыляцыі і мікраклімату) і дзве камеры пустуюць.
Акрамя таго, у ААТ “Усход-Камянец” 2170 кантэйнераў для захоўвання бульбы (80,4 % ад агульнай колькасці), набытых за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і крэдытаў, не выкарыстоўваюцца.
Як бачым, змяншэнне пасадачных плошчаў бульбы прывяло да недазагрузкі наяўных бульбасховішчаў, а таксама да неэфектыўнага выкарыстання грашовых сродкаў.
Па выніках кантрольна-аналі-тычных мерапрыемстваў адпаведная інфармацыя для прыняцця мер накіравана Камітэтам у мясцовыя выканаўчыя органы.
Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top